Павал Севярынец патрабуе пакараць цэнзараў

Павал Севярынец на хіміі. Вёска Куплін

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, палітвязень Павал Севярынец напісаў дзьве скаргі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС і Генэральную пракуратуру на тое, што палітвязьням Яўгену Васьковічу і Міколу Статкевічу без тлумачэньня прычынаў забаранілі зь ім перапіску.

Павал Севярынец патрабуе аднавіць перапіску з Васьковічам і Статкевічам, а таксама пакараць цэнзараў, якія парушаюць закон, паведамляе БХД.

«У лістах — словы падтрымкі і цытаты зь Бібліі. Няўжо з сталінскіх часоў у турмах нічога не зьмянілася і хрысьціянства па-ранейшаму пад забаронай?» — пытаецца ў сваіх зваротах палітык.

Палітвязьню, былому кандыдату ў прэзыдэнты Мікалаю Статкевічу і актывісту БХД, палітвязьню Яўгену Васьковічу забаранілі ліставацца з Паўлам Севярынцам. Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч апавяла, што яе мужу перадалі капэрту, дзе замест ліста ад Севярынца ляжаў аркуш, на якім было напісана, што перапіска забаронена.