Бакланы і парлямэнцкія выбары

Бакланы

Чаго хоча дамагчыся апазыцыя на парлямэнцкіх выбарах, практыкуючы байкот, удзел у выбарах ці ціск на праўладных дэпутатаў? У якой ступені гэтыя стратэгіі могуць паспрыяць посьпеху на прэзыдэнцкіх выбарах? Ці магчымы такі посьпех у грамадзтве, дзе рэжуць дзюбы жывым птушанятам бакланаў?

Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць лідэр грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў і намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка.


Перадача выйдзе ў эфір у нядзелю, 24 чэрвеня, у 18 гадзін.

Слухаць можна будзе онлайн.

Прапануем Вашай увазе фрагмэнт перадачы.

Дракахруст: На гэтым тыдні шмат каго ўзрушыла жахлівая гісторыя са зьнявечанымі бакланамі. За забойства гэтых птушак выдаюць прэмію. І вось былі знойдзеныя шмат птушанятаў бакланаў з адпілаванымі наддзюбкамі: адпілоўвалі, здавалі, атрымлівалі прэміі. Не забівалі нават. Прычым, заўважце — не Лукашэнка ж загадваў адпілоўваць. І рабілі гэта ня нейкія сатрапы рэжыму — простыя, звычайныя людзі. Ці нелюдзі, садысты, а астатнія — добрыя нармальныя? Ці ўсё ж такія вось мы і таму і выбары ў нас такія?

Кастусёў: Мяне таксама ўзрушылі гэтыя падзеі. На жаль, тое, што адбылося каля Навалукомля, сьведчыць аб тым, што маральныя прынцыпы, ня толькі там, на Віцебшчыне, але і маральныя прынцыпы на ўсёй Беларусі сярод насельніцтва падаюць. Гэтаму ёсьць і іншыя прыклады. Раней на вёсцы ніколі не рабаваў сусед суседа, ня кралі маёмасьць адно аднаго. Гэта быў прынцып паміж вясковымі жыхарамі. На жаль, зараз і гэтыя прынцыпы парушаюць. Гэтыя падзеі якраз сьведчаць аб паніжэньні маральных каштоўнасьцяў. Я спадзяюся, што судовыя і сьледчыя органы разьбяруцца і прымуць меры да тых, хто гэта зрабіў. Усё ж такі спадзяюся, што гэта будзе. На жаль, вінаватыя ў гэтым, у першую чаргу, беларускія ўлады, прадстаўнікі якіх самі не выконваюць гэтыя маральныя прынцыпы. Я часта бачу, як нашыя беларускія чыноўнікі парушаюць тое беларускае законадаўства, за якое яны самі галасуюць, як прадстаўнікі беларускай улады раскрадаюць дзяржаўныя сродкі, альбо сродкі, якія выдзеленыя будаўніцтва жыльля на вёсцы або ў горадзе. Усё гэта прывяло да таго, што на больш нізкім узроўні простага насельніцтва, не чыноўнікаў, не дэпутатаў, адбываецца тое, што здарылася на Віцебшчыне.

Дракахруст: Наконт судовых органаў прыгадваецца формула старажытных рымлян: бясьсільныя законы там, дзе кепскія норавы. Наста, вось калі Рыгор мае рацыю і сапраўды мы назіраем проста падзеньне маральных прынцыпаў, то так здаецца, што гэтыя людзі ня надта і парушылі закон. Гэтыя птушкі, яны як бы на адстрэл. Іх можна адстрэльваць, за іх нават узнагароджваюць. А тое, што пры гэтым іх мучылі, ну што ж, гэта жыцьцё. Калі гэта сапраўды так, калі гэта такое падзеньне маралі, то тады на што ж вы спадзеяцеся?

Палажанка: Мне здаецца, што нельга на падставе гэтай гісторыі гаварыць пра падзеньне маральных прынцыпаў. Я не кажу, што яно не адбываецца, я кажу, што гэта адбываецца даўно. Мы гаворым пра тое, што нас узрушыла дадзеная гісторыя. Гэты сапраўды жахліва. І мы бачым, што нейкі свой дабрабыт, свой эгаізм людзі ставяць вышэй за ўсё астатняе. Але ў прынцыпе, на што мы наракаем? Я згодная са спадаром Кастусёвым пра прэтэнзіі да ўладаў, пра пэўнае выхаваньне людзей, пра тую сытуацыю, у якую іх загналі і якую яны лічаць нармальнай.

