Кісінджэр: Інтэрвэнцыя ў Сырыю перакуліць сусьветны парадак

Генры Кісінджэр

Працяг праліцьця крыві ў Сырыі выклікае жаданьне ўжыць любыя сродкі, каб пакласьці гэтаму канец. Прадстаўнікі сырыйскіх паўстанцаў наўпрост заклікаюць да міжнароднай інтэрвэнцыі з мэтай скіданьня рэжыму Асада.

Днямі ў The Washington Post быў апублікаваны артыкул патрыярха амэрыканскай дыпляматыі Генры Кісінджэра, які крытычна аналізуе магчымыя стратэгічныя наступствы і перадумовы падобнага ўмяшаньня.


Прапануем вам тэкст публікацыі.

Падзеі так званай «арабскай вясны» звычайна абмяркоўваюць у кантэксьце яе пэрспэктыў для ўстанаўленьня дэмакратыі. Аднак у гэтай сувязі ня менш важным выглядае той факт, што ў краінах, якія спрабуюць зьмяніць рэжымы – у прыватнасьці, у Сірыі – расьце папулярнасьць ідэі, якая тычыцца інтэрвэнцыі звонку, якая можа перакуліць усе існыя на сёньня прынцыпы сусьветнага парадку.

Сучасная канцэпцыя сусьветнага парадку нарадзілася ў 1648 годзе з Вэстфальскай мірнай дамовы, якой завяршылася Трыццацігадовая вайна. У час гэтага канфлікту дынастыі пасылалі арміі на тэрыторыі іншых дзяржаваў для ўсталяваньня там сваіх рэлігійных нормаў. У выніку ў XVII стагодзьдзі канцэпцыя зьмены рэжымаў прывяла да таго, што Цэнтральная Эўропа пазбавілася прыкладна траціны свайго насельніцтва.

Каб пазьбегнуць паўтарэньня падобнай разьні, бакі, якія заключылі Вэстфальскі трактат, падзялілі паняцьці ўнутранай і зьнешняй палітыкі. Дзяржавы, цэльныя ў нацыянальным і культурным пляне, лічыліся сувэрэннымі ў межах сваёй тэрыторыі, а міжнародная палітыка зьвялася да іх ўзаемадзеяньня і прызнаньня існых межаў. Для заснавальнікаў гэтай канцэпцыі новая ідэя сусьветнага парадку, у аснове якой ляжалі нацыянальныя інтарэсы і балянс сіл на міжнароднай арэне, палягала ў зьніжэньні, а не ў падвышэньні ролі сілы. Жаданьне захаваць раўнавагу прыйшло на зьмену імкненьню гвалтоўна навярнуць якой-небудзь народ у сваю веру.

Эўрапейская дыпляматыя распаўсюдзіла Вэстфальскую сыстэму па ўсім сьвеце. Нягледзячы на дзьве сусьветныя вайны і зьяўленьне камуністычнай ідэалёгіі, паняцьце сувэрэннай нацыянальнай дзяржавы захавалася, стаўшы базавым элемэнтам сусьветнага парадку, хай і не заўсёды трывалым.

Аднак Вэстфальская сыстэма ніколі цалкам не ўжывалася ў адносінах да Блізкага Ўсходу. Толькі тры мусульманскія дзяржавы гэтага рэгіёну мелі пад сабой гістарычную аснову: Турцыя, Эгіпет і Іран. Межы ж астатніх адлюстроўвалі працэс дзяльбы таго, што засталося ад сканалай Асманскай імпэрыі, паміж краінамі, якія перамаглі ў Першай сусьветнай вайне. Яны нарэзалі межы амаль без уліку этнічнай прыналежнасьці народаў, якія жылі там, і іх рэлігійных адрозьненьняў. У выніку гэтыя межы ўвесь час аспрэчваюцца, прычым часта ваенным шляхам.

