Для пільных беларускіх памежнікаў кніга — тавар кантрабандны. Як наркотык ці зброя. Паспрабуйце ў прысутнасьці суворага чалавека ў пагонах прызнацца, што ўвозіце ў Беларусь кнігі — і вас будуць абшукваць доўга і настойліва. Магчыма, нават з чацьвераногім памочнікам. Вам любы сабака з задавальненьнем пацьвердзіць, што сьвежавыдрукаваная кніга — вельмі пахучы прадукт, і зьнюхаць яе ў любым багажы, нават пад накрухмаленымі кашулямі вельмі проста.
Як пахне кніга, выдадзеная чатыры з чвэрцю стагодзьдзі таму, — мабыць, ніводны сабака, што служыць на мяжы, ня ведае. Рэдка возяцца падобныя рарытэты з краіны ў краіну, таму практыкі ў сабак ніякай. На розны антыкварыят больш набітыя рукі і вочы ў людзей. Вось жа і ў расейскіх памежнікаў, відаць, сьвярбелі рукі затрымаць на мяжы Статут ВКЛ, які нядаўна везьлі з Масквы ў Менск. Як-ніяк гісторыка-культурная каштоўнасьць. Дзеля гэтага сучасным карацупам ня трэба было дзяжурыць ночы напралёт — у СМІ нават быў абвешчаны дзень, калі той Статут павязуць. Але дзіва дзіўнае — каштоўнасьць вывезьці дазволілі, як быццам ехала яна не ў другую краіну, а куды-небудзь у Сыктыўкар ці ў Пензу.
Мала таго, дайце веры, старадрук на маскоўскім аўкцыёне быў куплены з дапамогай расейскай кампаніі «Альпары». Для братняй Беларусі нам грошай не шкада — патлумачыў яе прадстаўнік. Ну і азадачылі вы нас, рабяты — як любіла гаварыць мая школьная настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Стагодзьдзямі вывозілі, а цяпер нарэшце вяртаць пачалі? Дык, можа, і дзясятак-другі слуцкіх паясоў падкінеце? А то барысаўскія ткачыхі ў роспачы: з высокай трыбуны абвешчана: слуцкі пояс — у кожны дом, а ўзорных экзэмпляраў — няма. А можа, і Крыж Эўфрасіньні Полацкай па запасьніках маскоўскіх музэяў пашукаеце? Бо дзе ж яму было падзецца з ахопленага ваеннай панікай Магілёва, як не на ўсход? А там, глядзіш, і мастацкія скарбы з сапегаўскага Дзярэчына, сканфіскаваныя пасьля паўстаньня 1831 году, надумаеце вярнуць. Што праўда, паў-Эрмітажа падчысьціць давядзецца...
Вось была б праява ісьцінна братэрскай любові — пасьля памятнага пуцінскага візыту ў Менск — «на сваю зямлю», як прагучала ў прывітальным вернападданіцкім слове. Пасьля Пуціна — і Статут прыбыў. Вось такія ў нас цяпер з Расеяй новыя статутныя адносіны.
Ці тут няма прычынна-сьледчай сувязі, проста — так усё супала? І ахвяраўскладаньне на алтар братэрства ад кампаніі «Альпары», і згаворлівасьць невядомага маскоўскага калекцыянэра, і актыўнасьць (нарэшце!) беларускіх мэцэнатаў і грамадзянскай супольнасьці ў справе вяртаньня на радзіму насамрэч каштоўнай музэйнай рэчы?
Зрэшты, у любым выпадку мы пабагацелі, і цяпер Беларусь па колькасьці статутаў ВКЛ апынулася нароўні з Вялікабрытаніяй: у Лёндане — адзін статут, і ў Магілёве — адзін. А ў Расеі гэтых статутаў — хоць у макулятуру здавай...
Але найбольш мяне пацешыла ў гэтых беларуска-расейскіх статутных адносінах пазыцыя літоўскіх гісторыкаў. Маўляў, Статут ВКЛ 1588 году для літоўцаў — не унікум... Калі для вас не унікум, то перадайце (прадайце, абмяняйце) беларусам, для якіх Статут гэты — найунікальнейшая рэч, якая па сваёй каштоўнасьці можа зраўняцца хіба са Скарынаўскай Бібліяй. Бо Статут і Біблія, напісаныя на старабеларускай мове, гэта ж проста кутнія камяні пад нашую дзяржаўнасьць. А пад што могуць літоўцы «падкласьці» наш Статут? Гэта ж не Пагоня, ня вершнік збройны на кані, якому хвост вышэй задраў, і паводле геральдычных законаў гэта ўжо зусім другі герб...