Якія прэтэнзіі мы маем да саміх сябе? Нас узрушваюць гісторыі пра зьнявечаных бакланаў, але ці ўзрушвае кожнага палітычнага лідара сытуацыя зь беларускімі палітвязьнямі? Ці патэлефанавалі вы іх сваякам, ці даведаліся, якія навіны, ці пазванілі вы жонцы Андрэя Пачобута, ці выказалі ёй сваю падтрымку, ці робіце вы ўсё тое самае, каб яны выйшлі на свабоду так, як вы рабілі ў першыя дні свайго вызваленьня, калі самі выйшлі з турмы? Ці ведаеце вы цяпер тую сытуацыю, якая цяпер адбываецца ў беларускіх турмах?

Я лічу, што калі мы будзем выказваць прэтэнзіі самі сабе, за нейкія свае маральныя якасьці, за тое, што мы робім дзеля таго, каб было добра хаця б тым людзям, якіх ты добра ведаеш, якія калісьці сядзелі з табой за сталом перамоваў. Калі гэтыя прэтэнзіі будуць выказаныя да сябе і будуць нейкія дзеяньні да гэтага, то тады мы можам разважаць пра нейкую маральную сытуацыю маральных каштоўнасьцяў у грамадзтве. Бо пачынаць трэба зь сябе.

Я лічу, што каб беларускія палітыкі выконвалі сваё слова і гэтак жа актыўна разьвівалі тэму вызваленьне палітвязьняў, як яны рабілі гэта напачатку, то ўсе яны даўно былі б на свабодзе. А так нас зараз цікавяць бакланы. Нас зараз цікавіць, наколькі вялікая розьніца паміж стратэгіямі на тых выбараў, якіх не існуе. У прынцыпе, я кажу, што размову пра маральныя якасьці пачынаць трэба з саміх сябе.


Карач: У нашым грамадзтве існуе шмат мітаў, асабліва мітаў пра сялянаў, людзей зь вёскі, як такіх мудрых людзей, несапсаваных цывілізацыяй, якія жывуць у згодзе з прыродай. Зразумела, што гэтая сытуацыя з бакланамі выклікае эмацыйную рэакцыю менавіта ў гарадзкіх жыхароў. Але калі ўсё ж такі вярнуцца да жыцьця ў вёсцы, то ў іх стаўленьне да жыцьця, і ў прыватнасьці, да жывёлаў, трохі іншае.
Я б хацела нагадаць, што кацянят у беларускіх вёсках закопваюць жывымі. Проста выкопваюць ямку, кідаюць жывымі, а зьверху яшчэ паскочаць. Таму, калі мы разважаем пра нейкія маральныя прынцыпы, то трэба мець на ўвазе, што ў беларускіх вёсках зусім іншая сыстэма адліку, калі можна так сказаць. Я не абараняю сялянаў і іх жорсткае стаўленьне да жывелаў, але для іх баклан — гэта хлудная птушка.

Сяляне вось гадуюць парсючка, ён прывязаны да сваіх спадароў, кожную раніцу весела сустракае іх, бегае вакол, пакуль не атрымоўвае ежу. А па восені гэтых парсючкоў усе масава пачынаюць рэзаць. І ніхто не гаворыць пра тое, што гэтых парсючкоў трэба шкадаваць. Ці карову, якая стала старая і не дае больш малака — яе завозяць на мясакамбінат. Нам проста трэба пазбаўляцца ад мітаў, што людзі ў вёсках такія жаласьлівыя, высокамаральныя і шкадуюць усё, што вакол.

Калі для селяніна гэтая птушка ці гэтая жывёла зьяўляецца хлуднай, то, зразумела, што пытаньне пра тое, што яны там мучыліся, не стаіць. У нас, гарадзкіх жыхароў, гэтая гісторыя выклікае жах, патрабаваньне пакараць гэтых людзей, але ў вёсцы гэта ўспрымаецца як цалкам нармальныя дзеяньні.