Дзень цьвярозасьці, а потым — тыдзень запою

У Беларусі — паўмільёна хранічных алькаголікаў. Дэманструючы змаганьне з масавым алкагалізмам, мясцовыя ўлады ў асобных рэгіёнах абвясьцілі на адзін дзень забарону на продаж сьпіртнога, а таксама піва і слабаалькагольных напояў. Гэтае сваё рашэньне чыноўнікі тлумачаць «апошнім званком» у школах.

Тым часам райвыканкамы двух суседніх раёнаў Меншчыны — Слуцкага й Салігорскага — увогуле забаранілі продаж «чарніла» — нізкаякасных алькаголдьных сурагатаў. Але ці ратуюць ад алькагалізму беларускае грамадзтва «дні цьвярозасьці» ды іншыя часовыя абмежаваньні?


Ужо сёлета ў Салігорскім раёне міліцыянты выявілі больш як паўтоны фальсыфікаваных сьпіртовых напояў, а таксама 200 літраў самагонкі й брагі. За гэты час з гораду вывезьлі ў ЛТП паўсотні хранічных алькаголікаў. П’яныя ўчынілі амаль паўтысячы правапарушэньняў і злачынстваў.

Пра п’янства як масавую зьяву разважае жыхарка Салігорску Ларыса Насановіч:

«Тут п’юць усе. Таму людзі, якія прыяжджаюць у Салігорск зь іншых гарадоў, а таксама з Расеі, кажуць так: „Салігорск — горад прыгожы, але ў вас шмат п’юць…“ І гэта праўда. Штодзённа можна пабачыць, што хтосьці ляжыць каля крамы, і то ўжо ў 10 гадзін раніцы…

А асабліва трывожныя ў Салігорску (усе пра гэта ведаюць і кажуць) дні — 15-га і 25-га, калі даюць заробкі й вельмі шмат п’яных на вуліцах, у сквэрах, у дварах. Гэтым карыстаюцца крымінальныя элемэнты. Яны падпільноўваюць п’яных шахцёраў і адбіраюць грошы ці банкаўскія карткі. Колькасьць такіх злачынстваў вельмі высокая…»

У суседнім Слуцку, які быў пачынальнікам у забароне продажу пладова-ягаднага віна нізкай якасьці, сытуацыя ня лепшая. Паведамляе рэпарцёр незалежнай газэты «Інфа-кур’ер» Алесь Дастанка:

«Мы літаральна гэтымі днямі паведамлялі, што алькаголікаў у Слуцку становіцца больш».

Карэспандэнт: «І гэта адбываецца таму, што людзі адшукваюць месцы, дзе набыць сьпіртное…»
Няма ў продажы „чарніла“, то п’юць гарэлку іншымі дозамі, але ж эфэкт той самы.

«Так, вядома, — пагаджаецца суразмоўца і дадае: — Няма ў продажы „чарніла“, то п’юць гарэлку іншымі дозамі, але ж эфэкт той самы».

Пытаюся ў суразмоўцы пра выпадкі самагонаварэньня, бо ў Слуцку — цукровы завод і можна таньней прыдбаць сыравіну для «цукроўкі».

«Мы нядаўна паведамлялі, што на Случчыне ў параўнаньні з суседнімі раёнамі ад пачатку году міліцыя сканфіскавала найбольш брагі й самагону…»


І ў Гомелі сёньня ад 8-й раніцы да 22-й вечара забаронена прадаваць у крамах алькагольную прадукцыю. У мясцовым унівэрсаме «Званочак» карэспандэнту ўдакладнілі: «Нічога не прадаём, нават піва».

Летась 2 жніўня, акурат у Дзень паветрана-дэсантных войскаў, у Гомелі правялі агульнагарадзкі «дзень цьвярозасьці» — забаранілі на суткі продаж сьпіртовых напояў ва ўсіх крамах, апрача бараў і рэстарацыяў. Забаранялі прадаваць алькагольныя напоі і падчас выпускных вечароў у школах.
Паводле зьвестак управы гандлю, у «дні цьвярозасьці» бюджэт не дабірае каля 800 мільёнаў рублёў.

Празь некаторы час старшыня гарвыканкаму Віктар Піліпец на сустрэчы з моладзьдзю прызнаваўся, што ня бачыць эфэкту ў «днях цьвярозасьці». Па словах чыноўніка, у барацьбе з п’янствам гэта не дапамагае. Апрача таго, абмежаваньне продажу сьпіртовых напояў скарачае паступленьні ў бюджэт. Гандлёвыя прадпрыемствы, паводле зьвестак управы гандлю й паслуг гарвыканкаму, страчваюць каля 800 мільёнаў рублёў за дзень. На паліцах застаецца ня толькі алькаголь, але й ня купленая да яго закуска.

Не зьмяняюць карэнным чынам стаўленьня насельніцтва да спажываньня сьпіртовых напояў і часовыя забароны райвыканкамаў на продаж танных пладовых вінаў, як летась у Рагачоўскім раёне, а сёлета — у Акцябрскім. І ўрэшце бярэ верх матэрыяльны складнік — тавараабарот, які заўважна зьніжаецца. А за ім зьмяншаюцца і паступленьні ў бюджэт.

