Андрэй Юркоў, грамадзкі і палітычны дзеяч з Горацкага раёну, напэўна, найбольш адпавядае назьве нашай праграмы — «Нестандартны кандыдат». Рэч у тым, што ён першы ўдзельнік гэтай перадачы, які, як выглядае, сапраўды спадзяецца перамагчы на гэтых выбарах
Нестандартны кандыдат
Юркоў: Мы ў рэгіёнах — непрафэсійныя палітыкі. Палітыка — гэта наш абавязак перад нашай зямлёй, суседзямі, сябрамі, аднадумцамі. Трэба жыцьцё рабіць лепей. І калі пачаліся спрэчкі наконт выбараў, і ў людзей столькі было імпэту на гэты конт, пра ўдзел і няўдзел, што ў мяне склалася ўражаньне, што лепш бы гэты імпэт на іншае прымянілі. Напрыклад, на сустрэчы з народам, на абыход кватэр.
Трэба змагацца! Выбары — гэта легальная магчымасьць абысьці тысячы кватэр, легальная магчымасьць пагаманіць з тысячамі людзей. Я ўжо трэці раз іду ў нашым рэгіёне, і таму пазнавальнасьць у мяне нармальная. Таму галоўная мэта — гэта сабраць па максымуме подпісы.
Цыганкоў: Калі вы казалі пра імпэт у спрэчках — ці азначае гэта закід у бок прыхільнікаў байкоту?
Юркоў: Я ўвогуле не разумею, навошта брахацца паміж сабой. Мы, напрыклад, лічым, што ў нашым рэгіёне байкот правесьці нерэальна. Можа, у Менску там 70 працэнтаў за байкот — на здароўе, але ня ў нас. Пасьля таго, як я зарэгістраваўся, прыхільнікі байкоту так пачалі мяне паліваць розным брудам ў інтэрнэце, што я зьдзіўляўся. Думаю: хлопцы, у вас столькі энэргіі, абыдзіце — лішнюю сотню кватэр, агітуйце іх за байкот.
Цыганкоў: Ваш намер пайсьці на выбары было толькі вашым асабістым рашэньнем, а не таму, што гэтак вырашыў рух «За свабоду», які вас падтрымлівае?
Мы сабралі каля 2800 подпісаў. Калі чалавек ставіць свой подпіс — гэта нават важней, чым калі ён галасуе. Бо гэтым чалавек паказвае ўладам, што ён за пераменыАндрэй Юркоў
Юркоў: Рух «За Свабоду» не імкнецца камусьці навязваць нейкія свае рашэньні. І мне гэта вельмі падабаецца. Рух ня ставіць нейкіх загадаў, абмежаваньняў, заўсёды падтрымлівае любыя нашы ініцыятывы з рэгіёнаў.
Цыганкоў: Дык усё ж якая ваша галоўная асабістая мэта на гэтых выбарах?
Юркоў: Мы сабралі каля 2800 подпісаў. Калі чалавек ставіць свой подпіс — гэта нават важней, чым калі ён галасуе. Бо гэтым чалавек паказвае ўладам, што ён за перамены. Усе ведаюць, што я прыхільнік рэформаў. І таму, калі чалавек ставіць свой подпіс, то ўжо робіць гэтым пэўную заяву, што ён супраць таго, што цяпер адбываецца ў краіне.
Ведаеце, калі гэтую стрэльбу не зараджаць, то яна ніколі ня стрэльне. Калі б я, напрыклад, не вылучаўся, то што б зрабіла вэртыкаль? Выставілі б сваіх трох кандыдатаў, вось вам і дэмакратычныя празрыстыя выбары ў акрузе.
Людзі сталі падпісвацца значна лепей. Усё ж такі 2011 год стаў халодным душам для многіх, даверу да ўладаў вельмі мала. Максымум чвэрць людзей адмаўляе нам у подпісах, бо выступае за ўладу. А палова з задавальненьнем падпісваюцца.
Цыганкоў: Дык вы сапраўды спадзеяцеся, што можаце выйграць гэтую кампанію? Вы, напэўна, першы ўдзельнік перадачы, які разьлічвае перамагчы на гэтых выбарах...
Юркоў: Я даю 200 працэнтаў гарантыі, што калі мы ня будзем удзельнічаць, то ніколі выбары ня выйграем. А калі будзем удзельнічаць, то, як у знакамітым анэкдоце, верагоднасьць 50 на 50 — альбо выйграем альбо ня выйграем.
Па настроях людзей я бачу, што, напэўна, першы раз за ўсе мае 3 спробы рэальныя шанцы ёсьць. Як там будзе лічыць улада — гэта іншае. У 2004 ці 2008 годзе палова людзей нас ледзь не выганяла з хат — мы за Бацьку, а вы замінаеце. Зараз сытуацыя памянялася. Зараз людзі рэальна хочуць пераменаў, прытым незалежна ад узросту.