«Гэта ня выбары, а прызначэньне ўладай чарговых «сядзельцаў»

Сёньня паводле каляндарнага пляну выбарчай кампаніі у Менску і ў рэгіёнах павінны быць сфармаваныя ўчастковыя выбаркамы. Агулам іх 6485, а вылучана ў іх больш як 73 тысячы чалавекі.

Дакладныя вынікі па ўсіх акругах і ўчастках пакуль не вядомыя, хоць агульная тэндэнцыя відавочная ўжо цяпер: прадстаўнікоў апазыцыі зноў масава не ўключаюць у склад камісій. Трапляюць тады толькі адзікавыя апазыцыйныя вылучэнцы.

Гарадок

«З палітычных партый, якія насамрэч павінны займацца выбарамі — не ўключылі»
Напрыклад, у Гарадоцкім раёне на Віцебшчыне прадстаўнікоў апазыцыйных партый ва ўчастковыя камісіі не ўключылі ўвогуле. Чаму?

Пра пасяджэньне ў райвыканкаме, дзе фармавалася камісія, апавёў актывіст Леанід Аўтухоў, які зьбіраецца балятавацца па Віцебскай-Сельскай акрузе № 21:


«Усяго 31 выбарчы ўчастак, 390 заяваў было. У тым ліку ад двух партыйцаў — з Партыі БНФ і ад сацыял-дэмакратаў з Грамады. Не ўключылі. Уключылі з грамадзкага аб’яднаньня „Белая Русь“, з прафсаюзаў, іншае, іншае, іншае... А з палітычных партый, якія насамрэч павінны займацца выбарамі — не ўключылі».


Як і падчас мінулых, прэзыдэнцкіх выбараў, ва ўчастковую камісію ня трапіў Леанід Гаравы, прадстаўнік БСДП (Грамада). Не ўключылі і Вольгу Аўтухову, прадстаўніцу Партыі БНФ. Гэтаксама беспасьпяхова яна спрабавала трапіць раней у акруговую камісію, працягвае гарадоцкі актывіст:

«На ўчастку Савецкім № 34, дзе мы вылучалі чалавека, будзе ў камісіі 19 чалавек. І была 21 заяўка. Двух чалавек не ўключылі, у тым ліку прадстаўніка Партыі БНФ. Я зрабіў заўвагу: „Як вам ня сорамна! Адзінага прадстаўніка партыі не ўключылі!“ У адказ усе толькі прамаўчалі. Мы б маглі і болей вылучыць, але вырашылі так, і на гэтых двух участках мы б зрабілі сапраўдныя выбары!»

Ворша

«Мы ня толькі вам — мы і іншым адмаўляем!»
У Воршы Партыя БНФ не вылучала прадстаўнікоў у камісіі. Што да іншых партый, то пра вынікі пасяджэньняў аршанскіх рай- і гарвыканкамаў апавёў старшыня гарадзкой суполкі партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Дзямідаў:

«Аршанскі райвыканкам з нашых 8 вылучэнцаў 6 прыняў, а 2 не прыняў. А па горадзе так: з нашых 16 вылучэнцаў узялі толькі 7. АГП вылучала 10, дык 8 чалавекам адмовілі. Затое адмовілі «для выгляду дэмакратыі» двум вылучэнцам ад БРСМ і аднаму — ад «Белай Русі». І старшыня гарвыканкаму Лісоўскі сказаў: «Вось бачыце, мы ня толькі вам — мы і іншым адмаўляем!»

На Берасьцейшчыне першыя са складам участковых выбарчых камісіяў вызначыліся рэгіёны. Толькі адзінкавыя апазыцыянэры трапілі ў камісіі ў Пінску, Бярозе. Адзінага прапанаванага сябра БНФ у камісію ў Кобрыне адмовіліся ўключыць.

Берасьце

У Берасьці па Цэнтральнай выбарчай акрузе ў камісіі ўключылі 4 сябраў Партыі БНФ, апавёў старшыня абласной арганізацыі Зьміцер Шыманскі. Усяго ж гэтая партыя вылучала 34 чалавекі, па адным на кожны ўчастак. Таксама па гэтай акрузе ўключылі ў камісіі па 2 сябры БСДП(Г), «Справядлівага сьвету» і АГП.

А вось па Берасьцейскай акрузе № 1 у камісіі сярод 517 чалавек трапілі ўсяго 4 апазыцыянэры. Пра гэта расказаў каардынатар руху «За Свабоду» па Берасьці Дзяніс Турчаняк. Ніводнага з 5 сябраў руху «За Свабоду» у камісіі не ўключылі. Прайшлі толькі два сябры «Справядлівага сьвету» і два ад БСДП(Г). Цікава, што 72,5% сябраў камісій — жанчыны.

Дзяніс Турчаняк кажа, што людзі, якія вылучалі яго ў камісію, плянуюць абскарджваць ягонае няўключэньне.

