Вольга Бабкова — пра Эпісталярыюм беларускай літаратуры

Вольга Бабкова

«…Дастаткова сабраць лісты людзей і апублікаваць іх — і атрымаецца літаратура сусьветнага ўзроўню», — напісаў калісьці Андрэй Платонаў. Менавіта дзеля Літаратуры, а таксама дзеля Жыцьця публікуюцца тэксты, якія, як і прыватная размова, верагодна не былі разьлічаны на публічнасьць. Але тут спрацоўвае магія Часу і роля Асобы… Веру, што традыцыя пісаць лісты на паперы канчаткова ня зьнікне. Бо яна прыгожая. І дзед мой быў паштальёнам.


Ларыса Геніюш. Каб вы ведалі. З эпісталярнай спадчыны (1945-1983). Укладаньне, прадмова, камэнтар: М. Скобла. Менск, «Лімарыюс», 2005

Унікальным фактам беларускай эпісталярнай традыцыі назваў дадзены зборнік яго складальнік Міхась Скобла. Унікальнай і непаўторнай зьяўляецца і сама аўтарка лістоў. «Цалаваць словамі Беларусь» — было наканавана Ларысе Геніюш. Але ж і зьведаць боль таксама «ад дотыку слоў». Мудрая, мужная, прыгожая жанчына з душой паэткі і, безумоўна, шляхотнага рыцара, эўрапейка («Я ўсё ж эўрапейка») апынулася ў віры такога жыцьця, якое ламала сярэдзіны і дужым і сьмелым. Але ж ніхто і ніколі не забараніў бы ёй «думаць над зьявішчамі жыцьця» і заклікаць да гэтага блізкіх: «Прашу аб адным, — піша яна мужу Янку ў 1955 г., — жыві і думай..». А ў 1968, у вялікім подзіве ад праяваў жыцьця выгукне, бы ў размове, да Максіма Танка: «..ну і жыцьцё!» А яшчэ раней да Міколы Прашковіча— «Жыць так цікава. Цікава, бо ня лёгка». «Калі пішу ліста, запісваю яго да апошняга куточка»,— і ў лістах гэтых пра ўсё, што турбуе: пра паэзію, пра адабраны «суседзямі» назоў «Літва», пра Менск («…па вуліцах гэтага гораду ходзяць свабодна людзі, якія так адмыслова ўмелі мучыць другіх…» (1963); "мякка-шэры, камэнны прыгажун«(1965)), пра духовую адзіноту, пра змаганьне з «чужым чалавекам» у сыне, пра «бяспраўную, вечную, зьмястоўную… беларускасьць»….

Зэльва пад Ваўкавыскам, куды зь Беларусі і ўсяго сьвету зьляталіся лісты, сталася сапраўднай духоўнай мясьцінай праз жыцьцё тут толькі адной сям’і. Аднаго чалавека. Ларысы Геніюш.


Паслаў бы табе душу… Ліставаньне Рыгора Барадуліна з мамай (1954—1971). Укладаньне: Н. Давыдзенка і С. Шапран. Прадмова: Ул. Някляеў. Менск «Лімарыюс», 2009

А ці кніга гэта? Абсалютная любоў, увабраная ў словы, праменіцца з кніжнай паліцы. Унікальны досьвед для тых, хто рыхтаваў выданьне. Нечуваны падарунак чытачам. У выдатнай прадмове Ўладзімір Някляеў піша: «Чытаеш — і ажно горла перахоплівае… Гэтая кніга — па моўнай плыні — невычэрпнае мора для філёлягаў, па плынях экзыстэнцыйных, трансцэндэнтных — для філёзафаў, псыхолягаў. Яна — скарб для фрэйдыстаў. Але найперш яна — малітоўнік для тых, хто ня страціў здольнасьць адчуваць жыцьцё не як нейкую справу, не як занятак па здабытку грошай ці славы, а як неверагоднае шчасьце жыць і любіць».

З вёскі Ўшачы ў Менск і наадварот «лістаношы» дастаўлялі капэрты ад маці да сына, ад сына да маці. Вось толькі невялічкі пералік зваротаў «дарагой, любай мамачкі» Куліны Андрэеўны да сына Рыгора: «Сынка мой мілый», «Детка мая любая», «Сынок мой неацанимый», «Мой каласутанька», «Сынок-шчырунок», «Мой сакалутанька», «..мая жизьня, мая падмога, мой хлебничак, той, хто думаеть аб мене», «Маё совненько», «Мая крошка любая, мая радасть, маё шчасте», «Маё дитятухна», «Сынок мой любый, сьлёзка мая гарачая, зорка мая раньняя!»…


Рыгор Барадулін. Лісты ў Хэльсынкі. Менск, «Беларускі кнігазбор», 2000

Лісты Барадуліна ў форме вершаў. Адказы Быкава ў малюнках. Такі вось незвычайны, цікавы эпісталярый атрымаўся ў двух сяброў. 16 лістоў-вершаў з Вушачы, 28 з Менску. Графічны «Водгалас» з Хельсінікі з замалёўкамі тутэйшага жыцьця (ёсьць там і малюнкі ўлюбёных фінскіх валуноў, адзін з якіх цяпер тут, у Менску, на Ўсходніх могілках..). Творчае сумоўе таленавітых людзей, якія апынуліся далёка адзін ад аднаго. Можна толькі ўявіць узаемную радасьць і паўсталае па яе сьлядох натхненьне ад атрыманьня гэтых незвычайных лістоў.

