Выбары-2012: уціск, затрыманьні й забароны

Да 19 ліпеня Цэнтравыбаркам прымае дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія вылучаюцца шляхам збору подпісаў.
Пра тых, хто рэгіструе такія групы распавядаюць карэспандэнты «Свабоды».

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — ня партыя, а таму афіцыйна ў выбарах яна ня ўдзельнічае. Аднак забараніць сваім актывістам балятавацца ў кандыдаты ня можа, паведаміў прадстаўнік кампаніі Сяргей Вазьняк:

Сяргей Вазьняк


«На сёньня ў Беларусі мы падтрымліваем 26 вылучэнцаў на кандыдата ў дэпутаты, у тым ліку ў Менску — 6. Яны загадзя заявілі, што падзяляюць ідэі нашай „грамадзянскай дамовы“ й сваю выбарчую кампанію будуць разгортваць менавіта вакол гэтай справы грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“. Наша падтрымка вылучэнцаў — у тым, што мы накіроўваем сваіх актывістаў у склад ініцыятыўных груп ды дапамагаем іншым чынам».

Збор подпісаў будзе ісьці ад дзьвярэй да дзьвярэй, а таксама ў пікетах. За патэнцыйных кандыдатаў будуць зьбіраць подпісы Ўладзімер Някляеў, Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Фядута ды іншыя лідэры кампаніі.

Вазьняк: «Мы — зьбіральнікі подпісаў. Будзем зьбіраць подпісы ў якасьці сябраў ініцыятыўных груп тых вылучэнцаў, якіх падтрымліваем. Гэта — самая простая тэхнічная падтрымка, плюс яшчэ — палітычная падтрымка».

У Менску ў Купалаўскай выбарчай акрузе пададзена заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы актывіста «Гавары праўду» Міхаіла Пашкевіча; у Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 вылучаецца Вікторыя Пашкоўская; у Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 — Тацьцяна Караткевіч; у Коласаўскай выбарчай акрузе № 106 — Жанна Солап; ва Ўсходняй выбарчай акрузе № 107 — Ігар Драка; у Каліноўскай выбарчай акрузе № 108 — Іван Амельчанка.

Магілёўскія дэмкандыдаты падпісалі між сабой дэклярацыю


На Магілёўшчыне апазыцыйныя вылучэнцы на дэпутацкі мандат у Палату прадстаўнікоў падпісваюць дэклярацыю, якую неафіцыйна называюць «пактам аб ненападзе».

Ініцыятарамі распрацоўкі дэклярацыі і яе падпісаньня выступілі кааліцыя дэмакратычных сіл рэгіёну і асобныя апазыцыйныя вылучэнцы на дэпутацтва. Пра гэта заяўляе каардынатар кааліцыі Юры Новікаў:
мы дамовіліся да таго, што не прызнаем гэтыя выбары нават тады, калі пераможам...

«Нягледзячы на тое, што кандыдаты нашы вылучаюцца і ўдзельнічаюць, мы дамовіліся да таго, што не прызнаем гэтыя выбары нават тады, калі пераможам, да таго часу, пакуль будуць палітзьняволеныя і палітычныя рэпрэсіі. На сёньня гэтую дэклярацыю ў Магілёве падпісалі дзесяць кандыдатаў у дэпутаты. Прымушаць мы нікога не зьбіраемся».

Юры Новікаў прызнае, што пакуль падпісваюць дэклярацыю вылучэнцы ад тых апазыцыйных арганізацыяў, якія ўваходзяць у кааліцыю дэмакратычных сіл. Тыя, хто не ўваходзіць у гэтую нефармальную аб’яднаўчую структуру, не сьпяшаюцца дэклярацыю падпісваць.

Сярод тых, хто яе падпісаў, — вылучэнец на дэпутацтва ад партыі БНФ Віталь Макаранка:

«Дэклярацыя — гэта спроба абагульніць нашы пазыцыі ды скаардынаваць дзеяньні. Да таго ж у ёй ёсьць важныя моманты, якія блізкія мне. Гэта дамова аб невядзеньні контрапрапаганды адзін супраць аднаго й дамова аб тым, што мы не прапагандуем удзел у выбарах, што самае галоўнае».

