Галасавалі сьпісам, пытаньняў не было...

Працягваецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якое будзе доўжыцца да 13 жніўня.
Ініцыятыўныя групы зьбіраюць подпісы, абыходзячы кватэры й стоячы ў вулічных пікетах. З боку ўладаў на асобных вылучэнцаў ад апазыцыі, сябраў ініцыятыўных груп і назіральнікаў чыніцца ціск. Таксама ў рэгіёнах зафіксавана выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу ў падтрымку праўладных кандыдатаў.

Горадня

Сёньня ў адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні за 20 хвілін былі сфармаваныя ўсе 65 участковых камісій. Ніхто з прысутных не задаў ніводнага пытаньня па ніводнай кандыдатуры.

На ўключэньне ў склад 65 участковых выбарчых камісіяў Ленінскага раёну Горадні было пададзена 1142 заяўкі ад палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў і ад прэтэндэнтаў, вылучаных шляхам збору подпісаў.

Да разгляду былі прынятыя ўсе заяўкі. Апазыцыйныя партыі ў гэтым раёне праігнаравалі вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісій.

У склад камісіяў з 1142 прэтэндэнтаў увайшлі 782 кандыдатуры. Паводле назіральніцы ад БХК Сьвятланы Рудкоўскай, якая прысутнічала на паседжаньні, склад камісіі зацьвярджалі сьпісам, ніводнага прозьвішча не называлася, ніводнай прэтэнзіі і нават ніводнага пытаньня нікому не задавалі. Паводле Рудкоўскай, адміністрацыя матывавала гэта наступным чынам:

«Усе гэтыя пададзеныя заяўкі нібыта былі ў электронным выглядзе разасланыя сябрам камісіі, якія бралі ўдзел у фармаваньні ўчастковых камісій. І таму, нібыта, у іх была магчымасьць загадзя выказаць усе свае прэтэнзіі. Таму, маўляў, галасавалі сьпісам і без пытаньняў».

Праваабаронца Раман Юргель кажа, што зьдзіўляцца тут зусім няма чаму, бо такім фармальным чынам фармуюцца ўсе камісіі апошнія 15 гадоў.

«Гэта звычайны фармальны падыход да фармаваньня камісіяў. Усё нібыта юрыдычна аформлена і якія пытаньні, але як 65 камісій можна сфармаваць за 20 хвілін...»

Назіральнік за выбарчым працэсам у Смаргоні Алесь Дзергачоў зьвяртае ўвагу, што сёлетняя выбарчая кампанія не цікавіць ня толькі звычайных выбарцаў — яна пакуль ігнаруецца нават самой уладай.

Паводле Дзергачова, не відаць і не чуваць нават праўладных кандыдатаў. Нічога пра гэта ня піша раённая газэта, няма ніякай інфармацыі і на сайце райвыканкаму:

«Я спрабаваў неяк тэлефанаваць людзям з прадпрыемстваў і цікавіўся. ці зьбіраюць ініцыятыўныя групы ў іх подпісы, бо мяне цікавіць, ці ёсьць парушэньні заканадаўства. Ніхто не сустракаўся ні зь якімі ініцыятыўнымі групамі. Нават у кватэры не заходзіў ніводзін прадстаўнік ініцыятыўных групаў».

Менск


Аляксандар Мілінкевіч зьбірае подпісы ля Першамайскага ўнівэрсаму ва Ўруччы.


Милінкевіч зьбірае подпісы ля "Першамайскага"



Віцебск

На Віцебшчыне 898 участковых камісій будуць сфармаваныя за два дні — за 7 і 8 жніўня.

На Віцебшчыне, паводле зьвестак аблвыканкаму, на ўдзел ва ўчастковых выбарчых камісіях падалі дакумэнты 11 938 чалавек. Партыйцы тут складаюць адносна невялікую колькасьць: прыкладам, Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет» прадстаўляюць 42 чалавекі, Партыю БНФ — 25 чалавек, Беларуская партыя працы і справядлівасьці — 30 чалавек, Беларускую аграрную партыю — 1 чалавек.

Найбольш масава — у колькасьці 95 чалавек — сярод прэтэндэнтаў на ўдзел ва ўчастковых камісіях прадстаўлена Камуністычная партыя Беларусі.