«Арабская вясна» спарадзіла новую дыпляматыю, у якой прынцып раўнавагі, характэрны для Вэстфальскага сьвету, зьмяніўся ўнівэрсальнай дактрынай гуманітарнай інтэрвэнцыі. Унутраныя грамадзянскія канфлікты сталі разглядацца на міжнародным узроўні скрозь прызму дэмакратыі і асьцярог рэлігійнага характару. Замежныя дзяржавы патрабуюць, каб існая ўлада пайшла на перамовы са сваімі апанэнтамі з мэтай мірнай перадачы ўлады. Аднак, паколькі для абодвух бакоў цана пытаньня звычайна палягае ў выжываньні, гэтыя заклікі, як правіла, не знаходзяць водгуку. Калі бакі супрацьстаяньня прыкладна роўныя па сілах, для выхаду з тупіку ў той ці іншай ступені ўжываецца інтэрвэнцыя звонку, у тым ліку і ваеннае ўварваньне.

Дактрына гуманітарнай інтэрвэнцыі рэзка адрозьніваецца ад традыцыйнай канцэпцыі зьнешняй палітыкі, яна ігнаруе такія катэгорыі, як нацыянальны інтарэс і балянс сіл, якія адкідаюцца ў сувязі з адсутнасьцю ў іх маральнага аспэкту. У яе аснове ляжыць не імкненьне супрацьстаяць стратэгічнай пагрозе, а жаданьне ліквідаваць умовы, якія парушаюць прынцыпы дзяржаўнага кіраваньня, якія лічацца ўсеагульнымі і пасуюць для ўсіх.

Калі падобная форма інтэрвэнцыі будзе прынятая на ўзбраеньне ў якасьці прынцыпу зьнешняй палітыкі, узьнікнуць сур'ёзныя пытаньні, якія тычацца далейшай стратэгіі Злучаных Штатаў. Ці павінныя ЗША лічыць сябе абавязанымі падтрымліваць любое народнае паўстаньне супраць любога рэжыму, які не зьяўляецца дэмакратычным, уключаючы і тыя, чыё існаваньне да цяперашняга моманту лічылася вельмі важным для захаваньня цяперашняй пабудовы сьвету? Ці варта лічыць, скажам, Савудаўскую Арабію сталым саюзьнікам або яна застаецца такім толькі да моманту ўзьнікненьня на яе тэрыторыі дэманстрацый пратэсту? Ці павінная Амэрыка прызнаць і за іншымі краінамі права ўмешвацца ў справы суседніх дзяржаў ад імя сваіх «братоў па веры» або этнічна роднасных народаў?

Разам з тым, традыцыйныя стратэгічныя мэты нікуды ня дзеліся. Зьмена рэжыму, па азначэньні, спараджае задачу дзяржаўнага будаўніцтва. Правал у гэтай сфэры прывядзе да таго, што сусьветны парадак пачне распадацца. «Белыя плямы» на мапе, якія абазначаюць зоны беззаконьня, ужо зьявіліся ў Емэне, Самалі, на поўначы Малі, у Лібіі, на паўночным захадзе Пакістану і хутка могуць паўстаць і ў Сырыі. Крах дзяржавы ў гэтых краінах здольны ператварыць іх тэрыторыі ў базы тэрарыстаў або крыніцы паставак зброі ў суседнія рэгіёны, якія ў адсутнасьці цэнтральнай улады ня змогуць з гэтымі пагрозамі змагацца.

Што тычыцца інтэрвэнцыі ў Сырыі, то тут гуманітарныя мэты і стратэгічныя задачы супадаюць. Разьмешчаная ў самым цэнтры мусульманскага сьвету, Сырыя, знаходзячыся пад уладай Башара Асада, дапамагае Ірану рэалізоўваць яго стратэгію ў Міжземнамор'і. Яна падтрымлівае рух ХАМАС, які не прызнае правы ізраільскай дзяржавы на існаваньне, і групоўку «Хезбала», якая разбурае цэласнасьць Лібану. У Злучаных Штатаў ёсьць прычыны – як стратэгічнага, так і гуманітарнага характару – жадаць скіданьня рэжыму Асада і ставіць перад міжнароднай дыпляматыяй такую мэту. Зь іншага боку, стратэгічныя інтарэсы не заўсёды ператвараюцца ў падставу для вайны, бо, калі б гэта было так, патрэба ў дыпляматыі адпала б сама сабой.

