«Будучыня Беларусі» — у Вільні

У Вільні пачала працу двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя «Будучыня Беларусі», прымеркаваная да 20-годзьдзя незалежных дасьледаваньняў Беларусі і заснаваньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).
Спонсарамі канфэрэнцыі выступілі амэрыканскае фэдэральнае агенцтва па міжнародным разьвіцьці, міжнародная арганізацыя ПАКТ, міністэрства замежных справаў Літвы і літоўскі Цэнтар усходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў. На канфэрэнцыі сабраліся дасьледчыкі зь Літвы, Польшчы, Расеі, Вялікабрытаніі, ЗША і, найперш, самой, Беларусі.

Адкрываючы канфэрэнцыю, заснавальнік НІСЭПД, прафэсар Алег Манаеў адзначыў, што незалежныя дасьледаваньні адрозьніваюцца ад традыцыйных акадэмічных штудый тым, што яны адрасуюць атрыманыя веды не сабе, не ўладнай эліце, а ўсяму грамадзтву.

Ён працытаваў думку прафсаюзнага лідэра Аляксандра Ярашука, паводле якога самае галоўнае, што здолелі набыць незалежныя дасьледчыкі — гэта сапраўдны крэдыт даверу з боку грамадзтва. Прафэсар Манаеў прыгадаў, у якіх умовах працуюць незалежныя дасьледнікі ў Беларусі, што НІСЭПД юрыдычна 8-ы год зьяўляецца літоўскай грамадзкай арганізацыяй.

Заснавальнік НІСЭПД прыгадаў сёлетнія прагнозы Зьбігнева Бжазінскага і дырэктара амэрыканскага цэнтру Стрэтфар Джорджа Фрыдмана пра тое, што да 2015 году Беларусь можа зьнікнуць з мапы сьвету, такая пагроза робіць неабходнасьць пазнаньня грамадзтвам самога сябе асабліва актуальнай.

Удзельнікаў канфэрэнцыі вітаў намесьнік міністра замежных справаў Літвы Вітаўтас Ляшкявічус. Ён, як і прафэсар Манаеў, казаў пра пагрозу эрозіі беларускай незалежнасьці. На думку намесьніка міністра замежных справаў Літвы, незалежная экспэртыза — краевугольны камень зьменаў у грамадзтве.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан пачаў свой выступ з цытаты дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан. Паводле яе, свабоды сходаў, слова і аб’яднаньняў ёсьць праявы адной свабоды — свабоды злучаць, свабоды злучаць людзей, абменьвацца фактамі і ідэямі. «Кантэкст — вось што даюць незалежныя дасьледаваньні,» — сказаў спадар Скэнлан.

Палітычнае разьвіцьцё, грамадзянская супольнасьць, эканамічны крызіс, беларуская ідэнтычнасьць, Беларусь у эўрапейскім кантэксьце, структура і будучыня незалежных дасьледаваньняў — такія тэмы будуць абмяркоўвацца падчас дзьвюх дзён канфэрэнцыі. Сярод дакладчыкаў — Ганс-Георг Вік, Аляксандар Ярашук, Алег Манаеў, Андрэй Вардамацкі, Станіслаў Багданкеіч, Аркадзь Мошас і іншыя.