Шараговыя ўкраінцы бяруцца палепшыць імідж Украіны падчас Эўра-2012

Менш чым за тыдзень да пачатку футбольнага чэмпіянату Эўропы ў міжнароднай прэсе не сьціхае хваля адмоўных публікацыяў пра Ўкраіну — ад неналежнага лячэньня былой прэм’еркі Юліі Цімашэнкі да высокіх цэнаў на гатэлі і расізму. Тым часам шараговыя ўкраінцы, у тым ліку ў дзясятках невялікіх гарадоў, плянуюць паказаць гасьцям Эўра-2012 рэальную Ўкраіну.

У гэты ім дапамагае сайт Rooms4Free, на якім кожны ахвочы можа разьмясьціць абвестку аб згодзе бясплатна прыняць у сябе дома замежнікаў, што прыедуць на чэмпіянат Эўропы па футболе. Гэты і падобныя сайты прапануюць турыстам жытло, перакладчыкаў і нават транспартныя паслугі ў іх пераездах з аэрапорту ў гатэль, а таксама паміж гарадамі, дзе будуць адбывацца матчы, і проста турыстычныя туры з экскурсаводамі.

Адзін з такіх добраахвотнікаў, 28-гадовы дызайнэр з Чарнігава Раман Харчанка, зьяўляецца адным з сотняў украінцаў, хто прапанаваў замежным турыстам бясплатнае пражываньне паміж 8 чэрвеня і 1 ліпеня, калі будзе адбывацца чэмпіянат. Ён перакананы, што хоць у Чарнігаве і ня будуць праходзіць матчы Эўра-2012, усё ж яго горад, разьмешчаны за 1,5 гадзіны язды ад Кіеву, прывабіць некага з замежнікаў.

Харчанка: «Гарады, дзе ня будуць праходзіць матчы, відаць, будуць выбіраць у апошнюю чаргу. Але ўсё ж мы спадзяемся, што наш старажытны горад, якому 1300 гадоў, зацікавіць людзей. У нас ціхі, зялёны горад у адрозьненьне ад тлумнага Кіеву...»

Матчы Эўра-2012 будуць адбывацца ў Кіеве, Харкаве, Данецку і Львове.

Іншая добраахвотніца, 43-гадовая Ларыса Казіная з Днепрапятроўску згадзілася прыняць у сябе дома дзьве групы замежных гасьцей на іх шляху з Данецку ў Харкаў.

Казіная: «Па-першае, мы любім людзей, мы — адкрытая сям’я. Другая прычына — для нас гэта свайго роду прыгода. Я цяпер не працую, так што ў нас ёсьць магчымасьць прыняць людзей. Я ня надта добра размаўляю па-ангельску. Але, думаю, на побытавым узроўні мы паразумеемся».

Француская футбольная заўзятарка Ізабэль Карвальё-Гансалес і яе муж, партугалец Жузэ будуць жыць у сям’і Казінай на працягу двух тыдняў падчас паездкі па Ўкраіне. Яны наведаюць усе чатыры гарады, дзе пройдуць матчы.

Ізабэль кажа, што інфармацыя пра высокія цэны на гатэлі і пагроза байкоту чэмпіянату з-за сытуацыі вакол Юліі Цімашэнкі прымусілі некаторых яе сяброў адмовіцца ад паездкі ва Ўкраіну. Але яе з мужам гэта не спыніла:

«Калі вы едзеце на Эўра толькі дзеля спорту, вы шмат ня думаеце пра палітыку. Мы хочам паглядзець матчы і кантактаваць зь мясцовым насельніцтвам. Мы ўжо навязалі кантакты зь некаторымі зь іх і бачым, што яны рады сустрэцца з замежнікамі».

З 2010 году, калі на пасаду прэзыдэнта быў абраны Віктар Януковіч, лідэр савецкага стылю, тэмпы эўраінтэграцыі Ўкраіны значна запаволіліся. Зьменшыўся і грамадзкі энтузіязм. Паводле апытаньняў канца мінулага году, менш за палову ўкраінцаў хочуць бачыць сваю краіну ў складзе Эўразьвязу.