«У многіх вёсках цяпер горш, чым пасьля вайны...»

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 23 траўня 2012 году
Назіраючы за тым, якім паказвае жыцьцё ў сёньняшняй Беларусі дзяржаўнае тэлебачаньне, і параўноўваючы ўбачанае з уласнай паўсядзённасьцю, уласным жыцьцёвым досьведам, многія нашы слухачы бяруцца за паперу ды ручку — і пішуць на «Свабоду».

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Язэпа Ідолінскага зь вёскі Чудзенічы Лагойскага раёну. Аналізуючы тыя зьмены ў абліччы гарадоў і некаторых вёсак, якія ўлада лічыць сваім дасягненьнем, слухач акцэнтуе ўвагу на тым, што многія з гэтых зьменаў, па сутнасьці, — бутафорыя, паказуха. Спадар Язэп піша:

«Асабіста для мяне абрэвіятура РБ — не Рэспубліка Беларусь, а Рэспубліка Бутафорыя. Усюды, на кожным кроку нам імкнуцца пусьціць пыл у вочы. Прыкладаў шмат. Вось новыя аўтобусныя прыпынкі: нібыта прыгожыя, са шкла і плястыку. Але зроблена ўсё так, што на іх не схаваесься ні ад сьцюжы, ні ад дажджу, ні ад ветру, ні ад сьнегу. Прычым — ні зімой, ні летам.

Тое ж можна сказаць і пра новыя жывёлагадоўчыя комплексы: звонку — прыгожа, а ўсярэдзіне — зьдзек з жывёлы.

А колькі ў нас пустой пахвальбы! Вось трубілі ўсе афіцыйныя СМІ, што летась сабралі звыш 8 мільёнаў тон зерня. Ды калі ў нас столькі хлеба, дык чаму кошты на гэты хлеб для ўласнага насельніцтва растуць кожны месяц? Дзе ж тыя вашы мільёны? Гэта ж не далікатэсы, не раскоша — асноўны харч для многіх бедных беларусаў.

А аграгарадкі? Паказуха на тле таго, як ціха, бяз стогну паміраюць сотні і тысячы іншых вёсак і вёсачак. Што зрабіла ўлада дзеля іх выратаваньня за мінулыя 18 год? Ды нічога. Сытуацыя — горшая, чым пасьля вайны. Тады многія вёскі былі спалены фашыстамі, але яны хутка адрадзіліся: бо былі людзі, якія імкнуліся жыць на роднай зямлі. А пасьля цяперашніх, так бы мовіць, „акупантаў“ гэтыя вёскі ўжо ніхто не адродзіць. Няма такой сілы. А бутафорыя — тут як тут. Новыя дамкі, пабудаваныя дзеля паказухі, стаяць на пагорку, а вялікай вёскі няма, памерла. Улада ў сілу сваёй прыхільнасьці да бутафорыі любіць называць Беларусь „сінявокай“... Прыдумалі ж такое! У мяне ў сувязі з гэтым штампам зусім іншыя асацыяцыі: замест сініх вачэй глядзіць сёньняшняя беларуская вёска на сьвет бельмамі зачыненых аканіц ды выбітых шыбаў у апусьцелых хатах. Аж крычаць хочацца ад бездапаможнасьці і абурэньня...»
.

Вельмі дакладныя назіраньні, спадар Язэп. Марудную сьмерць родных вёсак назіраюць сёньня некалькі пакаленьняў беларусаў. Прычым многія зь іх зусім ня супраць былі б жыць на роднай зямлі, у роднай хаце. Але як там заставацца, калі на калгасны заробак часта немагчыма выжыць, калі іншай працы няма, калі зачынілі школу, дзіцячы садок, амбуляторыю?.. У так званыя «прэзыдэнцкія дамкі» дзяржава за мінулыя паўтара дзесяцігодзьдзя ўклала мільярды даляраў. У шэрагу выпадкаў гэтае жыльлё так і засталося незаселеным, незапатрабаваным. Магчыма, калі б гэтыя мільярды былі ўкладзеныя ў стварэньне на вёсцы новых прывабных працоўных месцаў — вынік быў бы зусім іншы.

А што да паэтычнага вобразу «сінявокай Беларусі», то прыдумалі яго зусім не цяперашнія афіцыйныя ідэолягі. Яны актыўна (і часта недарэчы) выкарыстоўваюць яго ў сваіх прапагандысцкіх мэтах — гэта праўда.

