Аляксея Пікуліка арыштавалі на пяць сутак

Акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (Вільня), прафэсара Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Санкт-Пецярбургу Аляксея Пікуліка асудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту.
Такі прысуд вынес 1 чэрвеня суддзя Цэнтральнага раёну Менску Якунчыхін.

16.30 Судьдзя Якунчыхін адхіліў хадайніцтва аб недаверы суду, якое заяўляў Пікулік. Паседжаньне працягнулася. Выступілі сьведкі Аляксей Гарошка і Аляксей Карповіч, якія служаць у палку міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Яны заявілі, што яны праходзілі паўз двор дома па адрасе Няміга, 6, у якім жыве Аляксей Пікулік, і пабачылі, як ён стаяў у двары, моцна нецэнзурна лаяўся. Пасьля таго, як яны да яго падышлі, ён нібыта стаў іх абражаць. Яны склалі пратакол пра правапарушэньне.

Сам Аляксей Пікулік гэта абвяргае. Ён сьцьвярджае, што выйшаў з дому, да яго падышлі два чалавекі, які сказалі, што яны з крымінальнага вышуку, і запрасілі прайсьці зь імі.

Выступіла таксама сьведка Алена Пікулік, маці Аляксея Пікуліка. Яна сказала, што Аляксей выйшаў з дому ў 18.15. У той жа час у складзеным міліцыянтамі пратаколе час затрыманьня пазначаны 18.10. Яна зьвярнула ўвагу на гэтае несупадзеньне.

Цяпер у судзе перапынак на некалькі хвілінаў, бо высьвятляецца асоба Пікуліка. Ён зьяўляецца прафэсарам Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Санкт-Пецярбургу. Суд патрабуе дакумантаў, якія б гэта засьведчылі.

Your browser doesn’t support HTML5

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў: Суд над Пікулікам нагадваў Кафку



15.15 Судовы працэс пачаўся. Аляксей Пікулік заявіў шэраг хадайніцтваў, але судзьдзя ўсе адхіліў. Тады Пікулік заявіў пра недавер судзьдзі. Судзьдзя пайшоў у дарадчы пакой.

Аляксей Пікулік адзначыў журналістам, што ў яго ёсьць падставы меркаваць, што да яго ставяцца перадузята.

14.50 Пікуліка прывезьлі ў суд. Справу будзе разглядаць судзьдзя Якунчыхін.

Разгляд справы павінен пачацца а 12-й, паведаміла БелаПАН выканаўчы дырэктар BISS Тацяна Кузіна.

Пікуліка затрымалі 31 траўня ў Менску.

Пра акалічнасьці яго затрыманьня пакуль нічога не вядома.

Паводле зьвестак адваката, з пастарунку міліцыі Цэнтральнага раёну Пікуліка накіравалі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.

Інфармацыю пра тое, што затрыманы знаходзіцца менавіта там, пацьвердзіла і яго маці — ёй патэлефанавалі з ізалятара на хатні тэлефон і паведамілі, што Аляксей знаходзіцца ў ЦІП.

6 красавіка ў Менску машыну Пікуліка спынілі супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі прайсьці ў РУУС Цэнтральнага раёну для правядзеньня працэдуры апазнаньня.

Тады кіраўніка дасьледнай установы, прафэсара Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Санкт-Пецярбургу западозрылі ва ўдзеле ў бойцы і ў падробцы дакумэнтаў. На падставе апошняга падазрэньня ў яго забралі пашпарт і iPad.

Пашпарт яму не вярнулі да гэтага часу. Калегі Пікуліка выказваюць меркаваньне, што цяперашняе затрыманьне — працяг гэтай справы.