24 ліпеня адміністрацыя Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў пачала высяляць з арандаванага памяшканьня суполку Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
Спраўдзіць у адміністрацыі, ці высяляюць з памяшканьня суполку Свабоднага прафсаюзу Беларускага, не ўдалося. На пытаньне пра гэта прадстаўнікі адміністрацыі адказваюць аднолькава: “Без камэнтароў“.
Міхаіл Кавалькоў праз тэлефон прызнаў, што сёньня яго азнаёмілі з загадам кіраўніцтва заводу пра прымусовае высяленьне суполкі з памяшканьня і прасілі даць прадстаўніка, які б сачыў за тым, як будзе адбывацца выкананьне загаду, і за захаванасьцю рэчаў. Падпарадкавацца загаду Кавалькоў адмовіўся, спаслаўшыся на пастанову Гаспадарчага суду Магілёўскай вобласьці.
17 ліпеня Гаспадарчы суд Магілёўскай вобласьці не задаволіў пазоў адміністрацыі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў аб скасаваньні з суполкай Незалежнага прафсаюзу Беларускага дамовы на арэнду памяшканьня, якое прафсаюз выкарыстоўвае як сваю сядзібу. Разгляд справы доўжыўся ад студзеня. За гэты час тэрмін дзеяньня дамовы прафсаюзу з кіраўніцтвам заводу на арэнду памяшканьня скончыўся: яна дзейнічала да 1 ліпеня.
Сядзіба незалежнага прафсаюзу месьціцца ў будынку заводакіраўніцтва. Паводле Кавалькова, адміністрацыя заводу прапануе прафсаюзьнікам іншае памяшканьне, адкуль, аднак, няма праходу на тэрыторыю прадпрыемства. Гэта не задавальняе прафсаюз, бо, як заяўляе Кавалькоў, ускладняе працу кіраўнічых органаў суполкі зь сябрамі прафсаюзу на самім прадпрыемстве.