Бэтонная, абсіканая катамі падлога. Падзертыя сьцены. Вэртыкальныя трубы, зь якіх тырчаць цьвікі. Непераадольны смурод закінутага прамысловага памяшканьня. Такой была Арт Сядзіба 7 месяцаў таму, у лістападзе, калі туды ўяжджалі новыя гаспадары – беларуская моладзь.
Арт Сядзіба – гэта экспэрымэнт, як доўга ў Беларусі можа праіcнаваць непалітычная ініцыятыва.
Арт Сядзіба – гэта спроба аднавіць незалежную беларускую прастору, якой калісьці была сядзіба БНФ.
ЯК УСЁ ПАЧЫНАЛАСЯ
Напачатку нас было некалькі чалавек: музыка, актывіст, журналіст і мэнэджэр. Дамовіліся. Не было ніякіх грошай, толькі жаданьне рабіць.
Каб здымаць памяшканьне, трэба зарэгістраваць ўстанову, а перад тым – узгадніць назву з чыноўнікамі. Прапаноўвалі некалькі варыянтаў: “Асьветнік“,“Власт” і “Яська-гаспадар”. Пільныя чыноўнікі нават тут угледзелі палітыку – адмовілі.
Тады, дзеля экспэрымэнту, узялі нэўтральную назву, запоўнілі анкету па-расейску, гаварылі “на чисто русском языке”, і вуаля – усё вырашылася! Зарэгістравалі.
Пасьля тыдняў пошукаў пераехалі ў Гарызонт. Купілі ў ЦУМе дыван, прыбралі сьмецьце. Беларускія стрытарцеры размалявалі сьцены. У калідоры саматугам паклалі лінолеум, які апынуўся ў гары неўтылізаванага сьмецьця. Мэблю прывезьлі сваю з дому, каму што не шкада. Хаця яе ўсё адно не хапала. Нехта прапанаваў на бэльках пад стольлю павесіць гушкалкі. Да працы далучаліся валянтэры.
http://www.youtube.com/embed/HJLLiIZ0Qcg
Пра такіх, як Павал Белавус, кажуць: “мэнэджэр ад Бога”. Ужо празь месяц пасьля адкрыцьця Арт Сядзіба працавала як швэйцарскі гадзіньнік. На кожную сустрэчу ў пакойчык плошчай 50 квадратных мэтраў набівалася ад некалькі дзясяткаў да сотні чалавек. Скідваліся ў скрынку для ахвяраваньняў, з гэтых грошай аплачвалася арэнда.
СОТНЯ ІМПРЭЗАЎ ЗА 7 МЕСЯЦАЎ АРТ СЯДЗІБЫ
Памятаю, была лекцыя Міхала Анемпадыстава пра колеры. Народу – гаць гаці, стаялі ў калідоры. Анемпадыстаў дэманстраваў слайды і выказаў думку, што нацыянальны беларускі колер – не чырвоны і ня белы – а чамусьці шэры. Ох якая была пасьля дыскусія!
Вось так за 7 месяцаў адбылося больш за 100 мерапрыемстваў. Праз Арт Сядзібу прайшлі тысячы людзей. Многія загаварылі па-беларуску, а некаторыя – нават засьпявалі.
Цяпер Арт Сядзібу высяляюць. 7 месяцаў – такі тэрмін жыцьця адведзены ўладамі незалежнай ініцыятыве.
ЛІЦЭЙ, КУБА І БЕЛАРУСКАЯ ПРАСТОРА
На Кубе, дзе толькі што пабываў Лукашэнка, яшчэ 15 гадоў таму зразумелі, што самае важнае – будаваць незалежную прастору. У 1998 стварылі сетку незалежных бібліятэкаў «Las bibliotecas independientes en Cuba». У амаль кожным горадзе, мястэчку, вёсцы ёсьць месца, звычайна гэта жылая кватэра, дзе можна пазычыць забароненыя кніжкі, пагаварыць, там адбываюцца канцэрты, там танчаць, сьпяваюць – карацей кажучы, робяць тое, што забараняе ўлада.
Сотні бібліятэкаў па ўсёй Кубе.
Сотні арт сядзібаў па ўсёй Беларусі.