На паседжаньні, на якім пад дэклярацыяй паставілі свае подпісы васьмёра апазыцыйных вылучэнцаў на дэпутацтва, прысутнічаў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Ён адзначае, што абмеркаваньне тэксту дэклярацыі суправаджалася палкай палемікай:

«Калі ў дэклярацыі абзацы пра ненапад і супрацоўніцтва ня выклікалі пытаньняў, то абавязак не заклікаць людзей, каб яны не прыходзілі на выбары, выклікаў дыскусію, бо партыі і грамадзкія рухі ды іхныя кандыдаты прытрымліваюцца розных тактык. Ад байкоту і зьняцьця ўсіх кандыдатаў з выбарчай гонкі — да поўнамаштабнага ўдзелу».

Актывістка «Гавары праўду» супраць аўтара праграмы „Як ёсьць, так ёсьць“


Лідзія Сагідуліна

Першыя ініцыятыўныя групы на Віцебшчыне зарэгістравалі 17 ліпеня. У Аршанскай выбарчай акрузе № 26 зарэгістравалі групу па зборы подпісаў за актывіста кампаніі «Гавары праўду» Канстанціна Анташкевіча, а ў Полацкай выбарчай акрузе № 28 — Лідзію Сагідуліну, таксама з кампаніі «Гавары праўду».

Спадарыня Сагідуліна адзначае, што ў той самай акрузе хоча балятавацца і журналіст каналу АНТ Аляксей Міхальчанка:

«Па гэтай акрузе вылучаецца і журналіст Міхальчанка Аляксей. Я заўжды гляджу яго праграму „Як ёсьць, так ёсьць“. Часам яны крыўдныя. На адрас дэмакратычных сілаў ён ужывае такія словы, што часам робіцца дужа крыўдна!»

Лідзія Сагідуліна прадбачыць, што яе чакаюць дастаткова напружаныя дэбаты з Аляксеем Міхальчанкам падчас сустрэч з выбарцамі — у тым выпадку, калі і яе, і яго зарэгіструюць кандыдатамі на дэпутатаў.

Лідзія Сагідуліна жыве ў Віцебску, Аляксей Міхальчанка — у Менску, але Полацак — ягоны родны горад. Жаданьне сабраць ініцыятыўную групу для свайго вылучэньня выказаў і яшчэ адзін даволі вядомы, прынамсі ў гэтым рэгіёне, чалавек — Мікалай Панкрат, стваральнік прыватнага музэю Ўладзімера Леніна.

Камісія Віцебскай Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20 зарэгістравала 18 ліпеня ініцыятыўныя групы актывіста кампаніі «Гавары праўду» Сяргея Парсюкевіча, сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Аляксандра Вінаградава, удзельніка мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Ўладзімера Правальскага. Праўда, ягоную групу «скарацілі» на 8 чалавек, апавёў спадар Правальскі:

«Нібыта яны напісалі, што не ўступалі ў маю групу. Хоць усе дадзеныя былі напісаныя людзьмі ўласнаручна, з подпісамі. Ня буду нават удакладняць! Я памятаю, як падчас мінулай кампаніі на людзей ціснулі, каб яны адмовіліся, яны мне потым самі прызналіся».

Ініцыятыўная група па зборы подпісаў за вылучэньне Ўладзімера Правальскага складаецца з 80 чалавек.

У ініцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча было 114 прыхільнікаў, але яе не зарэгістравалі


Ініцыятыўную групу са 114 прыхільнікаў Мікалая Статкевіча, якія былі гатовыя зьбіраць подпісы за вылучэньне палітвязьня, камісія Віцебскай Кастрычніцкай акругі не зарэгістравала. Пра гэта апавёў назіральнік, сябар партыі левых «Справядлівы сьвет» Анатоль Родзік:

«У яго ў заяве на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы напісана, што ў Палату прадстаўнікоў 4-га скліканьня. А насамрэч — 5-га. І ёсьць даведка, што ён знаходзіцца ў турме № 4 Магілёва. А тыя, што адбываюць пакараньне, ня маюць права балятавацца».

