«Нашы людзі прызвычаіліся быць рабамі, і некаторым гэта нават падабаецца»

Тэма, якая часта гучыць у пошце «Свабоды», — беларуска-расейскія дачыненьні, усё большая залежнасьць Беларусі ад усходняй суседкі, якая апошнім часам ня надта хавае свае імпэрскія памкненьні ў адносінах да былых савецкіх ускраін.
Расейскі прэзыдэнт Пуцін падчас нядаўняга візыту шчодра паабяцаў выдаць чарговы транш крэдыту ЭўрАзЭС — нягледзячы на тое, што Менск выконвае ня ўсе ўмовы пагадненьня. Але неўзабаве пасьля гэтага амбасадар Сурыкаў агучыў сапраўдныя ўмовы так званай «братняй» дапамогі — павучальным тонам згадаўшы і прыватызацыю, і настойлівую просьбу Масквы як найхутчэй пераходзіць на расейскі рубель.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на тэму наступстваў візыту Ўладзімера Пуціна ў Менск і ягоных абяцаньняў фінансавай дапамогі. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў з гэтай нагоды піша:

«Любы крэдытор у дадзенай сытуацыі патрабаваў бы, сама меней, нейкіх палітычных саступак, а то й больш — нейкай часткі краіны, і не абавязкова ў выглядзе тэрыторыі. Дый навошта такі клопат: табе ж разам з тэрыторыяй дастанецца яшчэ й няўрымсьлівае, капрызнае насельніцтва, якое будзе патрабаваць дзіцячыя садкі, паліклінікі, пэнсіі і гэтак далей. Чаго добрага, яшчэ й нацыянальную школу запатрабуюць... Навошта гэты галаўны боль? Можна зрабіць прасьцей: загнаць дзяржаву-даўжніка ў кабалу, падсадзіць на грашова-нафта-газавую трубу, як садзяць наркамана на гераінавы шпрыц (а чаму ж не падсадзіць, калі просяць, аж калоцяцца ад жаданьня?), а потым бяры голымі рукамі ня тое што прадпрыемствы — цэлыя галіны прамысловасьці. А пра насельніцтва няхай васал клапоціцца — не сюзэрэнава гэта справа. Няхай думае, як сьцішыць забурэньні з нагоды будаўніцтва пад Астраўцом экспэрымэнтальнай, і толькі таму ўжо небясьпечнай, расейскай АЭС, ці якога-небудзь хімічнага гіганта ў зоне адпачынку, ці сьвінарніка на сто тысяч галоў побач са старой беларускай вёскай — сюзэрэн, бачыце, любіць сьвежыя адбіўныя. Няхай у васала галава баліць, як падтрымліваць у свайго насельніцтва пачуцьцё крэўнай гістарычнай сувязі са старэйшым братам і любоў да яго, як задушыць натуральнае імкненьне да свабоды слова, думкі ды іншых свабод, як запэўніць суседзяў стотысячнага сьвінарніка, што той будзе насычаць паветра азонам і пахам фіялак.

Давайце раскінем мазгамі: вы што, сапраўды думаеце, што Захад усур’ёз заклапочаны, як бы гэта ўсталяваць у Беларусі дэмакратыю і свабоду, пасьля чаго сьціпла адысьці ўбок і з замілаваньнем глядзець на вынікі сваёй працы?

Хачу яшчэ напісаць колькі словаў так званым «заходнікам» (да якіх, каюся, належу і сам), — піша ў сваім лісьце на «Свабоду» Кастусь Сырэль з Ушачаў. — Так, шаноўнае спадарства, я таксама лічу, што ў цывілізаванай Эўропы мы можам больш павучыцца, чым у Расеі. Але давайце раскінем мазгамі: вы што, сапраўды думаеце, што Захад усур’ёз заклапочаны, як бы гэта ўсталяваць у Беларусі дэмакратыю і свабоду, пасьля чаго сьціпла адысьці ўбок і з замілаваньнем глядзець на вынікі сваёй працы? «Блажен, кто верует, тепло ему на свете...» Захад заўсёды быў прагматычным і ў першую чаргу клапаціўся пра сваю выгаду. Адзін брытанскі палітычны дзеяч коратка і ёмка выказаў гэтую думку з гледзішча сваёй краіны: у Вялікай Брытаніі няма ні сталых сяброў, ні сталых ворагаў, ёсьць толькі сталыя інтарэсы. Усе астатнія краіны, у тым ліку і Расея, гатовыя падпісацца пад гэтымі словамі. Запэўніваю вас.

