Афіцыйны Менск супраць павелічэньня колькасьці польскіх дыпляматаў у Беларусі

Беларусь, паводле прэ-сакратара МЗС Андрэя Савіных, ня лічыць мэтазгодным павелічэньне колькасьці консульскіх працаўнікоў Польшчы на сваёй тэрыторыі.
Як заявіў, паводле агенцтва «Интерфакс-Запад», у чацьвер у Менску прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных, «польскі бок раней зьвяртаўся да нас з такой прапановай». «Але мы не перакананыя, што гэта — адзінае рашэньне (павелічэньне колькасьці консульскіх супрацоўнікаў з мэтай паскарэньня выдачы віз беларускім грамадзянам)», — падкрэсьліў Савіных.

Ён удакладніў, што ў Беларусі працуюць 26 консульскіх супрацоўнікаў Польшчы, пры гэтым беларускіх супрацоўнікаў у Польшчы, пры аналягічных нагрузках, працуе значна менш. «Патрэбнага эфэкту можна дамагчыся за кошт вызваленьня консульскіх супрацоўнікаў ад неўласьцівых ім функцый і рэарганізацыі працэсу», — сказаў Андрэй Савіных.