Але вобраз гэты зьявіўся задоўга да Лукашэнкі.

Ёсьць такія вершаваныя радкі:

Беларусь мая сінявокая,
Васілёчак мой дарагі,
Узьляцела ты ясным сокалам,
Над табою ляцяць сьцягі!

Напісаны яны былі беларускай паэткай Нэлі Тулупавай шмат дзесяцігодзьдзяў таму — у 60-я гады мінулага стагодзьдзя.

Лёс палітвязьня Сяргея Каваленкі, асуджанага за вывешваньне на віцебскай плошчы нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга, турбуе нашага даўняга сябра Васіля Завадзкага з Маладэчна. У сваім лісьце слухач піша:

«Сёньня наш сапраўдны нацыянальны герой сядзіць у турме — згаладалы, зьнясілены. І я прашу гаспадзіна прэзыдэнта Лукашэнку выпусьціць зь няволі гэтага добрага чалавека. Няхай ён будзе на свабодзе, разам з жонкай і малым дзіцяткам. Няхай хоць у гэтым выпадку Лукашэнка дазволіць перасуд — сумленны і законны.

Сапраўдных патрыётаў радзімы ў нас цяпер судзяць як здраднікаў — толькі за тое, што яны памятаюць і шануюць сваю гісторыю, былую славу сваіх продкаў. Улада прыходзіць — улада сыходзіць. А народ застаецца. Мела рацыю наша вялікая пісьменьніца Ларыса Геніюш, калі, зьвяртаючыся да моладзі, пісала:

Нам ня страшны сібірскі больш холад,
нам ня страшны маскаль або лях,
чужы серп непатрэбны, ні молат —
мы разгорнем крывіцкі наш сьцяг!

Калі ў ’95 годзе ўлада забараняла бел-чырвона-белы сьцяг, дык спасылалася на тое, што яго нібыта выкарыстоўвалі калябаранты падчас вайны. Можа, дзе-нідзе так і было — да нацыянальных сьвятыняў многія хацелі прымазацца. Але ці сьцяг у тым вінаваты? Наколькі больш мудра паступіла на пачатку
90-х гадоў расейская ўлада, калі вярнула народу гістарычны трыкалёр. А яго ж таксама выкарыстоўвала армія генэрала Ўласава, якая ваявала на баку фашыстаў.

Добра, вярнулі нам крыху падпраўлены савецкі сьцяг. А ў яго якая гісторыя? Пад чырвоным сьцягам гналі ні ў чым не вінаватых людзей у ГУЛАГ, расстрэльвалі ў Курапатах. І ніхто за гэтыя жудасныя злачынствы не панёс справядлівай кары.

Міне некаторы час — і гісторыя паставіць усё на свае месцы. Я то ўжо, напэўна, да гэтага не дажыву. А хацелася б...»
.

Нацыянальную дзяржаўную сымболіку, прыйшоўшы да ўлады, на ўласны капыл мянялі многія аўтарытарныя лідэры. Сьцяг Веймарскай рэспублікі, захапіўшы ўладу ў Нямеччыне, забараніў Гітлер: памяняў жоўта-чырвона-чорны штандар на нацысцкі — чырвоны са свастыкай. Савецкая сымболіка была прыдуманая для трох балтыйскіх краінаў, акупаваных Савецкім Саюзам — а нацыянальныя сьцягі і гербы, што былі дзяржаўнымі да 1940-га году, апынуліся пад строгай забаронай. Былі забароненыя альбо значна падпраўленыя, каб дагадзіць новым камуністычным гаспадарам, гербы і сьцягі амаль усіх усходнеэўрапейскіх краін, якія пасьля Другой усясьветнай вайны апынуліся ў зоне дыктату Масквы. Але рана ці позна ўсе эўрапейскія нацыі вярнулі свае гістарычныя сымбалі — разам з нанава адваяванай свабодай і дэмакратыяй. І Беларусь ня будзе выключэньнем у гэтым шэрагу. Мяркую, цяперашнія дзяржаўныя сымбалі зьменяцца неўзабаве пасьля таго, як уладу страціць той, хто іх прыдумаў.

Пра некаторыя адметнасьці аўтарытарнай сыстэмы ўлады, якая ўжо амаль два дзесяцігодзьдзі пануе ў Беларусі, разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Людміла Ляшчынская зь Менску. Слухачка піша:

«Часам чуеш ад слухачоў па радыё, што беларуская дыктатура нічым ня горшая за дыктатуры ў краінах Сярэдняй Азіі. Маўляў, і ў Казахстане, і ва Ўзбэкістане, і ў іншых — тыя ж гвалт і парушэньне правоў чалавека. Толькі Эўропа на іх не рэагуе.

