«Па форме — хуліганства, па сутнасьці — антысэмітызм»

Апаганены помны знак у Магілеве

У мінулую нядзелю ў Магілёве невядомыя залілі фарбай памятны знак «У памяць аб габрэях — ахвярах нацызму», які быў усталяваны некалькі гадоў таму на месцы колішняга Магілёўскага гета.
Акт вандалізму здарыўся ў цэнтры гораду непадалёк ад драматычнага тэатру на ажыўленай вуліцы імя Лазарэнкі. Памятны знак са сьлядамі апаганьваньня заставаўся без увагі працяглы час. Пра яго пашкоджаньне паведаміў адзін зь мінакоў.

Старшыня юдэйскай рэлігійнай грамады Магілёва Навум Ёфэ заявіў: «Вандалізм сьведчыць, што сярод нас жывуць людзі, у якіх няма душы. Вось гэта самае страшнае. Гэта ўжо звычайныя выбухі вандалізму, якія маюць месца ў любым грамадзтве. Гэта ня першы выпадак. Такое адбывалася на працягу ўсяе гісторыі габрэйства».

Карэспандэнт: «Ці спадзеяцеся вы на тое, што вінаватага знойдуць?»

Ёфэ: «Мы на гэта спадзяемся, вядома. Гэта нават павучальна будзе ў выхаваўчых мэтах. Бо калі ўсё будзе праходзіць беспакарана, то такія падзеі будуць толькі ўзрастаць».

У аддзеле па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Магілёўскага аблвыканкаму заявілі, што апаганьваньне памятнага знаку — гэта не сыстэмны акт вандалізму:
«Гэта ўсё ж адмарозкі нейкія. Гарадзкія ўлады гэтым цяпер займаюцца й міліцыя. Выпадак, вядома, не ардынарны. Улады, вядома, асуджаюць гэты ўчынак. Пазыцыя афіцыйная будзе агучана», — сказаў супрацоўнік аддзелу.

А ўлады спасылаюцца на... «адмарозкаў

Памятны знак «Габрэям — ахвярам нацызму» ўсталявалі тры гады таму на месцы, дзе ў 1941 годзе фашысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета. Грошы на знак зьбірала талакой габрэйская грамада Магілёва.

Апаганьваньне памятнага знаку на вуліцы Лазарэнкі здарылася празь няпоўныя два гады ад яшчэ адной праявы антысэмітызму ў Магілёве. У сьнежні 2010 году ля будынка, які магілёўскія габрэі зьбіраюцца перарабіць у сынагогу, невядомыя зьнішчылі ханукальны знак-сьвяцільню.

Камунальнікі адмываюць знак ад фарбы



Выкрыць зламысьнікаў міліцыя ня можа дагэтуль, кажа старшыня габрэйскай грамады «Хабад Любавіч» Алег Генэліс: «Зарэгістраваны наш ліст у Ленінскім аддзеле міліцыі. Мы дагэтуль нават адказ на яго не атрымалі. Ханукальную сьвяцільню мы паставілі на месца. Ня ведаю, колькі яна яшчэ там гэтым разам прастаіць. У Магілёве нейкая дурная „традыцыя“ склалася. Нібыта мы павінны быць наперадзе ўсёй Беларусі па гэтых нэгатыўных праявах. Высьвятляецца, што нават гэты знак з далонямі, які нікому не перашкаджае, трэба было абліць фарбай».


Уратаваны ханукальны знак-сьвяцільню магілёўскія габрэі адрамантавалі й усталявалі на месца. На дальнім пляне — будынак, які зьбіраюцца рабіць сынагогай.


Летась у Бабруйску таксама былі зафіксаваныя праявы антысэмітызму. Невядомыя сьпісалі агароджу мясцовай сынагогі антысэміцкімі лёзунгамі і павыбівалі шкло ў вокнах. У 2011 годзе ў Асіповічах на габрэйскіх могілках былі апаганеныя некалькі дзясяткаў надмагільных помнікаў.


На Гомельшчыне ад вандалаў пэрыядычна цярпяць і юдэйскія, і хрысьціянскія могілкі. Юдэйскія — асабліва.

Сёлета ў красавіку ў Лоеве на гарадзкіх габрэйскіх могілках сваякі наткнуліся на дзьве разрытыя магілы — адна была раскапаная ажно да парэшткаў, другая — часткова. Раённы аддзел Сьледчага камітэту па факце зьдзекаў з трупа і магілы распачаў крымінальную справу паводле артыкула 137 Крымінальнага кодэксу.

