Беларусы ведаюць Барадуліна, Вольскага і «Ляпіс Трубяцкой»

Вынікі апошняга апытаньня грамадзкае думкі пра адносіны да роднай мовы і гісторыі выклікалі вялікі рэзананс на сайце Свабоды. Сёньня – заключная частка гэтай статыстыкі – пра адносіны беларусаў да культуры.

Больш за 50% жыхароў Беларусі за апошні год не наведалі ніводнага культурнага мерапрыемства. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньня, праведзенага грамадзкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і лябараторыяй «Новак» сёлета ўвесну.

На просьбу назваць прычыны, зь якіх яны не наведваюць тэатраў, галерэяў, выставаў і г.д., 30% апытаных спаслаліся на тое, што ў іх не хапае грошай, 36% сказалі, што ня маюць дастаткова часу, а 9% паведамілі, што культурныя мерапрыемствы не выклікаюць ніякай цікавасьці.

За апошні год 62% беларусаў ніводнага разу не былі нават у кінатэатры, 74% не наведалі ніводнай выставы, 69% не схадзілі ў тэатар і 59% не былі на канцэрце.

Пры гэтым на просьбу назваць самае яркае культурнае мерапрыемства, якое яны наведалі, 64% дарослых беларусаў не знайшлі што адказаць. Другім па папулярнасьці стаў адказ «канцэрты» (9%), далей ідуць «Дажынкі» (3,8%), замыкае гэтую тройку адказ «тэатар» (3,3%).

Аднак пры ўсім гэтым, калі рэспандэнтам задалі пытаньне «У якіх грамадзкіх акцыях вы б хацелі ўзяць удзел?» большасьць рэспандэнтаў (43%) адказалі – «культурных». За гэтым адказам зь вялікім адрывам ідуць мерапрыемствы «ў абарону правоў спажыўцоў» (21%) і «сацыяльныя» (19,5%).

На пытаньне «У якіх мерапрыемствах вы хацелі б браць удзел і ці хацелі б, каб іх было больш?» 54% назвалі канцэрты, 35% – фэстывалі, а 27,5% – фільмы пра гісторыю краіны.

Адносна папулярызацыі беларускай культуры толькі 17,6% беларусаў лічаць, што дзяржава робіць дастаткова ў гэтай галіне, 39,2% лічаць, што хутчэй дастаткова, 26,4% – хутчэй недастаткова і 7,4% – зусім недастаткова.

Людзям таксама задавалі пытаньне, ці ведаюць яны людзей, якія ствараюць незалежную беларускую культуру. Адносна пісьменьнікаў: Рыгора Барадуліна ведае 63% беларусаў, Ніла Гілевіча – 60%, а Ўладзімера Някляева – 45,5%. Сярод музыкаў, Лявона Вольскага ведае амаль 23% беларусаў, Уладзімера Пугача – 15%, Зьмітра Вайцюшкевіча – 10,4%. Сярод гуртоў найбольш вядомыя «Ляпіс Трубяцкой» – 68%, J:Морс – 45%, «Крамбамбуля» – 37% і «Безь білета» – 31,5%.

Пра афіцыйна непацьверджаныя «чорныя сьпісы» дзеячоў беларускай культуры, якім фактычна забаронена выступаць у Беларусі, чуў 21% беларусаў.