Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Максімюк пра пяць крутых дэтэктываў (3)


Ян Максімюк
Ян Максімюк

Люблю чытаць дэтэктывы. Пастанавіўшы парэкамэндаваць пяць крутасюжэтных кніжак, якія трапілі ў мае рукі цягам апошніх гадоў, я задумаўся над прычынамі гэткай вычварэнскай чытацкай любові.

За мінулыя выходныя мне ўдалося больш-менш уцямна ідэнтыфікаваць тры такія прычыны.

Па-першае, дэтэктывы дазваляюць даволі шчыльна запоўніць «пусты час», не пакідаючы пасьля чытаньня нейкіх доўгатрывалых пабочных наступстваў накшталт пахмельля, якое зьяўляецца пасьля шчыльнай выпіўкі. На другі або трэці дзень пасьля запойнага чытаньня дэтэктыўнай гісторыі я ўжо амаль дакладна забываю, каго забілі і хто насамрэч аказаўся забойцам, ня кажучы пра тых, каго ў забойстве падазравалі. Якая палёгка для журналісцкай памяці, празь якую штотыдзень пралятаюць як мінімум некалькі дэтэктыўных пэрсанажаў і сытуацыяў!


Па-другое, чытаньне дэтэктыва на замежнай мове — супэрская нагода ўдасканаліць веданьне гэтай мовы, прынамсі пасіўнае. Паспрабуйце, напрыклад, палепшыць сваё веданьне францускай мовы чытаньнем «У пошуках страчанага часу» або «Падарожжа на ўскрай ночы»… У Пруста вы можаце заснуць, не адолеўшы траціны нейкай фразы, нават калі вам і ўдасца ўхапіць яе пачатковы сэнс, прыкрыты густашчыльнай сеткай прыметнікаў і прыслоўяў. У Сэліна наадварот — фразы кароткія, але паміж імі няма звычайнай лягічнай сувязі, да якой мы прывыклі ў нашым рутынным жыцьці, і мы стамляемся ўжо на траціне першай старонкі. А ў Жана-Крыстофа Гранжэ значна прасьцей — ня трэба вылузваць сэнсу, бо ён на паверхні. Разумовы патэнцыял, які ад вас патрабуецца пры чытаньні гэтага аўтара, ніколі не перавышае натугі, якую трэба зрабіць дзеля таго, каб дазнацца, што clé à molette азначае «развадны ключ з зубчастай рэйкай» (разнавіднасьць «францускага ключа»), або высілку, зьвязанага з завучэньнем на памяць тузіну францускіх ідыёмаў са словам coup.

Па-трэцяе… Пра трэцюю прычыну, дзеля якой варта чытаць дэтэктывы, я хачу распавесьці ў пяці занатоўках.

ЗАНАТОЎКА ТРЭЦЯЯ

Юсі Адлер-Ольсан, “Жанчына ў клетцы” (Jussi Adler-Olsen, “Kvinden i buret”, 2007), Данія.
Юсі Адлер-Ольсан, “Жанчына ў клетцы” (Jussi Adler-Olsen, “Kvinden i buret”, 2007), Данія.
Юсі Адлер-Ольсан, «Жанчына ў клетцы» (Jussi Adler-Olsen, «Kvinden i buret», 2007), Данія.


На караблі з Капэнгагену ў Гамбург зьнікае дэпутатка данскага парлямэнту Мэрэта Лінгард, даволі вядомы ў краіне палітык і прыгожая жанчына. Зьнікае як камень у ваду. Ейны брат Уфэ, які быў зь ёю ў той паездцы, нічога ня можа высьветліць, таму што ён пакутуе ад аўтызму і наогул не гаворыць. Сьледзтва заходзіць у тупік, і ўсю гэтую справу паліцыя здае ў архіў.

Але празь некалькі гадоў парлямэнт прымае закон аб фінансавай падтрымцы крымінальнага вышуку, і капэнгагенская паліцыя стварае гэтак званы «Аддзел Q» для расьследаваньня нявысьветленых зьнікненьняў і забойстваў, каб празь яго «асвоіць» дадатковыя бюджэтныя сродкі. На начальніка аддзелу прызначаюць сьледчага Карла Мёрка, прыблізна пяцідзесяцігадовага афіцэра, які якраз знаходзіцца ў стане жыцьцёвай кататаніі — яго пакінула жонка, ён ня мае ніякага эмацыйнага кантакту з сынам-студэнтам і ў дадатак адчувае сябе вінаватым за раненьне свайго калегі, у выніку якога калегу паралізавала. Ніхто ў паліцыі не ўскладае сур’ёзнай надзеі на сьледчыя посьпехі Аддзелу Q, наогул задуманага толькі як канал, празь які ў паліцыю прыйдуць дадатковыя мільёны кронаў. Мёрку даюць у памочнікі неймавернага тыпа — Асада, мусульманіна-эмігранта аднекуль з Блізкага Ўсходу, які і гаварыць па-дацку толкам не навучыўся. І вось гэтая неверагодная пара сьледчых пачынае гартаць запыленую тэчку са справай Мэрэты Лінгард. Вядома ж — напрыканцы рамана Карл і Асад знаходзяць і Мэрэту, цудам жывую, і яе перасьледнікаў.

