Васільева аштрафавалі на два мільёны, Марголіна — на тры

Леў Марголін

Суд Барысаўскага раёна і горада Барысава пачаў разглядаць адміністрацыйную справу супраць намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і кіраўніка Барысаўскай гарадзкой арганізацыі АГП Міхаіла Васільева.
16:50 Судзьдзя Ірына Пасюк зачытвае рашэньне. Міхаіл Васільеў за парушэньне правілаў пікетаваньня мусіць заплаціць штраф у памеры два мільёны рублёў. Леў Марголін — тры мільёны.

Міхаіл Васільеў


15:40 Судовае паседжаньне перанесена з кабінэту судзьдзі Ірыны Пасюк у залю паседжаньняў. Марголін хадайнічае аб далучэньні да справы фотаздымкаў з аналягінчых пікетаў у Менску. Хадайніцтва прынята. Апытаньне Марголіна. Судзьдзю цікавіць, чаму Васільеў зьбіраў подпісы за Марголіна. Яшчэ яна патрабуе даць тлумачэньне лёзунгу “За свабодныя выбары без Лукашэнкі“. Такое патрабаваньне было вылучана Міхаілу Васільеву.

Паводле міліцэйскага пратаколу ад 5 жніўня, Леў Марголін і Міхаіл Васільеў абвінавачваюцца ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

6 жніўня судзьдзя Барысаўскага раённага суду Ірына Пасюк не змагла прыняць рашэньне па гэтай адміністрацыйнай справе і прызначыла наступнае паседжаньне на 10 жніўня. Але, як паведаміў «Свабодзе» Леў Марголін, 7 жніўня міліцыянты ўручылі яму новую позву ў суд, якія перанесьлі на 8 жніўня. З чым зьвязаная раптоўная зьмена ранейшага рашэньня, ніхто не патлумачыў.

«Усім вядома, якія у нас незалежны суд, — мяркуе Леў Марголін.— Відаць, аднекуль прыйшла каманда паскорыць падзеі...»

«У нядзелю, 5 жніўня ў Барысаве быў сарваны пікет АГП ля ўнівэрмагу «Вясна» па зборы подпісаў, я і Міхаіл Васільеў былі затрыманыя й дастаўленыя ў Барысаўскі РАУС», — паведаміў «Свабодзе» Марголін.

На Льва Марголіна й Міхаіла Васільева міліцыянты склалі пратакол за тое, што тыя нібыта парушылі правілы правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Маёр міліцыі Ўладзімер Волкаў прычынай забароны назваў лёзунг «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». Паводле ягоных слоў, гэты лёзунг— не перадвыбарчая агітацыя, а выказ асабістага непрыязнага стаўленьня да беларускага прэзыдэнта, паведамляе сайт прыхільнікаў АГП.