Пінск

«Калі мы вас 100 адсоткаў уключым ад БНФ, то пакрыўдзяцца іншыя»
Як распавёў «Свабодзе» кіраўнік Пінскай суполкі партыі БНФ Алесь Рамановіч, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, з 4 прапанаваных сябраў БНФ у камісію ўключылі толькі аднаго:

«Матывавалі, што калі, маўляў, мы вас 100 адсоткаў уключым ад БНФ, то пакрыўдзяцца іншыя. А яны падалі вельмі шмат людзей. Там агучаныя сотнямі былі сьпісы БРСМ, „Белай Русі“... І нас як бы, бачыце, не пакрыўдзілі, аднаго чалавека ўключылі... І калі ўжо далі мне слова, то я папрасіў пры фармаваньні камісіяў зьвярнуць увагу на тое, што амаль што ўсе сябры камісіяў зьяўляюцца сябрамі аднаго калектыву, нягледзячы на тое, якім чынам яны вылучаліся і ад каго. Але гэтая заўвага была адхіленая».

Спадар Рамановіч паведаміў, што ўсяго ў Пінску ўключаныя 2 апазыцыянэры — пры тым, што па акрузе сфармаваныя 49 участкаў. Акрамя сябра каманды Рамановіча, у камісію трапіў яшчэ адзін вылучэнец ад партыі левых «Справядлівы сьвет»:


«Там былі спрэчкі па ім крыху. Старшыня гарвыканкаму паставіў пад сумнеў, што аднаго вылучылі і аднаго ўключылі, што атрымліваецца 100 адсоткаў».

Бяроза

У Бярозе з 10 прапанаваных сябраў Партыі БНФ у камісіі ўключылі толькі 4-х, кажа мясцовы дэмакратычны актывіст Сяржук Русецкі:

«Вельмі хуценька, за 6 хвілін управіліся. Выступіў начальнік арганізацыйна-кадравай працы. Усе сябры райвыканкаму мелі перад сабой сьпісы складу камісіяў, да іх не было ніякіх заўвагаў ды пярэчаньняў, яны пагадзіліся ды прынялі тыя сьпісы...»

Кобрынь

Паседжаньне па фармаваньні ўчастковых камісіяў у Кобрыні камэнтуе кіраўнік мясцовай суполкі партыі БНФ Алесь Страчук:

«Мы прапанавалі аднаго чалавека, і гэтага чалавека не ўключылі. Пасьля ўсяго спыталі ў мяне, ці няма якіх пытаньняў, заўвагаў. То я кажу, што не ўключылі нашага чалавека ў камісію, то, вядома, мы будзем незадаволеныя...»

Горадня

«Чальцам райвыканкаму раздалі загадзя падрыхтаваныя сьпісы складу ўчастковых камісіяў»
На Гомельшчыне ў Жлобіне 12 сваіх прадстаўнікоў вылучыла партыя левых «Справядлівы сьвет». Аднак ніводзін зь іх ня трапіў у гэтыя камісіі.

Апавядае мясцовы актывіст партыі левых Анатоль Сьцепаненка, які браў удзел у сумесным паседжаньні выканкаму й прэзыдыюму райсавету:


«Усё яны загадзя падрыхтавалі. Чальцам райвыканкаму раздалі загадзя падрыхтаваныя сьпісы складу ўчастковых камісіяў. Нам нічога не паказалі. Дакладаў намесьнік старшыні райвыканкаму па ідэалягічнай працы Касьцяйкоў. Зь „непатрэбных“ прадстаўнікоў нікога ў камісіі не пусьцілі. Да прыкладу, з нашай партыі 12 чалавек было прапанавана — нікога не пусьцілі, з БНФ — нікога не пусьцілі. Толькі з праўладных — Фонд міру, „Белая Русь“, саюз жанчын і таму падобных».


Як лічыць актывіст, гэта яшчэ адзін паказьнік незацікаўленасьці ўлады ў правядзеньні справядлівых выбараў:


«Гэта лішняе пацьвярджэньне таго, што ўлада нават не імкнецца паказаць, што гэта выбары. Яна паказвае, што гэта адміністрацыйная апэрацыя прызначэньня чарговай партыі „сядзельцаў“ у Палату прадстаўнікоў. Прысутнасьць любога нармальнага чалавека ў камісіі — гэта будзе фактычны матэрыял для пацьвярджэньня фальшаваньня гэтых выбараў».


Ва ўчастковыя камісіі ў Буда-Кашалёве, Сьветлагорску, Рэчыцы мясцовыя ўлады не ўключылі нікога з дэмакратычных прадстаўнікоў

Рэчыца

«Быць пешкамі ніхто ўжо ня хоча»
Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі БНФ з Рэчыцы Валер Пуціцкі кажа, што сёлета было нават складана пераканаць сяброў партыі вылучацца ва ўчастковыя камісіі. Раней амаль усе мясцовыя прадстаўнікі БНФ пабывалі ў камісіях і ведаюць, як падсумоўваюцца вынікі галасаваньня. Гэтым разам пагадзіліся працаваць у камісіях толькі двое актывістаў — Алег Карбалевіч і Лідзія Пятровіч. Аднак іх, як і сямёх прадстаўнікоў «Справядлівага сьвету», у склад выбаркамаў сёлета не ўвялі.