Летась пры канцы траўня ў Рэчыцы на габрэйскім пагосьце невядомыя вандалы пашкодзілі 14 надмагільных збудаваньняў і помнік ахвярам Галакосту. Заява пра злачынства ў міліцыю паступіла ад кіраўніка мясцовай юдэйскай суполкі.

Яшчэ больш дзікі выпадак здарыўся два гады таму на старых Прудкоўскіх могілках у Гомелі. На левай яго частцы, дзе пахаваны пераважна габрэі, вандалы павалілі звыш 30 надмагільных помнікаў.

Прудкоўскія могілкі


Гаворыць спадар Аляксандар. Магіла ягонай бабулі таксама пацярпела ад вандалаў:

«Тут, на Прудкоўскіх могілках, пахавана мая бабуля. У яе зламалі помнік, агароджу зламалі. Была агароджа з чыгуну, яе вырвалі й забралі. Прыехалі ў тым годзе на Радаўніцу — ужо не было. Тут адны габрэі пахаваныя — за гэта нам зламалі ўсё».

Суразмоўца лічыць, што да вандалізму прычыніліся хутчэй за ўсё скінхэды:

«Я думаю, што паламалі помнікі гэтыя, як яны называюцца, скінхэды. Шмат помнікаў тут паламана. У радзе, дзе бабуля ляжыць, — там усе паламаныя: дзесяць ці пятнаццаць. Да ўладаў мы не зьвярталіся, самі адрамантавалі. А што толку зьвяртацца, калі нічога ня робяць? Вы думаеце, людзі не зьвярталіся? Зьвярталіся, але ніхто не дапамагаў. Не знайшлі вандалаў гэтых».

Your browser doesn’t support HTML5

«Думаю, помнікі паламалі скінхэды»



Мясцовы жыхар, спадар Сяргей, што часьцяком ходзіць паўз могілкі, апавёў: «Тут невядома, хто гэтым займаецца — сатаністы ці скінхэды якія. Тут яшчэ помнікі ведаеце якія — з 1870 ці 1872 году былі. Статуя жанчыны стаяла раней. Апошнім разам я ішоў на рэчку парыбачыць, дык ужо ня бачыў. Аховы ж тут ніякай няма».

Прудкоўскія могілкі, дзе блізу 10 тысяч пахаваньняў, па сутнасьці, ператвараюцца ў звалку. Кіраўнік габрэйскай абшчыны «Бэйт Якаў» Ёсіф Жолудзеў праз інтэрнэт ня так даўно заклікаў фундатараў ахвяраваць на ўпарадкаваньне могілак хоць якія сродкі. Аднак да рэальнага парадкаваньня й аднаўленьня разбураных надмагільных помнікаў справа пакуль не дайшла.

Прыціхлі вандалы, бязьдзейнічае ўлада...

У Берасьці дэмакратычныя актывісты спрабуюць уратаваць памяць пры былую габрэйскую калёнію Варбургаў. Калёнія была пабудаваная ў 1920-я гады, і цяпер яе будынкі ў аварыйным стане.

Кіраўнік Берасьцейскага габрэйскага аб’яднаньня «Брыск» Барыс Брук, камэнтуючы здарэньне ў Магілёве, кажа, што ў Берасьці выпадкаў апаганьваньня юдэйскіх памятных месцаў апошнім часам не было. Аднак ён кажа, што адгалоскі антысэмітызму ў горадзе здараюцца: «Ну, я не магу сказаць, што гэта праявы антысэмітызму, аднак у шмат якіх месцах гораду была намаляваная свастыка. Напэўна, нейкія нэанацысты. А помнікі, дзякуй Богу, пакуль не чапае ніхто».

У многіх месцах Берасьця была намалявана фашысцкая свастыка
Барыс Брук

Спадар Брук распавёў, што габрэйская абшчына Берасьця перажывае з-за заняпаду былой калёніі Варбургаў, пабудаванай у 20-я гады. Улады мяркуюць зьнесьці яе драўляныя будынкі. Спыніць гэта дапамаглі толькі пратэст берасьцейскіх актывістаў і заступніцтва Таварыства аховы помнікаў.

