Другі пазашлюбны сын прэзыдэнта

Прэзыдэнт Парагваю Фэрнанда Луга прызнаў, што зьяўляецца бацькам 10-гадовага хлопчыка, які нарадзіўся, калі Луга яшчэ быў каталіцкім біскупам.
Маці хлопчыка, 42-гадовая мэдычная сястра, паведаміла, што падала заяву аб прызнаньні бацькоўства, паколькі яе сын хацеў бы насіць прозьвішча бацькі. Паводле яе неафіцыйна Луга даўно прызнаў сваё бацькоўства і аказвае сыну фінансавую дапамогу.

Гэта ўжо другое дзіця, бацькам якога прызнаў сябе прэзыдэнт Парагваю, які толькі некалькі гадоў таму склаў зь сябе сан сьвятара.

Фэрнанда Луга ў 2008 годзе стаў першым левым прэзыдэнтам Парагваю пасьля прынамсі 60 гадоў вайсковай дыктатуры і праўленьня кансэрватараў.