Пуціцкі: «Ва ўчастковыя камісіі мы ў Гомельскай вобласьці вылучылі пяцёх. У Рэчыцы ўжо было паседжаньне, і дваіх нашых не ўключылі ў камісіі. Раней заўсёды ўключалі. У Рэчыцы ўжо няма сябра партыі, які б ня быў сябрам камісіі. Адзін раз пабылі, пабачылі той бардак — і больш не захацелі. Апрача дваіх, ніхто ў нас не захацеў вылучацца ў камісіі, бо ніхто ўжо ня верыць у гэтыя выбары. І быць пешкамі ніхто ўжо ня хоча».


Гомель

«Нашы кандыдаты будуць здымацца з выбараў і ня браць удзелу ў гэтым фарсе»
Пра адсутнасьць сёлета нейкіх кардынальных зьменаў у практыцы фармаваньня ўладамі ўчастковых камісіяў гаворыць і старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў. Дарэчы, рэгіянальная арганізацыя вылучыла ў склад першасных выбаркамаў 68 сваіх прадстаўнікоў.

Палякоў: «Прынцыпова нічога не зьмянілася. Як раней не ўключалі ў склад камісіяў прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, так і зараз не ўключаюць — каб не было вачэй, якія могуць пабачыць фальшаваньні. Гэта было чакана, таму мы й зрабілі выснову. Калі практыка не мяняецца, застаюцца палітзьняволеныя, не ўключаюць у выбарчыя камісіі — адпаведна й нашы кандыдаты будуць здымацца з выбараў і ня браць удзелу ў гэтым фарсе».

З 818 сябраў камісій — толькі 2 апазыцыянэры

Горадня

«Не галоўнае тое, што намалюе гэтая камісія…»
Падчас фармаваньня ўчастковых камісій у Кастрычніцкім раёне Горадні стала вядома, што іх колькасны склад зьменшыцца на 4–5 чалавек з-за недахопу грошай на выбары. Ва ўчастковыя камісіі, у склад якіх уваходзіць 818 чалавек, уключаныя толькі два прадстаўнікі апазыцыі.

Ва ўчастковыя камісіі Кастрычніцкага раёну Горадні ўсяго было пададзена 1235 заяваў, у тым ліку ад партыі БНФ — 9 заяваў, ад партыі «Справядлівы сьвет» — 12, і 24 заявы падалі прадстаўнікі АГП. Зацьвердзілі 818 чалавек, зь іх адну кандыдатуру ад партыі БНФ і адну ад АГП.


Раман Юргель, які назірае за выбарчым працэсам, зьвяртае ўвагу на тое, што колькасны склад камісіяў сёлета зьменшыўся з прычыны недахопу сродкаў. Паводле Юргеля, пра гэта заявіў падчас фармаваньня камісіяў начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Горадні Віталь Шут.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук, які мае намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі да канца, калі яго зарэгіструюць кандыдатам, ня дзівіцца, што гэтым разам апазыцыянэраў ізноў няма ў камісіях:

«Заканадаўства выбарчае не зьмянілася ні перад выбарамі, ні цяпер, і практыка яго прымяненьня — таксама. Але для мяне не галоўнае тое, што намалюе гэтая камісія. Галоўнае — гэта нашы сустрэчы з выбарцамі падчас кампаніі».

Слонім

У Слоніме сёньня таксама адбылося фармаваньне ўчастковых камісіяў, але прадстаўнікі выканкаму адмовіліся казаць прадстаўнікам апазыцыйных партыяў, ці ўключылі каго зь іхніх вылучэнцаў у склад камісіяў.

Іван Шэга: «Адмовіліся казаць нам, каго ўключылі. Праўда, было сказана, што ад усіх партыяў ёсьць прадстаўнікі. На ўсе пытаньні адмовіліся адказваць. Маўляў, чытайце ў прэсе».

Менск

Аляксандар Мілінкевіч: «Старая сыстэма працуе!»

Кіраўнік руху «За свабоду», былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч бярэ ўдзел у выбарах у Менску па Ўруцкай выбарчай акрузе № 109. Тут у склад участковых камісіяў былі вылучаныя 52 прадстаўнікі Аляксандра Мілінкевіча. Актывісты прадстаўляюць Беларускую партыю «Зялёныя», Партыю БНФ і грамадзкае аб’яднаньне «БНФ «Адраджэньне». Ніхто зь іх у склад участковых выбаркамаў ня ўключаны. Чаму?

Аляксандар Мілінкевіч: «Сытуацыя і тэндэнцыі на сёньня абсалютна зразумелыя: улада імкнецца страхаваць выбары пад сваім поўным кантролем і таму незалежных сябраў у камісіях практычна ня будзе, альбо будзе вельмі-вельмі мала й рэдка. Старая сыстэма працуе!


Іншая справа — задаць пытаньне: ці патрэбныя ўладзе кантакты з Эўропай? Бо не атрымаецца супрацоўніцтва з Эўропай, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні і пакуль ня будуць праведзеныя лепшыя выбары. Таму пра дэмакратыю на гэтым этапе няма чаго гаварыць...»