...І, дарэчы, яшчэ — наконт адбіўных: вы, шаноўнае спадарства, часам ня ведаеце, колькі ў савецкія часы вывозілася мяса і мясной прадукцыі зь беларускіх мясакамбінатаў у Расею? Хочаце верце, хочаце не — 90 працэнтаў, у асноўным у Маскву і Ленінград. Гной, бруд, а таксама капыты і косьці ў крамах заставаліся нам. На жаль, афіцыйных дадзеных наконт 90% пад рукамі ня маю, толькі ўспаміны пра размовы з даволі высокімі кіраўнікамі мяса-малочнай галіны ў часы СССР. Таму, калі хто цікавіцца, няхай спраўдзіць сам«.

Спраўдзіць гэтыя статыстычныя дадзеныя даволі праблематычна: савецкая статыстыка надзейна служыла камуністычнай ідэалёгіі, і ўсе лічбы, якія сьведчылі пра грабежніцкую палітыку маскоўскага цэнтру ў адносінах да нацыянальных ускраін, старанна хавала альбо камуфлявала. Мяркую, аднак, што названая вамі, спадар Кастусь, лічба блізкая да рэальнай.

Я сам добра памятаю тыя часы. Буйныя мясакамбінаты працавалі ў БССР у шмат якіх гарадах. Як водзіцца — выконвалі, перавыконвалі, атрымлівалі з Масквы ордэны і чырвоныя сьцягі. Але свабодна купіць у 80-я гады ў якой-небудзь краме Слуцку, Бярозы ці Барысава сухую каўбасу альбо кавалак сьвіной выразкі было практычна немагчыма — хіба што з-пад прылаўка, паводле асабістага распараджэньня дырэктара. І гэта пры тым, што над кожным з гэтых гарадоў лунаў спэцыфічны смурод ад дзейнасьці буйнога мясакамбінату.

Мне даводзілася размаўляць на гэтую тэму з тагачаснымі кіраўнікамі гэтых гарадоў. «А што мы можам зрабіць, — разводзілі яны рукамі. — Фонды разьмяркоўваем ня мы. Што нам пакідаюць — тое і маем». Пакідалі ў асноўным капыты, хвасты ды іншыя субпрадукты. Што праўда, з Масквы спраўна прысылалі за мяса ды масла вагоны папяровых савецкіх рублёў. Але гэтыя грашовыя знакі ва ўмовах татальнага таварнага дэфіцыту мала што значылі....

Што да вашай, спадар Кастусь, заўвагі наконт таго, што Захад таксама ня надта дбае пра Беларусь і адстойвае толькі ўласныя інтарэсы. Натуральна, для кожнай краіны прыярытэт нумар адзін — уласны дабрабыт і бясьпека. І немагчыма чакаць, каб было па-іншаму. Але ў тым і справа, што мець у суседзях стабільную, дэмакратычную, рынкавую Беларусь — гэта якраз у інтарэсах Эўразьвязу. З такім суседам і бізнэс выгадна весьці, і розных непрыемнасьцяў у выглядзе ўцекачоў, нелегальных мігрантаў ды наркатрафіку ад яго чакаць не выпадае.

Тут як і ў звычайным жыцьці: каго б вы хацелі мець суседам па лесьвічнай пляцоўцы — прыстойнага, заможнага і памяркоўнага чалавека ці агрэсіўнага галадранца ды скандаліста з напалеонаўскімі замашкамі?

Новы допіс ад нашага даўняга сябра Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Разважаючы пра тое, чаму Беларусь застаецца адзінай аўтарытарнай выспай на эўрапейскім кантынэнце, спадар Мікалай піша:

Няма гонару за тое, што мы — беларусы, нацыя, што ў нас ёсьць адметная гісторыя.

«Па-ранейшаму застаюся пры сваім цьвёрдым перакананьні: няма ў нас грамадзянскай супольнасьці. Спробы патрыятычнай моладзі ды інтэлігенцыі разьдзьмуць маленькі язычок полымя ў нешта большае не прыносіць вялікага плёну.

Чаму мы, беларусы — не патрыёты? Хто вінаваты, што мы зрабіліся нейкімі грамадзкімі сіротамі? Напэўна, можна назваць шмат прычынаў, найперш — гістарычных. Так, цяжкі лёс напаткаў Беларусь: паншчына, савецкае панаваньне, калгасны лад, прышчэплены вірус ідалапаклонства... Напэўна, не было і няма такога ў сьвеце, каб народ, грамадзтва былі такімі абыякавымі ну літаральна да ўсяго. Няма гонару за тое, што мы — беларусы, нацыя, што ў нас ёсьць адметная гісторыя... Ведаеце, спадар Жданко, углядаючыся наўкол, бачыш нейкі тупік, сьцяну, замшэласьць, панурасьць у позірках... Страчана вера? Ну не, ня можа быць! Думаю, урэшце знойдзе грамадзтва сваё „я“, і Беларусь адродзіцца — на агульначалавечых каштоўнасьцях».

