Больш як тры мільёны рублёў кары за рыдлёўкі для дэпутатаў

Зінаіда Цімошак, фота газэты «Інфа-кур’ер».

Суд Слуцкага раёну прысудзіў грамадзкую актывістку Зінаіду Цімошак да сплаты 3 мільёнаў 220 тысяч рублёў.
17:20 Слуцкі суд абавязаў грамадзкую актывістку Зінаіду Цімошчык сплаціць дэпутатам 2 мільёны 800 тысяч рублёў.

Судзьдзя Сьвятлана Пастухова пастанавіла спагнаць зь Зінаіды Цімошак 700 тысяч рублёў на карысьць кожнага з чатырох дэпутатаў. Апроч гэтага актывісты давядзецца заплаціць і дзяржпошліну — агулам на 420 тысяч рублёў (4 разы па 105.000).


11:00 Заяўнікі — чатыры дэпутаты мясцовага райсавету, якія маюць намер спагнаць з пэнсіянэркі Зінаіды Цімошак шматмільённыя грашовыя зыскі нібыта за зьнявагу свайго гонару й годнасьці 1 кастрычніка на суботніку, які адбыўся на старых могілках па вуліцы 14 Партызанаў. Тады для загадзя запрошаных дэпутатаў нехта выставіў на могілках рыдлёўкі. На чаранках іх былі прымацаваныя таблічкі з надпісамі дэпутатаў. Ім гэтыя рыдлёўкі з надпісамі падаліся крыжамі.

Празь месяц часу Зінаіду Цімошак абвінавацілі ў тым, што яна «наўмысна зьняважыла гонар і годнасьць дэпутатаў у непрыстойнай форме». Таму ў Слуцку па адміністрацыйнай справе супраць Зінаіды Цімошак адбыліся ўжо чатыры судовыя паседжаньні.

У гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» Зінаіда Цімошак заявіла, што яна не прызнае сябе вінаватай і ня мае дачыненьня да так званых імянных рыдлёвак дэпутатаў, сьцьвярджае, што іх прынёс нехта іншы.

Паводле Зінаіды Цімошак, каб падтрымаць яе, у залі суду прысутнічаюць 49 грамадзкіх актывістаў й жыхароў Слуцку.

Старшынюе на паседжаньні судзьдзя Сьвятлана Пастухова.

Паводле Зінаіды Цімошак, яна атрымлівае цяпер толькі пэнсію школьнага настаўніка, а «трое дэпутатаў патрабуюць па 5 мільёнаў рублёў, яшчэ адзін — 7 мільёнаў.