Разьдзелы са сьледзтвам, якое вядуць Карл з Асадам, перамяжоўваюцца разьдзеламі, у якіх паказаны перажываньні няшчаснай дэпутаткі данскага парлямэнту, якую хтосьці памясьціў у гермэтычны цыліндрычны пакой з мэталёвымі сьценамі і штогод павышае ціск у памяшкані на адну атмасфэру. Калі пасьля чатырох гадоў ціск дасягае пяці атмасфэраў, Мэрэце (і чытачам) адкрываецца, што невядомыя і злавесныя перасьледнікі намерваюцца раптоўна панізіць ціск да адной атмасфэры і забіць жанчыну такім пачварным чынам — праз разрыў венаў, у якіх ціск крыві жанчыны, зразумела, цягам чатырох астатніх гадоў таксама павысіўся да пяці атмасфэраў. Чаму і навошта гэтае катаваньне?

Вось на гэтыя пытаньні і адказваюць Карл з Асадам — расчараваны жыцьцём Дон Кіхот ды ягоны жыцьцярадасны і па-народнаму хітрамудры Санча Панса.

Гэта файны псыхалягічны раман, і ён цікавы ня толькі з увагі на свой незвычайны дэтэктыўны сюжэт. Пасьля «Жанчыны ў клетцы» Адлер-Ольсан напісаў яшчэ чатыры раманы пра Аддзел Q (пяты мае выйсьці напрыканцы гэтага году), спакваля стаючыся аўтарам эўрапейскага фармату, як раней Стыг Лярсан са Швэцыі або цяпер Ю Нэсбё з Нарвэгіі.

Сэксу ў рамане Адлера-Ольсэна няма, як і сцэнаў жорсткага гвалту. Але ад гэтага раман нічога не губляе. Недзе па-за кадрам з маладымі каханкамі маркітуецца жонка Мёрка, але сам Мёрк усяго толькі марыць пра сэксуальную сувязь з павабнай паліцыянткай-псыхолягам , якая праводзіць зь ім прафэсійныя размовы, каб дапамагчы яму пераадолець жыцьцёвую апатыю і пачуцьцё віны за калецтва калегі.

«Ён набраўся сьмеласьці. Або пан, або прапаў.

— Ці вас наогул цікавяць мужчыны?

Яго страпянула ад таго, як нязграбна гэта прагучала, але было ўжо запозна, каб узяць свае словы назад.- Прабачце, — ён пакруціў галавою, марудна ўзважваючы, што яму сказаць далей. — Я толькі хацеў запытацца, як бы вы ўспрынялі запрашэньне на вячэру нейкага дня?

Яе ўсьмешка зьвяла. Зьнікла бель зубоў, скура на твары напружылася.

— Я думаю, вам трэба зноў цьвёрда стаць на ногі, перш чым кідацца ў такую атаку, Карл. І вам варта было б выбіраць свае ахвяры з большай абачлівасьцю.

Ён адчуваў расчараваньне ва ўсёй сваёй гарманальнай сыстэме, калі яна павярнулася да яго задам і адчыніла дзьверы на калідор.

— Калі вы ня лічыце сябе добрым выбарам, — уздыхнуў ён, — дык вы ня ведаеце, якое фантастычнае ўражаньне вы робіце на прадстаўніках супрацьлеглага полу.

Яна адвярнулася і выставіла сваю руку, паказваючы яму пярсьцёнак на пальцы.

— О не, я гэта добра ведаю, — сказала яна, пакідаючы поле бою.

Ён працягваў стаяць, згорбіўшы плечы. У сваіх вачах ён быў адным з найлепшых дэтэктываў ва ўсім Данскім каралеўстве, і цяпер яму была цяжка ачомацца, чаму ён не заўважыў нечага так элемэнтарнага».

Калі табе пяцьдзесят, дык лепш ужо ваяваць у старых, абжытых траншэях…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG