Выбары-2012: «Спадзяваньняў на рэгістрацыю ўсё меней…»

На гэтым тыдні завершыцца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сярод вылучэнцаў нямала і прадстаўнікоў апазыцыі. Але многія зь іх лічаць, што спадзяваньняў на рэгістрацыю кандыдатамі ў іх амаль няма.

Барысаў

Галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, паведаміў сёньня «Свабодзе», што сутыкнуўся з адміністрацыйным уціскам з боку мясцовых чыноўнікаў:

Букас: «Зараз зрэзалі вулічную шыльду над рэдакцыяй…А ўчора да мяне прыяжджалі супрацоўнікі мясцовай улады наконт агароджы вакол дома. Чыноўнікі запэўнівалі, што нібыта ёсьць рашэньне Барысаўскага райвыканкаму на знос гэтай агароджы. Таму я таксама ўчора накіраваў сваю скаргу ў суд Барысаўскага раёну. Але прашу, каб гэты разгляд вёўся у судзе Крупскага раёну, бо мясцовыя ўлады могуць неяк паўплываць на рашэньне суду.

Таксама гэтымі днямі я забраў у Дзяржаўтаінспэкцыі талён на права кіраваньня аўтамабілем, паколькі мяне сёлета ў ліпені наўмысна пазбавілі пасьведчаньня кіроўцы. І калі я зьвярнуўся са скаргай у Вярхоўны суд, то той адмяніў пастанову начальніка Барысаўскай ДАІ, а таксама рашэньне Барысаўскага райсуду й Менскага абласнога суду…»

Карэспандэнт: «Гэта дае Вам спадзяваньні на тое, што рэгістрацыя ў якасьці кандыдата адбудзецца?»

Букас: «Я ад 1995 году вылучаўся кандыдатам у дэпутаты. Гэта агулам адбывалася 8 разоў. І толькі двойчы рэгістрацыя адбывалася на месцы, а ў астатнія 6 разоў мне давялося зьвяртацца ў ЦВК, і толькі тады ў акруговай камісіі сытуацыю выпраўлялі. Таму і гэты раз вялікіх спадзяваньняў у мяне няма…»


На Гарадзеншчыне назіральнікі ад Беларускага Хэльсынскага камітэту сьведчаць, што сутыкаюцца з праблемамі атрыманьня інфармацыі ў выбарчых камісіях, у той час, калі назіральнікам ад СНД у камісіях прадстаўляюць поўную інфармацыю.

Вялікая Бераставіца

Назіральнікі ад Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Горадні Раман Юргель і Алег Рамашкевіч зь Вялікай Бераставіцы пісьмова зьвярнуліся ў выбарчыя камісіі з просьбай удзельнічаць у праверцы подпісаў і іншых дакумэнтаў, прадстаўленых прэтэндэнтамі ў кандыдаты.

Абодва атрымалі аднолькавыя адказы, у якіх гаворыцца, што прысутнічаць пры падліку галасоў яны могуць, а правяраць подпісы і іншыя дакумэнты ня маюць права.

Раман Юргель з гэтым не згаджаецца, кажа, што камісіі спасылаюцца на артыкул 13-ты выбарчага кодэкса, але і праваабаронцы таксама спасылаюцца на гэты ж артыкул, паколькі там запісана, што выбары павінны быць празрыстымі.

Юргель: «Тэхнічна ў законе гэта не прапісана. Гэта значыць, не забаронена, а залежыць ад рашэньня старшыні камісіі. А паколькі ўсе камісіі працуюць пад кіраўніцтвам ЦВК, то, напэўна, паўсюдна атрымалі загады, каб нас не дапускаць да праверкі подпісаў выбарцаў і дакумэнтаў вылучэнцаў у кандыдаты».

У той самы час, паводле Юргеля, назіральніку ад краінаў СНД Сяргею Камянецкаму, былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў, была прадстаўлена поўная інфармацыя аб выбарчым працэсе ў камісіях Горадні.

Юргель: «Ён аб’езьдзіў усе акруговыя камісіі ў Горадні, і ўсюды яму дазволілі азнаёміцца з дакумэнтамі, зь якімі нам не даюць магчымасьці азнаёміцца. Гэта інфармацыя з афіцыйнай абласной газэты, а таму яе можна лічыць афіцыйнай».


Магілёў

Скаргі — зброя супраць незалежнага вылучэнца
У Магілёве на незалежных прэтэндэнтаў у акруговыя камісіі паскардзілася кіраўніцтва жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства. Заяўнікі вінавацяць сяброў іх ініцыятыўных груп у тым, што яны парушалі парадак у інтэрнатах, калі зьбіралі подпісы.

На незалежнага прэтэндэнта Леаніда Падбярэцкага, якога падтрымлівае грамадзянская кампанія «Гавары праўду», у акруговую камісію № 84 паступілі дзьве скаргі. Адміністрацыя прадпрыемства, паводле Падбярэцкага, вінаваціць сяброў яго ініцыятыўнай групы ў тым, што яны намагаліся праварвацца ў інтэрнат, каб зьбіраць подпісы, ігнаруючы тлумачэньні, што гэтым яны перашкаджаюць адпачываць жыхарам.

Падбярэцкі: «Яны хочуць з дапамогай гэтых скаргаў зрабіць мне папярэджаньне, бо другое папярэджаньне — гэта зьняцьце цябе з выбарчай дыстанцыі. Я ім стаў небясьпечны, наколькі я зразумеў. Калі яны вынесуць мне папярэджаньне, я тут жа зьвярнуся ў суд. Гэтыя інтэрнаты — вотчына чалавека, які зьяўляецца дзейным дэпутатам».

Высьветліць, што канкрэтна парушылі сябры ініцыятыўнай групы Падбярэцкага ў жыльлёва-эксплюатацыйным прадпрыемстве, не ўдалося. Гаварыць на гэтую тэму адмовіліся. Прадстаўнік адміністрацыі заявіў:

«У камандзе мы ні з кім не працуем. Мы працуем у камандзе з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і ў камандзе з законамі Рэспублікі Беларусь».

Другі вылучэнец на дэпутацтва, на якога паскардзіліся ў акруговую камісію № 85, прыхільнік «Руху за свабоду» Уладзімер Пунчанка вінаваціць саміх скаржнікаў у тым, што менавіта яны перашкаджалі сябрам ініцыятыўнай групы зьбіраць подпісы ў яго падтрымку, чым парушылі выбарчае заканадаўства:

«На мяне нагаварылі, што я намагаўся прарвацца ў інтэрнат для збору подпісаў, што размахваў пашпартам, — карацей, неадэкватна сябе паводзіў. Я скаргу напісаў таксама, што гэта ўсё нагаворы чыстай вады. Я так разумею, што тут задзейнічаны розныя выбарчыя тэхналёгіі. Зразумела, супернікі ёсьць супернікі».


Віцебск

Забаранілі 15 пікетаў пра байкот выбараў
У Віцебску забаранілі 15 пікетаў пра байкот выбараў. Мясцовыя сябры КХП БНФ падавалі па 5 заявак у тры раённыя адміністрацыі абласнога цэнтру, але адусюль атрымалі адмовы.

Пра прычыны мясцовай канфліктнай сытуацыі «Свабодзе» паведаміў партыйны актывіст Ян Дзяржаўцаў:

«З тае нагоды, што выбараў у нас фактычна няма, што выбары — гэта „лахатрон“, падалі заяўкі тры чалавекі. Падалі на пікеты ў месцах, вызначаных уладамі. І ўсім ім адмовілі».

Паводле Яна Дзяржаўцава, прычына адмовы стандартная: да заявак не прыклалі дамовы з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі на абслугоўваньне імпрэзаў. Як сьведчыць папярэдні досьвед, такія дамовы з апазыцыянэрамі заключаць адмаўляюцца, чакаючы «вэрдыкту» ўладаў.

Пікеты меліся адбыцца падчас агітацыйнай кампаніі, але ў Цэнтрвыбаркаме лічаць, што падобныя акцыі да выбараў дачыненьня ня маюць, і таму тут ня дзейнічае спрошчаны парадак правядзеньня, як у агітацыйных пікетаў. Такі адказ атрымаў Ян Дзяржаўцаў, калі запытваўся ў ЦВК, як праводзіць пікеты за байкот:

«Мы падавалі заяўкі на час агітацыйнай кампаніі. Але ёсьць рашэньне Цэнтрвыбаркаму, што гэта нібыта самыя звычайныя пікеты, і да кампаніі яны ня маюць дачыненьня. Але з пачаткам агітацыйнай кампаніі мы ўсё адно будзем ладзіць пікеты, раздаваць нейкія матэрыялы, размаўляць зь людзьмі»…

Такім чынам, ладзіць пікеты віцебскія актывісты КХП БНФ плянуюць, нават нягледзячы на забарону.