Хатнія жывёлы: за і супраць

Нягледзячы на доўгую прысутнасьць хатняй жывёлы ў жыцьці людзей, дагэтуль было вельмі мала дасьледаваньняў пра магчымасьці іх пазытыўнага ўплыву на здароўе дзяцей.
Толькі цяпер дасьледчыкі пачалі сур'ёзна вывучаць, як прысутнасьць хатняга ўлюбёнца ўплывае на разьвіцьцё дзіцяці і ці могуць, да прыкладу, сабакі, дапамагчы дзецям з псыхалягічнымі траўмамі альбо аўтызмам.

«Ёсьць сьведчаньні, што на некаторых дзяцей адносіны з жывёламі аказваюць пазытыўны ўплыў, – кажа Джэймс Сэрпэл, дырэктар Цэнтру ўзаемадзеяньня жывёлаў і грамадзтва ва Ўнівэрсытэце Пэнсыльваніі. – Кожнаму хочацца ведаць, які тут мэханізм».

Некаторыя бацькі лічаць, што жыцьцё з хатняй жывёлай навучыць дзяцей невэрбальнай камунікацыі, якая можа аказацца карыснай у адносінах зь іншымі людзьмі. Прафэсар псыхалёгіі Гэйл Мэлсан аднак кажа, што рабіць такія высновы заўчасна, бо магчыма, што проста дзеці з большымі прыроднымі схільнасьцямі да эмпатыі (спачуваньня) лягчэй наладжваюць адносіны з жывёламі.

Таксама існуе надзея на тое, што калі дзеці могуць навучыцца эмпатыі і навыкам камунікацыі з дапамогай жывёлы, дык гэта дапаможа людзям з аўтызмам. Некаторыя дзеці, якія маюць вялікія праблемы зь міжасабовай камунікацыяй, пры гэтым здольныя наладжваць даверныя адносіны з жывёламі..

«Ёсьць доказы, але яны ў асноўным грунтуюцца на аповедах, што сабака ў такой сям'і можа мець драматычны ўплыў на паводзіны такіх дзяцей,» – кажа доктар Сэрпэл.

Іншыя экспэрты спрабуюць даць аб'ектыўную ацэнку ўсё больш пашыранай практыцы, калі сабакаў выкарыстоўваюць, каб супакоіць дзяцей у стрэсавых сытуацыях, звычайна мэдычных ці юрыдычных. Рэбэка Джонсан, дырэктар Дасьледчага цэнтру ўзаемадзеяньня людзей і жывёлаў ва Ўнівэрсытэце Місуры, пачала клінічныя дасьледаваньні дзяцей, якія праходзяць сьледчыя апытаньні ў справах пра хатні гвалт; некаторым зь іх падчас размовы даюць службовага сабаку і пры гэтым замяраюць фізіялягічныя паказьнікі стрэсу.

Такія дасьледаваньні радыкальна адрозьніваюцца ад падыходаў мінулых дзесяцігодзьдзяў, якія ў асноўным канцэнтраваліся на рызыках. Камэнтар у амэрыканскім навуковым часопісе «Пэдыятрыя» за 1965 год сьцьвярджаў, што «40 адносна распаўсюджаных у гэтай краіне дзіцячых інфэкцыяў» могуць быць атрыманыя ад жывёлаў.

Як паказалі іншыя дасьледаваньні, падыход дактароў часта залежаў ад іх асабістых перакананьняў. Дасьледаваньне амэрыканскіх алерголягаў у 1980-я гады паказала, што тыя дактары, якія ня мелі жывёлы ва ўласным доме, нашмат часьцей рэкамэндавалі пазбавіцца хатніх улюбёнцаў сем'ям, у якіх былі дзеці з алергіямі.

Увогуле, адносіны паміж жывёламі і алергіяй даволі складаныя. Шэраг дасьледаваньняў сьведчаць, што ў сем'ях, дзе не было гісторыі алергіяў, дзеці, якія ў раньнім узросьце мелі кантакты з сабакамі, радзей хварэлі на алергіі ў пазьнейшым узросьце.

Але галоўны доказ важнасьці хатніх жывёлаў сыходзіць ад саміх дзяцей, кажа прафэсар Мэлсан, бо яны часта кажуць пра сваіх улюбёнцаў, як пра крыніцу эмацыйнай падтрымкі.