Вольга Бабкова — пра невымоўнае ў беларускай літаратуры

Вольга Бабкова

Невымоўнае, гэта тое, што трэба шукаць, у ім усё і знаходзіцца, — казаў адзін з герояў Эміля Ажара. Гэтае «ўсё» немагчыма памацаць ды перасунуць з месца на месца. Але гэтае «ўсё» пашырае ўнутраную прастору бязьмежна. Ды выпраўляе ў бездарожжа.
Алесь Разанаў. Вастрыё стралы. Вэрсэты, паэтычныя мініятуры
Менск, «Мастацкая літаратура», 1988

Жыве ў горадзе Паэт. Зрэдчас яго можна спаткаць на праспэкце, на вечарыне, ля сьценаў вязьніцы, дзе яшчэ нядаўна сядзеў іншы паэт. І неадчэпна вярэдзіць думка пра тое, што гэты маўклівы чалавек носіць у сярэдзіне такі агромністы сьвет, што не зьмяшчаюць яго межы гэтага гораду.

«На каго ты падобны?! — кажа сястра.
Ня ведаю, на каго:
хто кажа — на камень,
хто кажа — на птушку,
хто кажа — на дрэва,
хто — на самога
сябе».


І ўсё, што адбываецца вакол Паэта, адбываецца ў руху. І дарога рухаецца, і чалавек уздоўж плыні ракі, і воз на даўняй лясной дарозе, і дубовы плот, і страла, і нават нерухомы палёт разам з птахам, і час, які ідзе, не сыходзячы з месца. І кожны бачыць кожнага ў гэтым зьменлівым руху. Але ж :

«калі мы лічым адно аднаго па пальцах —
нас шмат,
калі мы лічым адно аднаго па душах —
нас мала».


Паэтавыя вобразы неспасьціжнага выраю, нераспазнанага прызначэньня, утоенага сэнсу, сутонлівай зямлі, засяроджанай вады, шурпатых дрэваў, ... сапраўды прыадчыняюць дзьверы ва «ўводзіны ў невымоўнае».

«Адкрывае абсяг
думка-голас,
а думцы-бязмоўю
адкрываецца неабсяжнасьць».


Паэзія Алеся Разанава — найкаштоўнейшы скарб беларускай і сусьветнай літаратуры.




Тацяна Сапач. Восень. Вершы
Менск, 1991

Гэтая маленькая кніжыца з зыркай вокладкай, якая лёгка зьмяшчаецца ў кішэні і на далоні, ратуе ад цемры тых, хто чуе музыку Танінага голасу і яе паэтычную інтанацыю. Невялікая кніжка сталася падзеяй і праявай у літаратурным жыцьці
90-х гадоў, а ейная аўтарка — адной з самых непаўторных паэтак у беларускай літаратуры.

Здольнасьць паэзіі Тацяны Сапач расчышчаць, не дакранаючыся, загрувашчаную прастору і надаваць лёгкасьць хадзе, сапраўды робіць яе гэткім адмысловым «дапаможнікам па левітацыі» для чуйных.

«Нізкае неба ведае нешта чорнае,
ведае нешта большае
той, хто вышэй за неба.
А я наступаю на горла
мудраму беламу вершу
і вызваляю з формы
дзікі зьвярыны крык:
я не хачу волі!
я не баюся кайданаў!
я не памру ад самоты,
мой паратунак — тут!
...Ніжэй і ніжэй — неба,
на ім — ніводнага воблака,
на ім — разьліў фіялету
там, дзе звычайна вецер.
Вецер — вышэй за неба».


Некаторыя вершы са зборніка Тацяны Сапач, прасьпяваныя Касяй Камоцкай, сталіся культавымі.

Галіна Дубянецкая. Анадыямэна. Вершы
Менск, «Медисонт», 2008

Паэтка, кнігу якой ЧАКАЛІ. І паэзія ў ёй аказалася большай за кнігу, бо відавочна працягвае жыць сваім асобным жыцьцём, як і жыла датуль, пакуль кнігі не было. Прамяністым. Бездакорная чароўная мова Галіны Дубянецкай сталася «мовай таёмных знакаў» на шляху да тайніцы і хораму Белае Кветкі. Часам яе вершы гучаць як паганскія замовы з рассыпаньнем вядзьмарскага насеньня, а часам поўняцца рэнэсансавым хараством. І ўсе яны — наўздагад, напавер, наўздагон таму, што было і ёсьць істотным і найдаражэйшым.

