Баранавічы: парушэньняў збору подпісаў за галоўнага лекара «ня выяўлена»

Рыгор Грык

Баранавіцкі грамадзкі актывіст Рыгор Грык атрымаў адказ з камісіі Баранавіцкай Усходняй выбарчай акругі № 6, у якім паведамляецца, што парушэньняў пры зборы подпісаў за праўладнага кандыдата Аляксандра Сьцяцко ня выяўлена.

Рыгору Грыку паведамілі, што перад разглядам ягонай скаргі «сябры акруговай камісіі наведалі інтэрнат № 6 па вуліцы Кірава, пагутарылі з жыхарамі, дзяжурным вахторам, загадчыкам інтэрнатам, вывучылі запісы журналу рэгістрацыі наведнікаў».

Пасьля гэтага адбылося паседжаньне акруговай камісіі, на якой і разглядалі скаргу спадара Грыка, паведамляецца ў лісьце. У выніку, камісія адзначыла, што «факты парушэньня заканадаўства Рэспублікі Беларусь», выкладзеныя ў скарзе Грыка «ня выяўленыя».

На падставе гэтага акруговая камісія вырашыла, што факты, якія прыводзіў Грык у скарзе, лічыць «не ўстаноўленымі». Тым ня меней камісія вырашыла зьвярнуць увагу ініцыятыўнай групы галоўнага лекара Аляксандра Сьцяцко «на недапушчэньне халатнага абыходжаньня з падпіснымі лістамі».

Прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты парляманту Рыгор Грык і сябра ягонай ініцыятыўнай групы Арцём Бабей скардзіліся на тое, што падчас збору подпісаў у адным з інтэрнатаў, яны выявілі парушэньні пры зборы подпісаў за Аляксандра Сьцяцко. Рыгор Грык даводзіў, што подпісы за галоўнага лекара зьбіралі вахцёры інтэрнату.