Бяляцкі: «Тушонку зьелі, а начальнік пакуль не прыехаў»

Праваабаронца Тацьцяна Равяка распавяла «Свабодзе» пра зьмест апошняга ліста, які яна атрымала днямі ад палітвязьня Алеся Бяляцкага.
«Ён піша, што ў калёніі чакаецца прыезд нейкага высокага начальніка з Менску. З-за гэтага ўсіх зьняволеных пачалі ўзмоцнена карміць кашай з тушонкай. Тушонку ўжо зьелі, а начальнік пакуль не прыехаў.

І хоць Алесь піша пра гэта з гумарам, відаць, што гэта нейкі знак таго, што падзеі вакол яго адбываюцца. Алесь не ўдакладняе, што гэты начальнік будзе займацца пытаньнямі амністыі. Але паколькі такія зьвесткі ёсьць, то мы можам лічыць, што гэты прыезд магчыма зьвязаны таксама і са справай Алеся Бяляцкага», — кажа Тацяна Равяка. «Якія яшчэ навіны? Мабыць, ужо ведаеце, што не адбудзецца кароткатэрміновае спатканьне Бяляцкага з жонкай? Доўгатэрміновае — ужо даўно адмененае.

Мы бачым, што адносна Алеся ідуць новыя дзеяньні, якія дазваляюць запісваць яго ўсё глыбей і глыбей у статус злоснага парушальніка рэжыму. Гэта, канечне, вельмі непрыемна, таму што пазбаўляе надзеі на тыя магчымасьці, на якія можна разьлічваць сёньня (напрыклад, закон аб амністыі, перадачы, сродкі, якія можна патраціць у турэмнай краме, спатканьні з роднымі). Але Алесь усяго гэтага пазбаўляецца. Бачна, што ўлады хочуць яго ізаляваць ад жыцьця.

Дарэчы, у сваім апошнім лісьце Бяляцкі якраз і піша, што жыцьцё яго становіцца ўсё больш і больш віртуальным. Пасьля 4 жніўня мінулага году там засталося зусім іншае жыцьцё. А тое, што цяпер зь ім адбываецца, — гэта нейкі віртуальны сьвет, да якога ён ужо прызвычаіўся і ў якім навучыўся жыць».


Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.