Літоўскі гісторык: Статут ВКЛ, на які зьбіраюць грошы, зусім ня рэдкасьць

Гісторык Ірэна Валіканіце, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, лічыць, што выданьне Статуту ВКЛ на старабеларускай мове, дзеля выкупу якога быў абвешчаны збор грошай у Беларусі, зусім ня рэдкасьць, — паведамляе DELFI.

Паводле яе словаў, у Літве ёсьць некалькі падобных экзэмпляраў. Ёсьць яны ў Польшчы, Расеі і ва Ўкраіне. Да таго ж гэта ня рукапіс, а друкаванае выданьне. Нашмат большую каштоўнасьць маюць ранейшыя Статуты 1529 і 1566 гадоў.

Актыўнасьць беларусаў па вяртаньні Статуту на радзіму Валіканіце пракамэнтавала так: «Відаць, у іх няма. Але для нас гэта ня унікум. Нам пэўна ня трэба зьбіраць грошы…»

Дырэктар Палаца кіраўнікоў Відас Далінскас увогуле выказаў сумнеў у тым, што беларусам дазволяць легальна вывезьці Статут з Расеі, нават калі яны зьбяруць 45 тысяч даляраў. Паводле ягонай інфармацыі, без адмысловага дазволу Мінкульту з Расеі нельга вывозіць нічога старэйшага за 50–100 гадоў. Далінскас пацьвердзіў, што выданьне на старабеларускай мове нашмат больш каштоўнае за выданьні таго ж Статуту на польскай мове.

Музэй гісторыі Магілёва абвясьціў дабрачынную акцыю, каб сабраць сродкі на выкуп Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, арыгінальнага выданьня.

Статут быў выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне ўладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Асобнік ацэнены на $45 тысяч.

Ва ўсім сьвеце каля 60 асобнікаў усіх трох выданьняў Статуту, зь іх 29 — выданьня 1594–1595 гадоў. Яны ёсьць у Вялікабрытаніі (1), Літве (6), Польшчы (6), Расеі (11), Украіне (5), а ў Беларусі няма ніводнага. І прыватныя асобы, і дзяржаўныя інстытуты краіны ўжо рабілі спробы выкупіць асобнік Статуту, аднак беспасьпяхова. Да збору грошай на вяртаньне Статуту падлучыўся Нацбанк, які таксама накіраваў у камэрцыйныя банкі прапанову ахвяраваць грошы на вяртаньне арыгінальнага выданьня на старабеларускай мове.