Гаворыць актывіст кампаніі «Наша альтэрнатыва», студэнт юрыдычнага факультэту Андрусь Цянюта:

«На мой погляд, „дні цьвярозасьці“ не ўратуюць Беларусь, таму што гэта найперш паказальныя меры. Кааліцыя „Наша альтэрнатыва“ распачала збор подпісаў за прыняцьцё антыалькагольнага закону, які б забараніў выраб і продаж у Беларусі пладова-ягадных вінаў, продаж алькагольных напояў людзям, маладзейшым за 21 год. Мы патрабуем забараніць усякую рэкляму алькагольнай прадукцыі на тэлебачаньні і ў іншых сфэрах і падняць кошты на алькагольныя вырабы».


У Магілёве даўно ўжо не чуваць пра «дні цьвярозасьці». Часьцей зьяўляюцца абвесткі пра абмежаваньні продажу піва і гэтак званага «чарніла». Па-за ўвагай не застаецца і барацьба з самагонаварэньнем.

Цяпер у Магілёве набыць пляшку «пладова-ягаднага» дазваляецца ад 10-й да 12-й гадзіны і ад 14-й да 18-й. Чыноўнікі заяўляюць, што продаж «чарніла» за год «экспэрымэнту» скараціўся ўдвая.

Тым часам людзей зь відавочнымі прыкметамі пахмельля, якія зранку і ўвечары таўкуцца ля крамаў, не паменела. Ня сталі меней піць і ў сельскай мясцовасьці, заяўляе наведніца адной з крам.
Я вось зь вёскі. Госпадзі, там у іх адна мэта — ад ранку напіцца.

«Нашых гэтых алькаголікаў нічога не спыняе. Знаходзяць гэтыя свае „точкі“, дзе хто прадае. Я вось зь вёскі. Госпадзі, там у іх адна мэта — ад ранку напіцца. Атрымалі пэнсію — на два дні больш няма».

За два першыя месяцы году міліцыя канфіскавала 477 літраў самагонкі і іншых напояў, якія вырабляліся і прадаваліся незаконна. Заяўляюць, што абмежаваньні станоўча паўплывалі на ўзровень злачыннасьці.

Дык ці праўда, што «дні цьвярозасьці» і іншыя абмежаваньні могуць зьменшыць спажываньне алькаголю — цікаўлюся ў мінакоў.

Спадарыня: «Не. Як паказвае практыка, людзі стараюцца загадзя купіць алькаголь, каб такім чынам адзначыць «дзень цьвярозасьці».

Спадарыня: «Вырашэньне такіх пытаньняў залежыць ад разьвіцьця інтэлекту асобы. І калі дазваляе інтэлект, чалавек не спажывае. А гэтыя „дні“, забароны выніку патрэбнага не даюць. Гэта не вырашае праблемы. Гэта проста мерапрыемствы».

Дваццаць дзьве з паловай тысячы жыхароў Магілёўшчыны стаяць на наркалягічным уліку. Амаль восем тысяч — пад прафіляктычным наглядам. Спэцыялісты-нарколягі прызнаюць, што гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальных маштабаў алькагалізацыі грамадзтва. Сумняваюцца яны і ў тым, што абмежаваньні продажу алькаголю здольныя палепшыць сытуацыю.

«Гэта не рашэньне праблемы. У першую чаргу такім людзям трэба аказваць мэдычную дапамогу, а мы ўвесь час зь нечым змагаемся», — зазначае супрацоўніца абласнога наркалягічнага дыспансэру.

У магілёўскім клюбе ананімных алькаголікаў салідарныя зь меркаваньнем мэдыка. Абмежаваньні — не дапамога, заяўляе адзін з наведнікаў клюбу:

«Для пачаткоўцаў, для падлеткаў гэта, можа, і дапамога, але гэта не вырашае праблемы — гэта адназначна. За вушы гэта прыцягнута, я лічу так. Калі я захачу выпіць, хоць я ўжо дванаццаць гадоў не ўжываю алькаголю, то знайду заўжды, усюды і бяз грошай».

Беларусь у апошнія гады стабільна ўваходзіць ва ўсясьветны ТОП-10 як па аб’ёмах вытворчасьці моцных напояў, так і па іх спажываньні. У 2011–2012 гадах сярэднія цэны на алькаголь у краіне вырасьлі амаль у 3 разы, а фізычна продаж гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў павялічыўся больш як на 18 працэнтаў.

У 2012 годзе квоту на вытворчасьць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў павялічылі на 7,3% — да 20 мільёнаў дэкалітраў. Паводле прагнозу, продаж сьпіртнога на душу насельніцтва павялічыцца да 13–14 літраў на чалавека супраць 12,4 літра ў 2011 годзе. Паводле разьлікаў мэдыкаў, крытычная адзнака, пасьля якой наступаюць незваротныя дэмаграфічныя наступствы, — гэта 8 літраў на чалавека.