Чаму апазыцыйныя партыі вылучылі ня так шмат прадстаўнікоў? Найперш таму, што вылучалі пераважна тых, на каго цяжка націснуць на працы або яшчэ неяк, разважае старшыня абласной арганізацыі Партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка:

«У асноўным гэта пэнсіянэры. Ну, і некалькі працоўных. Але гэта людзі, на якіх цяжка націснуць — якія ўжо да ўсяго звыклі. Яшчэ паглядзім, колькі чалавек заўтра ўключаць».

Падчас мінулых, прэзыдэнцкіх выбараў партыйцаў трапіла ва ўчастковыя камісіі вельмі й вельмі няшмат.

Селівашка: «Уключаюць тых, хто ня будзе працівіцца, калі скажуць рабіць так і вось так. Альбо тады пашлюць на нейкія іншыя даручэньні. У Віцебску тым разам не ўключылі ніводнага чалавека, хоць падавалі мы заявак на 20 чалавек. А сёлета — 14 ці 15, дакладна ня памятаю. Тады ўключылі толькі ў Полацку і Воршы некалькі чалавек».

Традыцыйная фармальная падстава, на якой партыйцаў не ўключаюць у камісіі, — гэта нібыта неабазнанасьць у заканадаўстве, адсутнасьць досьведу і аўтарытэту ў выбарцаў.
каб я быў у камісіі, сказаў бы так: „А давайце я палічу галасы за праўладнага кандыдата!“ А астатнія няхай палічаць за апазыцыянэраў

Паводле Сяргея Парсюкевіча, актывіста кампаніі «Гавары праўду», які зьбірае подпісы за вылучэньне на кандыдата ў парлямэнт, прычына зусім у іншым. І ён хацеў бы, каб на ўчастках, дзе галасуюць за ягоную кандыдатуру, у камісіях былі прадстаўнікі дэмсілаў:

«Вядома, хацеў бы! У такой сытуацыі паўстануць вялікія праблемы з фальсыфікацыямі. Напрыклад, каб я быў у камісіі, сказаў бы так: „А давайце я палічу галасы за праўладнага кандыдата!“ А астатнія няхай палічаць за апазыцыянэраў. І ўсё».

У такім выпадку, кажа спадар Парсюкевіч, участковая камісія ня зможа падаць непраўдзіва высокія адсоткі галасоў за вылучэнцаў ад улады. І менавіта таму партыйцаў у камісіі ўключаць ня будуць — каб яны «не заміналі» ў падліках.

Берасьце

Берасьцейскія дэмакратычныя партыі вылучылі ва ўчастковыя камісіі 125 чалавек. Аднак палітыкі перакананыя, што ўключаць у гэтыя камісіі далёка ня ўсіх.

Берасьцейская абласная арганізацыя АГП вылучыла 15 чалавек у склад участковых выбарчых камісіяў па Берасьцейскай Усходняй выбарчай акрузе № 3. Менавіта па гэтай акрузе ідзе кандыдат ад гэтай партыі, кажа кіраўнік абласной структуры АГП Уладзімер Вуек:

«Наш кандыдат будзе гаварыць аб стратэгіі АГП і аб тым, што ён будзе здымацца і казаць пра тое, што выбараў у нас няма. Мы мяркуем, што такім чынам будзе зьніжана яўка».

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі кажа, што ў рэгіёне ва ўчастковыя камісіі вылучана 17 сябраў партыі:

«Я думаю, гэта дастатковая колькасьць, каб правесьці маніторынг на адпаведнасьць празрыстасьці падліку галасоў і ў цэлым адкрытасьці працы ўчастковых камісій».

Спадар Маслоўскі тлумачыць, што ня мае ілюзіяў наконт вылучэньня ў камісіі сябраў апазыцыйных партыяў:
Калі няма чаго хаваць, то павінны ўключаць усіх

«На жаль, як паказвае практыка, уключаюць 10–30 адсоткаў ад вылучаных. Але ж калі няма чаго хаваць, то павінны ўключаць усіх, а калі ёсьць што хаваць, то тады не ўключаюць».

