Ян Максімюк пра пяць крутых дэтэктываў (4)

Люблю чытаць дэтэктывы. Пастанавіўшы парэкамэндаваць пяць крутасюжэтных кніжак, якія трапілі ў мае рукі цягам апошніх гадоў, я задумаўся над прычынамі гэткай вычварэнскай чытацкай любові. За мінулыя выходныя мне ўдалося больш-менш уцямна ідэнтыфікаваць тры такія прычыны.

Па-першае, дэтэктывы дазваляюць даволі шчыльна запоўніць «пусты час», не пакідаючы пасьля чытаньня нейкіх доўгатрывалых пабочных наступстваў накшталт пахмельля, якое зьяўляецца пасьля шчыльнай выпіўкі. На другі або трэці дзень пасьля запойнага чытаньня дэтэктыўнай гісторыі я ўжо амаль дакладна забываю, каго забілі і хто насамрэч аказаўся забойцам, ня кажучы пра тых, каго ў забойстве падазравалі. Якая палёгка для журналісцкай памяці, празь якую штотыдзень пралятаюць як мінімум некалькі дэтэктыўных пэрсанажаў і сытуацый!

Па-другое, чытаньне дэтэктыва на замежнай мове — супэрская нагода ўдасканаліць веданьне гэтай мовы, прынамсі пасіўнае. Паспрабуйце, напрыклад, палепшыць сваё веданьне францускай мовы чытаньнем «У пошуках страчанага часу» або «Падарожжа на ўскрай ночы»... У Пруста вы можаце заснуць, не адолеўшы траціны нейкай фразы, нават калі вам і ўдасца ўхапіць яе пачатковы сэнс, прыкрыты густашчыльнай сеткай прыметнікаў і прыслоўяў. У Сэліна наадварот — фразы кароткія, але паміж імі няма звычайнай лягічнай сувязі, да якой мы прывыклі ў нашым рутынным жыцьці, і мы стамляемся ўжо на траціне першай старонкі. А ў Жана-Крыстофа Гранжэ значна прасьцей — ня трэба вылузваць сэнсу, бо ён на паверхні. Разумовы патэнцыял, які ад вас патрабуецца пры чытаньні гэтага аўтара, ніколі не перавышае натугі, якую трэба зрабіць дзеля таго, каб дазнацца, што clé à molette азначае «развадны ключ з зубчастай рэйкай» (разнавіднасьць «францускага ключа»), або высілку, зьвязанага з завучэньнем на памяць тузіна францускіх ідыёмаў са словам coup.

Па-трэцяе... Пра трэцюю прычыну, дзеля якой варта чытаць дэтэктывы, я хачу распавесьці ў пяці занатоўках.

ЗАНАТОЎКА ЧАЦЬВЕРТАЯ


Ю Нэсбё, «Панцырнае сэрца» (Jo Nesbø, «Panserhjerte», 2009), Нарвэгія.

Нарвэскага аўтара дэтэктываў Ю Нэсбё рэклямуюць у кніжным бізнэсе як «новага Стыга Лярсана». Гэта не зусім правільнае параўнаньне. У Нэсбё няма крытыкі «ўстояў капіталістычнага ладу», якая часта выходзіць на пярэдні плян у трылёгіі Лярсана. Галоўнага героя Нэсбё, дэтэктыва Гары Голе з крымінальнана вышуку ў Осла, болей цікавяць ягоныя ўласныя дэманы, чым неадэкватнасьць грамадзкага жыцьця. Гары Голе свой Weltschmerz лечыць наркотыкамі і азартам у Ганконгу ды высочваньнем сэрыйных забойцаў у Осла. І яшчэ крыху сэксам. Але пра сэкс напрыканцы.

«Панцырнае сэрца» — восьмая па ліку кніжка Ю Несбё з Гары Голе. Крымінальная загадка сканструяваная ў кніжцы настолькі хітра, што нават мая жонка, якая наогул ужо каля 50-тай старонкі дэтэктыва здагадваецца, хто акажацца забойцам, тут была вымушаная прызнацца, што дапетрыла гэта толькі недзе на 400-тай (кніжка ў арыгінале налічвае 640 старонак, а ў польскім перакладзе, які чытала жонка — 530). Я мушу прызнацца, што нават прачытаўшы кніжку да канца, так і ня ўпэўнены, хто каго забіў і навошта... І ці забойцаў не было насамрэч двух... Настолькі ўжо заблытаная ўся гэтая гісторыя, і столькі фальшывых слядоў ды пабочных сюжэтаў Нэсбё панапрыдумляў. Гэтая кніжка — рай для тых чытачоў, у якіх яшчэ не патух энтузіязм сачыць за сюжэтам кніжкі ды памяць якіх яшчэ ў змозе перахоўваць імёны літаратурных герояў і нягоднікаў. Асабіста мне такія рэчы, брутальна кажучы, ужо да лямпачкі. Як і аднаго майго рэдакцыйнага калегу, мяне ў кніжцы насамрэч цікавіць яе «стыль і афарыстычнасьць», а ня тое, хто куды паехаў і навошта.

