Трэці транш крэдыту ЭўрАзЭС у Беларусь так і не дайшоў

Міністэрства фінансаў Беларусі прызнала адсутнасьць прагрэсу ў справе ўзычэньня чарговага траншу крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.
Беларускі бок так і ня выканаў шэраг умоваў дзеля атрыманьня трэцяй часткі пазыкі ў памеры 440 мільёнаў даляраў у рамках стабілізацыйнага крэдыту агульнай сумай 3 мільярды даляраў.

На мінулым тыдні міністар фінансаў Андрэй Харкавец заявіў, што Менск разьлічвае паставіць кропку ў гэтым пытаньні 24 траўня. Аднак перамовы з прадстаўнікамі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС ні да чаго не прывялі.

Асноўнай перашкодай для атрыманьня чарговага траншу застаецца патрабаваньне больш жорсткай грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі. Прапанаваныя фондам захады патрабуюць карэкціроўкі ключавых прагнозных дакумэнтаў на 2012 год, якія зацьвярджаюцца ўказамі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак беларускі бок лічыць рэкамэндацыі збольшага «лішнімі дадатковымі страховачнымі мэханізмамі».