Барыс Брук: «Гэта ня толькі хацела б захаваць габрэйская грамада Берасьця. Гэта, у прынцыпе, гісторыка-культурны помнік. Я ведаю, што Таварыства аховы помнікаў рэспубліканскае таксама выступае за захаваньне».

Як стала вядома, кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч зьвярнуўся ў Міністэрства культуры з просьбай уключыць калёнію Варбургаў у дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны. Аднак, пакуль пытаньне застаецца нявырашаным, у адным з дамоў калёніі здарыўся пажар.

Барыс Брук мяркуе, што ў такіх умовах адстаяць калёнію Варбургаў «практычна немагчыма».
«Людзі, якія там жылі, былі зьнішчаныя. І таму наш абавязак — дбаць аб іх памяці й культуры».

Доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская таксама кажа, што спробы грамадзкасьці адстаяць габрэйскую калёнію з дамамі 20-х гадоў сутыкаюцца зь неразуменьнем чыноўнікаў. Спадарыня кажа, што мясцовыя ўлады не разумеюць значнасьці калёніі Варбургаў для беларускай культуры:

​«Людзі, якія жылі там, яны былі зьнішчаныя. І сёньня мы маем такі абавязак дбаць адносна гэтай культуры — культуры габрэйскай, культуры вельмі спэцыфічнай, цікавай... Мы можам там гэта аднавіць і паказаць шматграннасьць культуры Беларусі праз культуру габрэйскую, габрэйскага народу».

Габрэйскую калёнію пабудавалі ў першай палове 20-х гадоў браты Варбургі і фонд Ракфэлера для небагатых сем’яў юдэйскай абшчыны. У часе Другой усясьветнай вайны насельнікаў калёніі зьнішчылі.

Генэральны дырэктар саюзу беларускіх габрэйскіх абшчынаў і грамадзкіх арганізацыяў Вікторыя Бруміна: «Па форме — гэта хуліганства, а па сутнасьці — акт, які распальвае нацыянальную варожасьць».

«На жаль, праваахоўныя органы Беларусі калі і ўзбуджаюць па фактах вандалізму крымінальныя справы, то толькі як за хуліганства. Нават калі вандалы пакідаюць на могілках зорку Давіда або надпіс «Сьмерць жыдам». Вось гэта нас вельмі турбуе. Бо па форме — гэта хуліганства, а па сутнасьці — акт, які распальвае нацыянальную варожасьць «.

На маёй памяці не было выпадку, каб знайшлі вінаватых, за выключэньнем, па-мойму, у Барысаве некалькі гадоў таму. Гэта былі хуліганы — падлеткі ва ўзросьце да 14–15 гадоў, таму ніякага пакараньня за злачынства яны не атрымалі...»

Карэспандэнт: «Іншым разам даводзіцца чуць меркаваньні, што беларускія ўлады й праваахоўныя органы знарок прыглушваюць пагромы вандалаў на габрэйскіх могілках, каб не выклікаць непажаданага рэзанансу ў грамадзтве ды гучнай крытыкі на міжнародным узроўні...»

Бруміна: «Я вельмі б хацела, каб слухачы „Свабоды“ правільна зразумелі сэнс наступнай думкі: мы знарок не адшукваем выпадкі вандалізму й ніколі іх, як гаворыцца, не раздуваем, але калі гэта здараецца, то хацелася б, каб гэта кваліфікавалася паводле закону і ў адказ прымаліся адпаведныя меры».

Карэспандэнт: «У Беларусі, на жаль, вандалізм выяўляецца даволі часта. Пра гэта і сёньня расказалі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды». Тым ня менш беларускае грамадзтва, а таксама асобныя грамадзяне ды дэмакратычныя грамадзкія арганізацыі праяўляюць клопат аб ушанаваньні памяці пра габрэяў, іх дзейнасьці ў фашысцкім падпольлі ці ў пасьляваенны час.

«Нагадаю, што пры Саюзе беларускіх габрэйскіх абшчынаў і габрэйскіх арганізацыяў створана і дзейнічае камісія па ўвекавечваньні месцаў масавага вынішчэньня габрэяў. І літаральна кожны год мы ўсталёўваем ад 10 да 12 помнікаў на месцах масавага зьнішчэньня габрэяў. Гэта тыя месцы, якія ніякім чынам не абазначаныя. Іншы раз там стаяць нейкія знакі ці помнікі, але за прамінулы час яны разбураныя. І такіх месцаў на сёньня яшчэ вельмі шмат...»