Разглядаючы праблему ўжываньня ваеннай сілы, варта адказаць на некалькі асноватворных пытаньняў. Калі Амэрыка прыняла рашэньне аб датэрміновым вывадзе войскаў з Іраку і Аўганістану, як апраўдаць новую інтэрвэнцыю ў тым жа самым рэгіёне, якая, да таго ж, закліканая вырашыць аналягічныя задачы? Калі ў новым падыходзе дыпляматычныя і маральныя мэты больш ярка выяўленыя, чым стратэгічныя і ваенныя, ці можна, ужываючы яго, пазьбегнуць праблем, якія раней падарвалі нашы намаганьні ў Іраку і Аўганістане, што стала прычынай вываду войскаў і расколу Амэрыкі? Ня зьняўшы гэтых праблем, мы рызыкуем прэстыжам ЗША і маральным духам народу, бо ў выпадку няўдачы ў сьвеце могуць вырашыць, што сілы і сродкі Амэрыкі на зыходзе. Хто прыйдзе на зьмену зрынутаму ўраду, і што мы ведаем пра гэтых людзей? Ці ёсьць гарантыі таго, што пасьля скіданьня рэжыму ў краіне ўсталюецца стабільнасьць, а правы чалавека будуць выконвацца? Прыгадайце, мы ўжо адзін раз памыліліся ў мінулым, узброіўшы для барацьбы з савецкімі захопнікамі талібаў, якія потым сталі пагрозай для нашай бясьпекі. Ці не паўторым мы зноў гэтую памылку?

Адрозьненьне паміж гуманітарнай і стратэгічнай інтэрвэнцыяй робіцца вельмі актуальным. У аснове гуманітарнай інтэрвэнцыі ляжыць кансэнсус міжнароднай супольнасьці, якога настолькі цяжка дамагчыся, што ўсе намаганьні, як правіла, ідуць дарэмна. Зь іншага боку, калі інтэрвэнцыя зробленая ў аднабаковым парадку або кааліцыяй зь некалькіх зацікаўленых дзяржаваў, узмацняецца супраціў з боку дзяржаў, якія асьцерагаюцца, што падобная акцыя можа быць ужытая і супраць іх (напрыклад, Кітая і Расеі). У выніку вельмі цяжка дамагчыся яе падтрымкі ўнутры краіны. Дактрына гуманітарнай інтэрвэнцыі рызыкуе апынуцца ў падвешаным стане паміж яе прынцыпамі і магчымасьцю іх рэалізацыі. Аднабаковая інтэрвэнцыя, наадварот, абыходзіцца дорага ў пляне згоды з боку міжнароднай супольнасьці і ўласнага народу.

Для ваеннай інтэрвэнцыі, стратэгічнай або гуманітарнай, неабходныя дзьве перадумовы. Па-першае, вельмі важная наяўнасьць кансэнсусу з нагоды будучай сыстэмы кіраваньня, якую варта ўсталяваць пасьля скіданьня рэжыму. Калі мэта зводзіцца толькі да адхіленьня цяперашняга кіраўніка, інтэрвэнцыя створыць у краіне палітычны вакуум, што можа выліцца ў грамадзянскую вайну, бо розныя ўзброеныя групоўкі будуць змагацца за ўладу, а суседнія краіны стануць падтрымліваць той ці іншы бок. Па-другое, палітычныя задачы павінны быць ясна выяўленыя і дасягальныя.

Я сумняюся, што сырыйскі выпадак пасьпяхова пройдзе праверку на адпаведнасьць гэтым патрабаваньням. Мы ня можам кідацца з крайнасьці ў крайнасьць, ня маем права бязь ясных мэтаў уцягвацца ў канфлікт, які ўсё больш набывае сэктанцкі характар. Рэагуючы на адну трагедыю, нельга спрыяць узьнікненьню іншай. У адсутнасьці ясна сфармуляванай стратэгічнай канцэпцыі сусьветны парадак, які не прадугледжвае дакладных дзяржаўных межаў і адрозьненьняў паміж канфліктам дзьвюх краінаў і грамадзянскай вайной, ніколі ня будзе стабільным. Абвяшчаючы доўгатэрміновыя мэты і прынцыпы, неабходна ўлічваць усе нюансы праблемы. Пытаньне, якое датычыцца інтэрвэнцыі, павінна быць па-над партыйнымі прыхільнасьцямі, так што падчас дэбатаў, у пэрыяд якіх мы ўступаем, неабходна разглядаць яго менавіта ў такім ключы.