Нябёсныя сьвяцілы — тое, без чаго літаратура аніяк абыйсьціся ня можа — што ў сэнсе наўпроставым, што ў пераносным. Яны і асьвятляюць, яны і прыцягваюць, пра іх пішуць. Паглядзім на некаторыя беларускія кнігі, дзе зоркі ёсьць аднымі з найгалоўных герояў.
ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН. ПАМІЖ ЗОРКАЙ І СЬВЕЧКАЙ.
Менск, «Бацькаўшчына», 2000Б’юць па сьпіне цапы
Зрок засьцілае мліва...
Цярпі, народ, цярпі
Раз ты такі цярплівы.
З вышыні пражытых гадоў, калі прамінулі асноўныя жыцьцёвыя буры й віры, паэт азіраецца на тое, што засталося там, ацэньваючы ды злучаючы з сёньняшнім — асабістае і дзяржаўнае, нябёснае і зямное, думкі пра тое, што вакол... Думкі чалавека, які разумее, дзе праўда, дзе мана, дзе слушныя ўчынкі, а дзе тыя, за якія сорамна. У кнізе — мудрасьць, усьведамленьне, тое, што прыходзіць да кожнага нармальнага чалавека. Восеньскі паэтычны настрой.
... я запытаў, хто знойдзе шлях
Бог адказаў:
«Ты сам».
МАКСІМ БАГДАНОВІЧ. ЗОРКА ВЭНЭРА. ПОЎНЫ ЗБОР ТВОРАЎ У 3 Т. Т. 1.
Менск, «Навука і тэхніка», 1992
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Сьветлыя згадкі з сабой прывяла...
МІКОЛА КАНДРАТАЎ. ВЕРШЫ І ЗОРКІ.
Менск, «Мастацкая літаратура», 2008Нашы сьцежкі ляглі
праз лагчыны, узгоркі...
Хто раней мы былі -
птушкі?
воблакі?
зоркі?
УЛАДЗІМЕР КАСЬКО. СЬВЯТЛО ДАЛЁКАЙ ЗОРКІ.
Менск, «Унівэрсытэцкае», 1997Далёкая зорка нагадвала яму Беларусь. Яму — фальклярысту, этнографу, мовазнаўцу, публіцысту Аляксандру Сержпутоўскаму. Вялікую частку жыцьця ён быў далёка ад Радзімы, але менавіта ёй прысьвячаў свае працы. Тая зорка, што ўсё жыцьцё вяла далей — на новыя пошукі і знаходкі беларушчыны, дзе ён ведаў гэтак шмат... Дасьледнік старажытных народных звычаяў, абрадаў, мовы, зьбіральнік казак, паданьняў, легенд. Нястомны вандроўнік, ён пехатою перамерыў безьліч дарог і шляхоў, апавядаючы, што ж такое Беларусь. Тая самая зорка заўжды клікала яго ў новыя падарожжы, пасьля якіх з’яўляліся новыя кнігі...
У кнізе Ўладзімера Касько абагульняецца дзейнасьць навукоўца, і чытач скіроўваецца да безпасярэдняга знаёмства з працамі Сержпутоўскага. За час сваёй дзейнасьці гэты падзьвіжнік зьдзейсьніў столькі, колькі цяпер — цэлы дасьледніцкі інстытут. Сьвятло зоркі Сержпутоўскага і сёньня асьвятляе беларускі шлях.
БЕЛАРУСКАЯ МІТАЛЁГІЯ. ЭНЦЫКЛЯПЭДЫЧНЫ СЛОЎНІК
Менск, «Беларусь», 2004Чытаючы артыкулы, так бы мовіць, нябёсныя, ловіш сябе на думцы, што ўва ўсім гэтым, што захавалася, што зафіксавана дасьледнікамі — учора і сёньня, у тым, што сам чуў і ўспрыняў — фрагмэнты, кавалачкі, шматкі той традыцыі, тае нашае навукі, якая калісьці была цэльнай і магутнай. Тое, пра што сёньня можна хіба здагадвацца, разважаючы і супастаўляючы розныя, часьцей за ўсё ўжо раз’яднаная фрагмэнты. Але калі нават і не занурацца ў глыбокія нетры, усё адно — як містычна, паэтычна, натхняльна апавядаюць нашыя паданьні! Пра тое, што «калі месяц састарэе, то Бог крышыць яго на зоры». Альбо пра Сіта-Пляяды — тыя «нябёсныя сьвечкі, якія гараць там, дзе зьбіраюцца душы памерлых і дзе анёлы адсяваюць праведныя душы ад грэшных».
Космас, адным словам. Наш, беларускі.