Сырыя: назіральнікі ААН спыняюць працу

Назіральнікі ААН інспэктуюць адзін з раёнаў гораду Хомс пад аховай узброеных апазыцыянэраў, якія кантралююць гэты горад. 11 чэрвеня, 2012

Агенцтва Associated Press называе абвешчанае рашэньне новым сведчаньнем правалу пляну мірнага ўрэгуляваньня ў Сырыі
Місія маніторынгу ААН у Сірыі часова спыняе назіраньне і патруляваньне – ў сувязі з нарошчваньнем гвалту ў краіне.

Кіраўнік місіі генэрал Роберт Муд заявіў сёньня, што кровапраліцьце, якое працягвае нарастаць штодзень, стала значным фактарам рызыкі пры працы назіральнікаў і перашкаджае выкананьню іх задач. Генэрал удакладніў, што супрацоўнікі місіі маніторынгу прыпыняюць далейшае патруляваньне і застануцца на сваіх базах – «да далейшых распараджэньняў».

Агенцтва Associated Press называе абвешчанае рашэньне новым сведчаньнем правалу пляну мірнага ўрэгуляваньня ў Сырыі, зь якім некалькі месяцаў таму выступіў спэцыяльны пасланьнік ААН і Лігі арабскіх дзяржаў Кофі Анан.

Тым часам урадавыя войскі Сырыі ў ноч на суботу абстралялі паўночнае прымесьце Дамаску, дзе дзейнічаюць атрады ўзброенай апазыцыі. Паводле сірыйскіх праваабаронцаў, загінулі прынамсі 7 чалавек. Яшчэ 11 сталі сёньня ахвярамі сутыкненьняў у іншых раёнах краіны.

На мінулым тыдні ў амэрыканскай прэсе прагучалі падазрэньні ў тым, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі пастаўляе войскам Башара Асада ўзбраеньні і тэхналёгіі, якія тыя выкарыстоўваюць у барацьбе з паўстанцамі і абстрэле цывільных кварталаў у гарадах, прыхільных да апазыцыі.