Вадзім Казначэеў у сярэдзіне 90-х быў адным з найбольш яркіх публіцыстаў у газэце «Свабода» Ігара Герменчука. Пасьля закрыцьця выданьня працаваў у структурах АГП, пісаў артыкулы для розных выданьняў. На гэтых выбарах Вадзім вылучаны кандыдатам (ці правільней казаць, «сьпікерам») ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Нестандартны кандыдат
Казначэеў: Не. На маю думку, у нашых умовах я б назваў гэта аптымальным фарматам. Поўны байкот наўрад ці быў бы правільным, бо патрэбныя камунікацыі з людзьмі. А ісьці на выбары, якіх няма, — гэта таксама няправільна. Таму нічога больш прадуктыўнага за абраны фармат я б і сам не прыдумаў.
Цыганкоў: А якую камунікацыю з насельніцтвам прадугледжвае гэты фармат? Подпісы кандыдаты ад АГП не зьбіралі. Як вы думаеце даносіць да насельніцтва той мэсыдж, які вызначыла АГП?
Казначэеў: Па-першае, гэта выступы па радыё і ТБ, у газэтах. Такой магчымасьці ў апошні час у нашай краіне няма. Па-другое, можна праводзіць пікеты, сустракацца з людзьмі і даносіць сваю пазыцыю.
Цыганкоў: Дасюль у грамадзтве працягваецца гарачая дыскусія паміж прыхільнікамі поўнага байкоту і прыхільнікамі розных формаў удзелу ў выбарах. Што б вы адказалі тым прыхільнікам байкоту, якія заяўляюць, што нават варыянт удзелу, абраны АГП, вядзе да пэўнай легітымізацыі гэтых выбараў?
Казначэеў: Я б адказаў, што гэта зусім ня так. Мы ад пачатку гаворым, што выбараў няма, мы проста выкарыстоўваем магчымасьць зьвярнуцца да людзей. Нашых прозьвішчаў ня будзе ў выбарчых бюлетэнях. Але было б неразумна не скарыстаць магчымасьць выйсьці да людзей.
Цыганкоў: Асабіста вы раней, здаецца, не прымалі актыўнага удзелу ў выбарчых кампаніях. Чаму вы цяпер пайшлі на гэта? Таму што партыя паклікала, ці дзеля нейкай працы на будучыню, каб засьвяціцца ў гэтай акрузе?
Казначэеў: У 1995-ым годзе я ўжо браў удзел у выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата. Але ў дадзеным выпадку я не зьбіраюся «працаваць на будучыню», бо ня бачу сябе ў якасьці палітычнага дзеяча. Проста мне ёсьць што сказаць, і гэта я маю намер скарыстаць.
Цыганкоў: Існуе меркаваньне, што ўсе сілы дэмакратаў варта было б сканцэнтраваць менавіта на назіраньні за выбарамі, а распыленьне ідзе толькі на шкоду...
Казначэеў: Такія думкі ў мяне былі, і нават ёсьць пэўны досьвед у назіраньні. Але ў нашай сытуацыі — што я магу зафіксаваць назіраньнем? Бюлетэні не даюць у рукі, іх немагчыма пералічыць. Таму я толькі магу засьведчыць той відавочны факт, што выбараў няма. Ня больш за тое.