Яшчэ спадар Родзік апавёў, што камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу дырэктара мэдычнага каледжа Аляксандра Цацохі, сына былога намесьніка старшыні аблвыканкаму і былога сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўладзімера Цацохі.

Улёткі «За справядлівыя выбары» забралі для вывучэньня


Сёньня прадстаўніку партыі «Справядлівы сьвет» Віктару Міхальчыку з Горадні вярнулі затрыманы аўтамабіль з улёткамі «За справядлівыя выбары».

Віктар Міхальчык прызнаўся, што ўлётак была поўная машына, іх забралі. А ўчора яго ініцыятыўная група была зарэгістраваная ў Гарадзенскай Занёманскай акрузе № 49, дзе ён будзе балятавацца ў Палату прадстаўнікоў.

Мы засьпелі Віктара Міхальчыка, калі ён вяртаўся ў Горадню зь Дзяржынску Менскай вобласьці, дзе была на штрафной стаянцы ягоная машына:
Потым ператэлефануюць, хутчэй за ўсё гэта будзе пасьля выбараў, і скажуць, што можаце забраць.

«Так, экспэртыза адбылася, я ўжо еду на сваёй машыне. Экспэрт спраўдзіў, там усё нармальна, ня бралі грошай, проста вярнулі машыну. А ўлёткі — іх не канфіскоўвалі, іх узялі „для вывучэньня“. Гэта ўжо ня першы раз, як правіла. Потым ператэлефануюць, хутчэй за ўсё гэта будзе пасьля выбараў, і скажуць, што можаце забраць. Таму што ва ўлётках няма нічога супрацьзаконнага».

Віктар Міхальчык кажа, што іх спынілі на дарозе, даставілі пазьней у Дзяржынск, выгрузілі ўлёткі, машыну запынілі. Давялося дабірацца ў Горадню без машыны. Разам са спадаром Міхальчыкам быў ягоны калега па партыі «Справядлівы сьвет» Павал Станеўскі, які таксама будзе ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах.

Станеўскі: «У той акрузе, дзе я балятуюся, ад нашай партыі ёсьць сябра акруговай камісіі. Ён мне патэлефанаваў, што ў іх было паседжаньне і яны вырашылі, што мне трэба прыйсьці забраць пасьведчаньне».

Павал Станеўскі будзе ўдельнічаць у парлямэнцкіх выбарах у Гарадзенскай Цэнтральнай акрузе № 50. Ад партыі «Справядлівы сьвет» у Горадні вылучаюцца таксама Галіна Гайда і Алег Каратаеў.

У Лідзе зарэгістраваная ініцыятыўная група Сяргея Скрабца


Сяргей Скрабец

Былы палітвязень і апазыцыянэр у Палаце прадстаўнікоў Сяргей Скрабец зноў будзе ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Ягоная ініцыятыўная група зарэгістраваная ў Лідзкай выбарчай акрузе № 54.

Скрабец: «Мы былі трэція, хто падаваў заяву. Але акруговая камісія не паведамляе, мы нават ня ведаем — хто там ад улады будзе ў наступным парлямэнце засядаць. Ведаем толькі, што дэпутат Вольга Клябан, якая цяпер прадстаўляе Ліду, яна ня будзе».


Усяго ў Беларусі 110 выбарчых акругаў, найбольш у Менску — 20. Далей ідуць Менская й Гомельская вобласьці — па 17 акругаў, затым Берасьцейская — 16, Віцебская — 14, Магілёўская і Менская — па 13. Сярэдняя колькасьць выбарцаў на акругу складзе 64 397 чалавек.

Галасаваньне на выбарах 2012 году адбудзецца 23 верасьня.