Намесьніка Ладуцькі арыштавалі за хабар у паўмільёна даляраў

Менгарвыканкам

Першы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў абвінавачваецца ў вымаганьні хабару ў памеры 500 тысяч даляраў. Чыноўніка затрымалі з доказамі злачынства пры атрыманьні $250 тысяч.
«КДБ спыніў супрацьпраўныя намеры першага намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ігара Васільева, які вымагаў хабар у памеры $500 тысяч у прадстаўнікоў эўрапейскага прадпрыемства-інвэстара за спрыяльнае вырашэньне пытаньня, зьвязанага з заключэньнем інвэстыцыйнай дамовы на агульную суму больш як $30 млн», — паведаміў агенцтву Інтэрфакс-Захад у сераду выканаўца абавязкаў начальніка Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Артур Стрэх.

Ён праінфармаваў, што «згодна з пастаўленай перад камэрсантам Ігарам Васільевым умовай перадача грашовых сродкаў павінна была ажыцьцяўляцца дзьвюма роўнымі часткамі па $250 тысяч».

Стрех паведаміў, што «6 ліпеня 2012 году Ігарам Васільеў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у службовым кабінэце пасьля атрыманьня першай часткі хабару ў памеры $250 тысяч».

«На падставе атрыманых матэрыялаў КДБ у дачыненьні да яго распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры асобай, якая займае адказнае становішча)», — паведаміў прадстаўнік КДБ.

«У ходзе допыту Ігар Васільеў сваю віну прызнаў цалкам. У дачыненьні да чыноўніка ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай. Матэрыялы крымінальнай справы для далейшага расьсьледаваньня перададзеныя ў Сьледчы камітэт», — паведаміў Артур Стрэх.