Гэта толькі здаецца, спадар Мікалай, што праблемы беларусаў — нейкія выключныя, што, як вы пішаце, «не было і няма такога ў сьвеце». Днямі глядзеў тэлерэпартаж з Чылі — пра тое, як прыхільнікі Піначэта спрабавалі правесьці ўрачыстасьць у гонар свайго куміра і зь якім пратэстам у грамадзтве ім давялося сутыкнуцца. Дыктатар Піначэт кіраваў у Чылі на працягу 17 год. Многія ягоныя палітычныя апанэнты бясьсьледна зьніклі, тысячы прайшлі праз турмы. Ён неаднаразова абвяшчаў сябе пераможцам на выбарах і рэфэрэндумах.

Каб засьцерагчыся ад перасьледу пасьля страты ўлады, загадзя гарантаваў сабе пасаду пажыцьцёвага сэнатара. А скончылася ўсё тым, што і пажыцьцёвую пасаду адабралі, і пад суд аддалі, і ў турму пасадзілі, і нават пасьля сьмерці адмовілі ў дзяржаўным пахаваньні і жалобе.

Тэма грамадзкай пасіўнасьці і палітычнай інэртнасьці беларусаў гучыць і ў лісьце Валера Нікалюка зь Ліды. Слухач піша:

«Каляндарыкі «Свабоды» я раздаваў на працы: усе калегі прынялі іх з удзячнасьцю. Дырэктар нашай установы таксама ведае, што я ў апазыцыі да ўлады. Але, каб не падстаўляць добрага чалавека, яму я каляндарык не прапаноўваў.

Як чалавек дасьведчаны, ён і сам усё разумее. Тым больш што інтэрнэт цяпер ёсьць ці ня ў кожным доме. Дый ці я адзін у апазыцыі да такой улады? У сябе на працы я ня ведаю ніводнага, хто б падтрымліваў гэты рэжым. Большасьць суседзяў таксама ўсё разумее. Але разуменьнем, што праўды, усё і абмяжоўваецца. Пабубняць, памармычуць сабе пад нос пасьля чарговага падвышэньня коштаў — і ідуць далей працаваць. Што зрабіла іх абыякавымі да лёсу краіны і мовы, да сваіх спрадвечных сьцяга і герба? Цяжка сказаць. Прычынаў тут, мусіць, многа. Няма ў іх гонару за тое, што яны — беларусы. Бацькі ім гэтага не прышчапілі, дый бацькі бацькоў — таксама. Вось чаму і ня хочуць аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя клясы. Мажліва, і не ўсьведамляючы гэтага, робяць сваім дзецям толькі горш. Крок улева, крок управа баяцца зрабіць без дазволу — абы патрафіць начальству. Занятыя паўсядзённай працай, ня бачаць і ня хочуць бачыць далей за свае «соткі». Людзі проста прызвычаіліся быць рабамі, і сёй-той нават няблага пачуваецца ў такой ролі.Зрэшты, усё гэта ня раз ужо было сказана па «Свабодзе», і няма сэнсу паўтарацца.

На шчасьце, ёсьць у Беларусі людзі, неабыякавыя да лёсу краіны. Дзень пры дні яны робяць сваю справу на карысьць Бацькаўшчыны. І мы ўсе павінны рабіць тое, што можам. Як казаў Талстой, «делай, что должно, и будь что будет».

Аўтарытарныя рэжымы ў сваім разьвіцьці і ва ўспрыманьні грамадзтвам праходзяць падобныя стадыі: ад усеагульнага захапленьня і падтрымкі — да абыякавасьці, а потым — да раздражненьня і маўклівага пратэсту супраць крывадушнасьці, няпраўды і гвалту, на якіх трымаецца любая дыктатура. І рэжым, створаны Лукашэнкам у сярэдзіне 90-х гадоў, ня стаў тут выключэньнем. Настроі ў вашым, спадар Валер, працоўным калектыве, на маю думку, характэрныя для сёньняшняй Беларусі і сьведчаць пра тое, што аўтарытарны рэжым у Беларусі перажывае глыбокі заняпад, стадыю, якая паказвае набліжэньне да фіналу. Улада можа маляваць на выбарах якія заўгодна высокія лічбы ўсенароднай падтрымкі — на рэальныя настроі ў грамадзтве гэта ніяк не ўплывае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by