Санкцыі супраць Беларусі бумэрангам удараць па Літве

Нафтавы тэрмінал Клайпедзкага порту

Літоўскі бізнэс рыхтуецца да зваротнага ўдару Беларусі. Рэжым, які атрымаў горкую пілюлю санкцый, мае намер накіроўваць грузы ў іншыя парты. Літоўскія прадпрымальнікі сьцьвярджаюць, што адмаўляюцца ад інвэстыцый у непрагназаванай краіне, піша Lietuvos rytas.

Транзыт беларускіх грузаў праз парты ў краінах Балтыі плянуецца спыніць. Пра гэта на мінулым тыдні заявіў памочнік прэзыдэнта Беларусі Валянцін Рыбакоў.

«40% грузаў прыходзіць у (Клайпедзкі) порт празь Беларусь. Гэта – мільярд літаў (прыблізна $362 млн) даходаў», – сказаў на арганізаваным Літоўскай канфэдэрацыяй прамыслоўцаў сэмінары кіраўнік кампаніі Klasco Аўдрус Паўжа.

Як сьцьвярджае прэзыдэнт асацыяцыі перавозчыкаў Linava Альгімантас Кандрусявічус, калі б беларусы накіравалі свае грузы ў іншыя парты, страты літоўскіх сэктараў транспарту і лягістыкі склалі б 2,5 мільёна літаў.

Прамыслоўцы і перавозчыкі лічаць, што беларусы сапраўды могуць накіраваць грузы ў іншых напрамках. Хоць суседзям гэта не прынясе фінансавай выгады, але гэта будзе лічыцца годным адказам.

«Такая верагоднасьць вельмі вялікая. Гэта рэальная пагроза, бо грузы патрапяць у парты Расеі і Ўкраіны», – сказаў кіраўнік Achemos grupė Арунас Лаўрынайціс.

«ЭЗ прымае рашэньні, не ацаніўшы, што Літва зьяўляецца транзытнай краінай», – абураўся кіраўнік канцэрну.