Вянок ад Лукашэнкі Янку Купалу. Па-расейску

Вянок ад Аляксандра Лукашэнкі падпісаны на расейскай мове

7 ліпеня — 130 гадоў з дня нараджэньня Янкі Купалы. Напярэдадні рота ганаровай варты ўсклала вянок ад кіраўніка краіны да помніка народнаму паэту. Гэткім чынам пачалося афіцыйнае сьвяткаваньне паважнай даты нацыянальнага клясыка.
Ці азначае ўрадавая пампэзнасьць у адзначэньні паважнай даты Песьняра паварот да нацыянальнай культуры?

Знаны паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін памятае шматлікія праявы ўвагі беларускіх камуністычных кіраўнікоў да памяці нацыянальных клясыкаў:

«Вянкі ў свой час ускладалі і Машэраў, і Кісялёў, і Аксёнаў, і Кузьмін і іншыя высокія чыноўнікі тагачаснай Беларускай рэспублікі».

Наконт самога факту ўскладаньня вянка ад імя цяперашняга кіраўніка беларускай дзяржавы ротай ганаровае варты спадар Бураўкін зазначыў:

Генадзь Бураўкін

«У краінах зь вялікімі культурнымі традыцыямі, у краінах, скажам так, цывілізаваных такія вянкі ўскладаюць самі кіраўнікі дзяржаваў. Таму я думаю, было б абсалютна зразумела і дарэчы, калі б гэты вянок ускладаўся не ад імя прэзыдэнта, а прэзыдэнтам. У адносінах да такіх вышынь нашых нацыянальных як Янка Купала ў нацыянальнай нашай дзяржаве гэта, па-мойму, абсалютна натуральны і абавязковы жэст».

А вось як расцэньвае ўскладаньне да помніка Янку Купалу вянка ад кіраўніка дзяржавы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч:

Андрэй Хадановіч

«Любы рэжым ён па азначэньні спэкулюе на памяці творцаў. Пажадана, каб гэтыя творцы былі мёртвымі. Чэслаў Мілаш калісьці сфармуляваў так: „Той, хто кажа пра гісторыю, заўжды ў бясьпецы. Мёртвыя не паўстануць, каб сьведчыць супраць“. У гэтым сэнсе памяць пра Янку Купалу, Якуба Коласа, іншых вялікіх мёртвых вельмі пасуе для ўсякіх спэкуляцый. Але мы цудоўна ведаем, як тыя ж людзі, тая ж улада шануе жывых пісьменьнікаў, жывых народных паэтаў. Улада, якая віншуе з днём нараджэньня расейскіх актораў, ня згадвае пра круглыя даты найлепшых беларускіх літаратараў. Я ня веру ў шчырасьць гэтых крокаў».


Ня верыць, што шырокая ўрадавая праграма сьвяткаваньня 130-годзьдзя Янкі Купалы сьведчыць пра перамены нацыянальна-культурнай палітыкі, і Генадзь Бураўкін:

«Са шкадаваньнем, але скажу, што наўрад ці гэта сьведчыць пра нейкія сур’ёзныя зьмены ў нацыянальнай і ў культурнай палітыцы сучаснай Беларусі».

Доказам гэтых слоў знанага паэта можа служыць тое, што да ўдзелу ў дзяржаўных купалаўскіх урачыстасьцях не запрасілі ніякія няўрадавыя творчыя суполкі. Яны адзначаюць гэты дзень прыватным чынам.