БДУ будзе вучыць расейцаў і сэрбаў размаўляць па-беларуску

Акцыя БРСМ у Магілёве "Я размаўляю па-беларуску"

З 25 чэрвеня па 7 ліпеня на філялягічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па вуліцы Карла Маркса, 31, будзе арганізаваная Міжнародная летняя школа беларускай мовы.

Як паведаміла прэс-служба БДУ, яе ўдзельнікамі стануць студэнты, магістранты і асьпіранты з вышэйшых навучальных установаў Расіі, Украіны, Польшчы і Сэрбіі. На практычных занятках яны будуць вывучаць беларускую мову або ўдасканальваць свае веды ў ёй. У праграму ўключаныя таксама экскурсіі па гістарычных месцах Менску і Беларусі, наведванне музэяў і іншых культурных цэнтраў, сустрэчы зь дзеячамі беларускай культуры і навукі, паведамляе БелаПАН


Падчас цырымоніі адкрыцьця школы 26 чэрвеня да ўдзельнікаў з прывітальным словам зьвернуцца рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, дэкан філялягічнага факультэта ВНУ Іван Роўда і старшыня Міжнароднага камітэту славістаў член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лукашанец.