У кніжцы некаторых забіваюць вельмі страшным спосабам. Ахвяры запіхваюць у рот адмысловы шар з схаваным калючкамі, якія прыводзяцца ў рух пры дапамозе ніткі, што павісае навонкі рота. Ахвяра, ня могучы стрываць націску шару на паднябеньне і язык, у пэўны момант сама пацягвае за нітку, а тады спружыны ў шары выпіхваюць пятнаццаць сталёвых калючак. Ахвяра памірае не ад калючак, а захлынаецца крывёю, якая сьцякае з праколаў у горла і далей у лёгкія. Ну ўжо тыя скандынаўскія пісьменьнікі... То кляўстрафобія ў гермэтычным цыліндры цягам пяці гадоў, то яшчэ іншае жахоцьце...

Вось і Гары Голе запіхнулі ў рот такі шар з калючкамі, але ён не пацягнуў за нітку, а знайшоў нейкі цьвік у сьцяне, якім зачапіў за шар і вырваў яго з свайго рота, разрываючы пры тым як мінімум дзьве траціны сваёй шчакі. А потым узяў нейкі буйнакалібэрны і цэлкі карабін ды застрэліў найважнейшага нягодніка напрыканцы рамана, каб уратаваць паліцыянтку Каю, зь якою наш дэтэктыў пераспаў, а яна аказалася звычайнай сучкай, бо дзеля кар’еры давала іншаму і шпіёніла Гары, падстаўляючы яго пры кожнай зручнай нагодзе і пераказваючы сакрэты ягонага сьледзтва свайму начальніку...

Але ў Гары не было ілюзій ні наконт жыцьця, ні наконт жанчын і сучак, а таму ён уратаваў Каю ў рамане, і то два разы. І спаў зь ёю, ну бо што яшчэ можна рабіць з такою:

«— Баісься? — спытаўся.

— Не, — выдыхнула яна і моцна ўхапіла напружаны член, падымаючы бёдры, каб пакіраваць ім, але ён адсунуў ейную руку і накіраваўся сам.

Усё адбылося бязгучна, ён пачуў толькі лёгкі ўздых, калі ў яе ўваходзіў. Ён заплюшчыў вочы, зьнерухомеў і ўсяго дасьледаваў. Потым пачаў асьцярожна рухацца. Адплюшчыў вочы, ухапіў яе позірк. Выглядала, як быццам яна хацела расплакацца.

— Пацалуй мяне, — прашаптала.

Яна спляла свой язык зь ягоным, гладкі пад сподам, шорсткі зьверху. Хутчэй і глыбей, павальней і глыбей. Яна сьпіхнула яго на бок і, не адрываючы свайго языка ад ягонага, села на ім верхам. За кожным разам, калі апускалася на яго, яе клітар даціскаўся да мышцаў ягонага жывата. Урэшце яна адхіліла сваю галаву ўзад і хрыпата застагнала. Два разы, глыбокім зьвярыным голасам, які ўзняўся, узяў высокі тон, калі ёй не х’апіла паветра, потым абціх. Яе шыя набрыняла ад крыку, які ня выйшаў навонкі. Гары падняў руку і двума пальцамі крануўся артэрыі, якая блакітнай смугою пульсавала пад скурай.

А потым яна пачала крычаць, як быццам ад болю або ад лютасьці, або ад разьняволенасьці. Гары адчуў напружанасьць у падбрушшы і таксама кончыў.»


А Ю Нэсбё тут ня скончыў. Летась выйшаў дзявяты па ліку раман пра дэпрэсіўнага нарвэскага дэтэктыва Гары Голе, які мае загаловак «Gjenferd» («Прывіды»). Мая жонка прачытала польскі пераклад і сказала, што ў гэтым рамане Гары Голе нарэшце прыстрэлілі. Насьмерць? Нібыта так, яго ўжо нават нейкая пацучыха пакаштавала. Ну дык вось... R. I. P.

Ян Максімюк пра пяць крутых дэтэктываў (1)

Ян Максімюк пра пяць крутых дэтэктываў (2)

Ян Максімюк пра пяць крутых дэтэктываў (3)