НАДВОР'Е
Па ўсёй Беларусі пераменная воблачнасьць, без ападкаў. +20. +22 градусаў. Вечарам — суцэльная воблачнасьць і дождж.
У БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ
Камбаджыйская парлямэнцкая дэлегацыя на чале са старшынём Нацыянальнай Асамблеі Каралеўства Камбоджы Хенгам Самрыном прыяжджае ў Беларусь. Падчас візыту плянуюцца сустрэчы Хенга Самрына з кіраўніцтвам Беларусі, бакі абмяркуюць пытаньні разьвіцьця беларуска-камбджыйскіх адносінаў.
Па адрасе зав. Калініна 12–312, кампанія «За справядлівыя выбары 2012» праводзіць прэсавую канфэрэнцыю на тэму «Кантроль над выбарамі — кантроль над уладай!». Пачатак аб 11 гадзіне.
Інфармацыйнае бюро Салідарнасьці зь Беларусьсю запрашае на прэзэнтацыю кнігі «Беларусь у фокусе: Вачыма міжнародных журналістаў». Месца правядзеньня — памяшканьне ПЭН-цэнтру (вул. Залатая горка, 2 — 101). Пачатак, а 17.30.
Дні культуры Катару ў Беларусі.
У Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25) у рамках кінаклюбу «Невядомая Беларусь» гісторыка Ігара Кузьняцова адбудзецца паказ і абмеркаваньне 2-х дакумэнтальных фільмаў «Лінія Сталіна: гонар ці ганьба?» (Белсат, 2008), а таксама прэм’ерны прагляд фільму «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён». Уваход вольны. Пачатак у 17.00.
У Рыа дэ Жанейра (Бразілія) канфэрэнцыя ААН па ўстойлівым разьвіцьці («Саміт Зямлі»). Ад Беларусі возьме ўдзел міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў.
У вечаровым эфіры Свабоды — Ян Максімюк адкажа на пытаньні слухачаў у перадачы «Званочкі», «Паштовая скрынка 111» з Валянцінам Жданко й «Падарожжы Свабоды» ў Лагойск зь Віталём Сямашкам
Паважаныя слухачы! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ
1606 — у Магілёве пачалося мяшчанскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Стахора Мітковіча
1840 — Сэмюэл Морзэ атрымлівае патэнт на вынаходніцтва тэлеграфа
1948 — адкрылася для наведнікаў філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Вязынцы
1960 — абвяшчэньне незалежнасьці Малі і Сэнэгалу
1991 — Бундэстаг Нямеччыны прыняў рашэньне аб пераносе сталіцы з Бону ў Бэрлін
Сусьветны дзень абароны сланоў у заапарках
Сусьветны дзень уцекачоў (ААН)
У Аргентыне Дзень сьцягу
У Японіі Дзень мора
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ НАРАДЗІЛІСЯ:
1566 — Жыгімонт Ваза (пам. 1632), вялікі князь літоўскі і кароль польскі, кароль швэдзкі
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ ПАМЕРЛІ:
1963 — Пётра Сыч, пісьменьнік, журналіст «Радыё Свабода»
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Радыёстанцыя «Вызваленьне» ёсьць голасам стойкіх і адважных. Яна зьяўляецца тэй прыладай, пры дапамозе якой мы будзем інфармаваць Вас аб запраўдным, свабодным жыцьці ў вольным сьвеце, аб тэй бязьмежнай сымпатыі, якую выказвае гэты вольны сьвет да Вас, прыгнечаных, але захаваўшых поўнасьцю сваё людзкое «Я».
Пётра Сыч, Першы эфір Радыё Свабода
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»
Трыпалі: у выніку авіяўдару НАТО загінулі 15 мірных жыхароў
«Дарагі Саша, твой жорсткі рэжым калісьці скончыцца»
Шушкевіч: Калі б ня Бонэр, то сахараўскага каледжу ў Беларусі не было б
Р.Сікорскі: "Лукашэнка мусіць выбраць дарогу: да дэмакратыі або ў Гаагу"