«..невымоўнасьці мова
і сінія вочы сутоньня
і за чорнымі веямі ночы
нявыліты стогн
і сьвітаньня ружовыя вусны
і дня залатыя далоні
і праменны празрысты бясконцы
няспраўджаны сон»


У кнізе сабраныя вершы за розныя гады. Ёсьць тут і раньні верш «Купальле», надрукаваны калісьці ў беластоцкай «Ніве», зь якога і распачалося знаёмства з творчасьцю Галіны Дубянецкай. А чароўны верш «Ля той ля» прасьпявала палачанка Ірына Дарафейчук.

«ля той ля ціхай лагчынкі
дзе сон снуе павучынкі
там пеўнік ходзіць па плоце
заход галоўкай залоціць
ня знае пеўнік спачыну
шчапае з плота лучыну
красае полымя грэбнем
кідае ў вокны царэўнам
ляці ты пеўніку спаці
ня трэба плота шчапаці
ня руш нам ціха-азерца
ня садзь нам стрэмак
пад сэрца


Уладзімер Жылка. Пожня. Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы
Менск, «Мастацкая літаратура», 1986

«...І ўшчэнт закаханасьці поўныя
І таго, што ня выкажаш мовай,
Мы пяройдзем мяжу ў невымоўнае
З а р у б е ж ч а л а в е ч а г а с л о в а». ...


Крывіцкі паэт з-пад Нясьвіжа, слухач філязофскага факультэту Карлава ўнівэрсытэту, літаратурны супрацоўнік газэты «Звязда», перакладчык і летуценьнік намагаўся пільнавацца духоўнага сьвету насуперак пустаты і «песьняў хаосу». З маладосьці змагаючыся з хворасьцю, «з Сынам Цемры — Шалам і жорсткім жоўтым Жахам», глыбока рэфлексуючы над праявамі жыцьця ды шчыра жадаючы любіць зямныя рэчы, Жылка ўвайшоў у гісторыю літаратуры як паэт Чыстае Красы. Адзінай няздраднай і нязьменнай ягонай Каханкай сталася Хараство, пра што пісаў ён у сваім дзёньніку 1923–1925 гадоў, апублікаваным у кнізе разам з вершамі, перакладамі і артыкуламі.

У кнізе падабраны цудоўны паэтычны шэраг: «Вершы аб Вільні», «Вершы спадзяваньня», паэма «Уяўленьне», розныя вершы за пэрыяд з 1920 па 1927 год.

Ніна Мацяш. У прыгаршчах ветру. Вершы, пераклады, эсэ
Менск, «Літаратура і Мастацтва», 2009

У кнізе знакамітай аўтаркі з Белаазёрску сабраныя вершы апошніх гадоў. Уражвае давер, зь якім Ніна Мацяш зьвяртаецца да сьвету і людзей, у самых розных паэтычных формах распавядаючы пра свае пошукі, любоў, тугу, неспакой, бездапаможнасьць, боль.

«Дамагацца ласкі сьвету —
што далоньню чэрпаць вецер,
а злавацца на няўдачу
варта жалю, небарача...»
«Боль — чацьвёртае з мастацтваў (пасьля музыкі, жывапісу, паэзіі)», — напісала колісь пісьменьніца Марыя Вайцяшонак. Успрыманьне свайго лёсу як наканаваньне і пакліканьне, дазволіла паэтцы, застаючыся затворніцай, памясьціць цэлы сьвет у сваёй душы.
«іскрынка духу сьвеціцца,
аднак,
душа й сама ня бачыць свайго дна...»
І ў гэтым сьвеце знайшлося месца ўсяму зямному і іншасьветнаму. А галоўнае, — ён аказаўся атулены любоўю і мудрасьцю.
«Ранак. Узьлесак. Сьнег нечапаны,
вуснамі ветру прыцалаваны,
небам дагледжаны,
у неба загледжаны,
гольлем атулены,
долам прытулены...
Сьнежань. Узьлесак. Бель і сінеча.
Боская спакайнеча...»