Ігар Маслоўскі распавёў, што на Берасьцейшчыне БСДП(Г) вылучыць 5 кандыдатаў. Зь іх 4 будуць балятавацца ў акругах абласнога цэнтру і адзін — у Івацэвіцкай акрузе.

БНФ вылучае кандыдатаў у Берасьці, Баранавічах і Пінску

Берасьцейская абласная арганізацыя партыі БНФ вылучае ў кандыдаты 7 сваіх сябраў. Пра гэта «Свабодзе» распавёў кіраўнік абласной арганізацыі партыі Зьміцер Шыманскі:

«7 кандыдатаў — па адным у Берасьці, Баранавічах, Пінску, адзін у Белавескай выбарчай акрузе (Маларыта, Жабінка і Камянец), адзін у Кобрыні і адзін у Івацэвіцкай выбарчай акрузе».

Зьміцер Шыманскі распавёў, што ва ўчастковыя камісіі ад ПБНФ вылучана 50 чалавек:

«Па Берасьцейскай цэнтральнай выбарчай акрузе, дзе ёсьць наш кандыдат, мы вылучылі сваіх прадстаўнікоў ва ўсе ўчастковыя выбарчыя камісіі».

Тым ня меней, кажа палітык, ён сумняваецца, што ў камісіі зацьвердзяць усіх прапанаваных сябраў партыі.

Досыць прадстаўнічую колькасьць сваіх сябраў у камісіі вылучыла і партыя левых «Справядлівы сьвет» — 43 чалавекі ў вобласьці, зь якіх 36 чалавек прапануюцца ва ўчастковыя камісіі ў Берасьці.


Леанід Судаленка

Пракамэнтаваць сытуацыю, якая склалася на сёньня ў рэгіёнах, «Свабода» папрасіла гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку. Суразмоўца лічыць: «Улада зацікаўленая, каб на гэтыя выбары завабіць як мага больш кандыдатаў...»

«Я як рэгіянальны праваабаронца заўсёды на выбарах працаваў, як гаворыцца, не адрываючы галавы. А сёньня да мяне амаль ніхто не зьвяртаецца, хіба толькі па дробных пытаньнях: як правільна аформіць заяўку, каб уключылі ў склад выбарчай камісіі, ці дапамагчы ў нейкай праблемнай сытуацыі. Як, да прыкладу, учора ля ўнівэрмагу „Гомель“ — да прадстаўнікоў грамадзкай кампаніі „Гавары праўду“ выбегла ахова гэтага ўнівэрмагу ды забараняла ладзіць пікет па зборы подпісаў за вылучэнца ад апазыцыі ля папяровага трафарэта Ўладзімера Някляева.

Калі ўдзельнікі пікету зьвярнуліся да мяне з пытаньнем: што нам рабіць? — то я параіў ім: „Не сыходзьце, нават калі выкарыстаюць прымус“. Урэшце пікетоўцы засталіся на месцы і ахоўнікі ад іх адчапіліся».

Карэспандэнт: «На сёньня Цэнтравыбаркам агучыў вынікі вылучэньня прадстаўнікоў партыяў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Паведамляецца, што найбольшую актыўнасьць выявіла Камуністычная партыя Беларусі — 845 чалавек, Рэспубліканская партыя працы й справядлівасьці — 832 чалавекі, Беларуская аграрная партыя — 571. Апазыцыйныя партыі пры вылучэньні ва ўчастковыя камісіі выглядаюць больш сьціпла: АГП — 240, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» — 216, Партыя БНФ — 158, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 30...».

«І надалей будуць рэгістраваць. Ярмошына будзе заплюшчваць вочы на асобныя парушэньні, бо для яе галоўнае, каб прадстаўнікі апазыцыі ўдзельнічалі ў гэтых выбарах. Яшчэ раз падкрэсьліваю, што ўладзе вельмі важна, як ніколі, каб прадстаўнікі апазыцыі ўдзельнічалі ў гэтых выбарах.

Я асабіста як чалавек, які тры разы запар браў удзел у парлямэнцкай выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата, цяпер ня маю права балятавацца, бо ў гэты час за кратамі ўтрымліваецца мой паплечнік Алесь Бяляцкі».