Пару месяцаў таму я зайшоў у кнігарню на праспэкце Гедыміна ў Вільні і літаральна аслупянеў. Ля прылаўка, проста на падлозе, ляжаў цэлы штабэль статутаў ВКЛ 1529 году! Выдатна выдадзеных яшчэ ў савецкай Літве на трох мовах — у арыгінале, па-расейску і па-літоўску, з навуковымі камэнтарамі. Яшчэ больш я разгубіўся, калі на кожным фаліянце згледзеў налепку — 1 літ. Думаючы, што тут мае месца некая памылка, я перапытаў пра кошт у прадавачкі. Не, памылкі не было. Факсымільнае перавыданьне Статута 1529 году насамрэч каштавала 1 літ. Для параўнаньня — квіток на тралейбус у Вільні каштуе 2 літы.
Больш за дваццаць гадоў статуты тыя праляжалі на кніжным складзе, і вось ад іх нарэшце вырашылі пазбавіцца. Дзякуй Богу — цывілізаваным чынам, шляхам фактычна бясплатнай раздачы ўсім зацікаўленым. А маглі б парэзаць на макулятуру. Для іх — не унікум... Вось такія ў нас і з Літвой статутныя адносіны.
Гісторыкі кажуць, што канцлер Леў Сапега строга сачыў за выкананьнем усіх патрабаваньняў статута, які сам і распрацаваў. Як там у прадмове яго княская міласьць напісалі: «Яко Цыцеро поведил, иж естесмо невольниками прав для того, абысмы вольности уживати могли».
Дзьвесьце гадоў нашы продкі былі «нявольнікамі законаў», і гэтая двухвяковая законапаслухмянасьць — у крыві беларусаў. Таму ў РБ можна прыняць любы закон, і ён будзе выконвацца пераважнай большасьцю насельніцтва. Адкуль, думаеце, у сёньняшняй Беларусі малазразумелая народная любоў да найвышэйшай меры пакараньня? Разгарніце Статут (менскае факсымільнае перавыданьне 1989 году): за здраду дзяржаўным інтарэсам, за забойства, за згвалтаваньне, за падробку грошай, за наезды на гумны шляхецкія і г. д. — караць горлам...
Перавыдадзены ў Беларусі Статут 1588 году — наклад 10 000 (!) — немагчыма сёньня набыць у букіністычных крамах. Зрэшты, адразу па выхадзе ў сьвет ён стаў бэстсэлерам і быў раскуплены імгненна. Як вострасюжэтны раман ці якое іншае папулярнае чытво. Што само па сабе выглядае даволі загадкава.
Памятаю, прыканцы 90-х прыехаў у Беларусь князь Яўстах Севярын Сапега — з тых самых Сапегаў, якія і статуты выдавалі, і гетманамі польнымі ў ВКЛ былі, і з пакаленьня ў пакаленьне змагаліся за незалежнасьць свайго Краю. Князь прыехаў здалёку — з Кеніі, пераадолеўшы ў васьмідзесяцігадовым узросьце пяць тысячаў кілямэтраў. Прыехаў, маючы тры мары: пабыць у Ружанах і Дзярэчыне, дзе калісьці месьціліся рэзыдэнцыі ягоных продкаў; папаляваць у сваім Ружанскім лесе; займець у сваю фамільную бібліятэку Статут ВКЛ.
Збылася толькі першая мара князя — паездкі ў Ружаны і Дзярэчын мы з сябрамі яму арганізавалі. У Ружанскім лясьніцтве госьць з далёкай Афрыкі пачуў, што па дазвол на паляваньне яму трэба зьвяртацца да самога Лукашэнкі... І Статут мы князю, нягледзячы на ўсе намаганьні, не знайшлі. Сам я яго тады ня меў, а ўсе мае знаёмыя і сябры, якія мелі, расставацца са сваім кніжным скарбам не захацелі.
Яўстах Севярын Сапега асаблівых фанабэрый ня меў і, здаецца, не пакрыўдзіўся, бо неўзабаве прыслаў з Найробі ўсім сваім спрыяльнікам па асобніку ўласнай мэмуарнай кнігі. Калі б князь, які без сумневаў лічыў сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, дажыў да нашых дзён, я перакананы — ён таксама паўдзельнічаў бы ў акцыі вяртаньня арыгінальнага Статута ў Беларусь. Як тое зрабілі (апрача кампаніі «Альпары») шматлікія беларусы, якія і ў XXI стагодзьдзі згодныя, як і іхнія далёкія продкі, быць «нявольнікамі законаў», абы толькі «вольнасьці ўжываці маглі».