А мне падаецца, што наша дыктатура ўсё ж значна горшая. Чаму? Бо яна антынацыянальная, антыбеларуская. Тыя ж Назарбаеў, Карымаў, Рахмон у сваіх парлямэнтах выступаюць на родных мовах. Мовы там шануюцца — шырока выкарыстоўваюцца і ў адукацыі, і ў справаводзтве. Казахстану, які, як і Беларусь, увайшоў у Мытны саюз з Расеяй, няма чаго баяцца: іхная краіна захаваецца, бо дбае пра свае нацыянальныя каштоўнасьці. У нас жа дыктатура — нейкая каляніяльная, не свая. Сваёй мовы можна ня ведаць, можна грэбліва пра яе выказвацца. Носьбіты беларускай мовы для ўлады — ледзь ня здраднікі, ворагі і „пятая калёна“. І ўсё таму, што хочуць бачыць сваю краіну не такой, як ён. У школах ужо амаль не засталося беларускай мовы. Няма ніводнага беларускамоўнага тэлеканала, ніводнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня...

Беларусам навязваецца сыстэма, у якой яны застануцца беднымі, залежнымі ад Расеі, пазбаўленымі ўласнай мовы і культуры, абцяжаранымі даўгамі — нейкімі непаўнавартаснымі...

Дыктатарская сыстэма кіраваньня — дрэнная рэч, але на нейкіх этапах існаваньня краіны, можа, і патрэбная. Толькі не такая, як у нас. Калі дыктатура да ўсяго яшчэ і антынацыянальная — то гэта абсалютнае ЗЛО. Яна разбурае падмуркі нацыі і дзяржавы. У Яго — адзіны клопат: асабістая ўлада любой цаной і на ўвесь тэрмін ягонага жыцьця. Ягоныя прыхільнікі проста не разумеюць, што іхным дзецям краіна не застанецца. Будуць яны працаваць на расейскіх ды кітайскіх алігархаў. А можа, ім гэтая краіна і не патрэбная — хто іх ведае? Але яна патрэбная нам — тым, хто любіць сваю мову, гісторыю, радзіму — і ня хоча мяняць іх на чужыя каштоўнасьці»
.

Пры ўсёй слушнасьці вашых, спадарыня Людміла, развагаў і высноў варта ўсё ж мець на ўвазе, што глыбінныя прычыны грэблівага стаўленьня цяперашняга рэжыму да ўсяго нацыянальнага хаваюцца ў самім беларускім грамадзтве. Наўрад ці Лукашэнка наважыўся б вынішчаць беларускую мову, калі б ведаў, што гэта сустрэне масавы грамадзкі супраціў. Тое ж датычыць і нацыянальных сымбаляў, і праўдзівай гісторыі, і культурнай спадчыны... Для ўстойлівасьці ўлады Лукашэнкі нашмат больш небясьпечна было б, калі б ён узяўся абараняць усе гэтыя каштоўнасьці. Прычым галоўная небясьпека паходзіла б ня столькі з боку Расеі, колькі — знутры самой Беларусі, ад самога беларускага грамадзтва. Калі б было па-іншаму — аўтарытарны лад у Беларусі быў бы такі ж нацыянальна арыентаваны, як і, да прыкладу, ва Ўзбэкістане ці Таджыкістане.

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад нашага даўняга сябра Бярнарда Пакульніцкага з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну. Слухач піша:

«Сардэчна дзякую за дасланыя календары з раскладам праграмаў „Свабоды“ і за тое, што зрэдку ўспамінаеце сваіх сталых слухачоў. Цяперашнім часам пры жаданьні магчыма знайсьці любую інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Чытаю навіны і паведамленьні ў інтэрнэце, слухаю па радыё і гляджу ў „Белсаце“. Але перавагу заўсёды аддаю „Свабодзе“, якая прапануе дакладную і апэратыўную інфармацыю пра розныя падзеі і зьявы».

Дзякуй за гэтыя добрыя словы, спадар Пакульніцкі, вам, а таксама ўсім іншым нашым сябрам, якія слухаюць нас у эфіры, заходзяць на сайт «Свабоды» ў інтэрнэце, глядзяць нашы праграмы на тэлеканале «Белсат».

З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by