Ліст дзявяты

Каб хоць неяк замаліць грахі
І свае й сякеры,
Я, магчыма,
Папрашуся ў ветра ў пастухі —
Пасьвіць лес зялёнымі вачыма.
Дрэвы мяне прымуць.
А ці не, —
Буду я сачыць
За імі ўсімі
У маёй апошняй старане,
Покуль позірк мой
Ня стане сіні…


6 ліпеня 1999 г.


Лявон Юрэвіч. Шматгалосы эпісталярыюм. Гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставаньні. 120-я кніга сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Менск, «Кнігазбор», 2012

Юрка Віцьбіч, Антон Адамовіч, Янка Запруднік, Кастусь Акула, Віктар Чабатарэвіч, Уладзімер Клішэвіч, Натальля Арсеньнева… — няпоўны пералік асобаў, якія праз свае лісты разбураюць пэўныя гістарычныя стэрэатыпы і міты (мажліва, адначасова нараджаючы новыя..). Жыцьцё беларускай эміграцыі было настолькі няпростым, чалавечыя дачыненьні такімі складанымі — «…паміж намі… больш разьбежнасьцяў у розных поглядах, чым агульнага…», «…несупадзеньне поглядаў зусім не падстава для абвяшчэньня ўзаемных крыжовых паходаў…» «… завулкавая ці хутаранская палітыка…» (Ю. Віцьбіч да А. Адамовіча), што чарговы раз пераконваесься ў апрычоным несупадзеньні гісторыі людзей і гісторыі ідэй. Але той жа Віцьбіч піша ў сваім лісьце: «гісторык будучыні зробіць выснаў аб нас… паводле ўсіх нашых артыкулаў, усяе нашае творчасьці, усяго нашага жыцьця…». Гісторыкі і літаратуразнаўцы сапраўды адкрыюць праз гэтыя лісты столькі новых фактаў з палітычнага, культурнага, штодзённага жыцьця эміграцыі! У 1969 г. на літаратурнай вечарыне ў Канадзе Натальля Арсеньнева прачытала рэфэрат «пераплецены вершамі» на тэму «Я — і жыцьцё». Ёй было пра што казаць. Ейныя лісты — яскравае таму сьведчаньне. Часам ліставаньне было адзінай сувязьзю паміж удзельнікамі беларускага жыцьця з-за немажлівасьці сустрэч, якія прагліся. «…ліставаньне — гэта ня тое, што непасрэдная гутарка…» (Віцьбіч—Адамовічу), «…хачу з Вамі засесьці й пагаварыць аба ўсім… Хачу пачуць Вас жывога…» (Акула—Чабатарэвічу), «…на самоце прыемна пісаць і атрымліваць… (Віцьбіч—Запрудніку). Бо самота разам з настальгіяй — тое, што насамрэч лучыла і разьядноўвала. «Дакучае самотнасьць», — піша ў 1968 г. Арсеньнева. «Самотны ў сваім Лёндане» і айцец Я. Германовіч…

Лявон Юрэвіч падрыхтаваў грунтоўнае выданьне з пашыраным навукова-даведачным апаратам, з глыбокімі камэнтарамі, з увагай да Асобы.


Шляхам гадоў. Гісторыка-літаратурны зборнік. Эпісталярная спадчына.
А. Сідарэвіч. Лісты самотнага чалавека. (Лісты Ў. Жылкі да А. Луцкевіча). Менск «Мастацкая літаратура» 1994

Ва ўводзінах да публікацыі Анатоль Сідарэвіч аддае належнае здольнасьці Антона Луцкевіча захоўваць свае архівы. Дзякуючы гэтаму, у сваім Нэкралёгу на сьмерць 33-гадовага паэта Луцкевіч напісаў: «Хочацца сяньня адтварыць духовы воблік Жылкі… Але перад усім — пагутарыць з ім беспасрэдна: перачытаць пісьмы яго да мяне. Колькі ў іх хараства!»

19 лістоў (1922—1926) з эміграцыі ў Вільню дазваляюць «аднавіць настрой» таго часу і самога Жылкі. «…Лісты з бацькаўшчыны, якія яны не былі б — сумныя ці вясёлыя, прыемныя ці не прыемныя — уносяць бадзёрасьць у шэрыя будні нашага бытаваньня». А будні былі такімі з-за расчараваньня ў беларускім асяродку ў Празе, бо найчасьцей тым, «хто цісьнецца сюды», не стае «клёку ў галаве», з-за слабога здароўя, адсутнасьці блізкага па духу сябра. Такім для Жылкі стаўся Антон Луцкевіч, зь якім лучыла любоў да Вільні і яшчэ тое няўлоўнае, што так «неабмыльна» адчуваюць родныя духоўна людзі. Менавіта Луцкевічу прысьвяціў паэт свае «Вершы пра Вільню», зь ім радзіўся наконт паэтычнай спробы («мо й першай у нас») «запыніцца перад праблемамі Вечнасьці і Сьмерці», пра неабходнасьць «прысвоіць… усе здабыткі сусьветнага пісьменства». «Паэзія робіцца пракляцьцем у маім жыцьці, — пісаў ён напачатку 20-х, — яна ўладарна выказвае свае правы…, даймае цябе рытмамі і згукамі, якія далёкія ад „рэальнасьці“…». І ў 1925 г.: «Як Вы адносіцеся да эстэтыцкага кірунку ў беларускай паэзіі?»; «…мой лятунак выдаць кніжку… з матывамі каханьня, сьмерці, хараства, прыроды, мескіх тавэрнаў,… без адзінае рыфмы на «бедная старонка» і «гэй, наперад». У вадным з апошніх апублікаваных тут лістоў, напісаных у 1926 г., Жылка піша: «…з бойкі зь Лёсам нат пераможаны хачу выйсьці з гонарам, які і ёсьць варты перамогі».