Якія пагрозы беларускай эканоміцы бачыць МВФ?

Your browser doesn’t support HTML5

Міжнародны валютны фонд падрыхтаваў справаздачу пра сытуацыю ў эканоміцы Беларусі. Што выклікае насьцярогу ў экспэртаў фонду? Ці супадаюць ацэнкі эканамічнай сытуацыі ў МВФ і ў беларускіх уладаў? Што прапануюць экспэрты фонду?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык і эканамічны аналітык Сяргей Чалы. Вядзе перадачу Валер Карбалевіч.

Што выклікае засьцярогі ў экспэртаў фонду?


Валер Карбалевіч: «Калі глядзець вонкава, то, здаецца, эканамічная сытуацыя ў краіне стабільная, дамінуюць станоўчыя трэнды. Стабільны абменны курс, параўнальна малая інфляцыя, станоўчае сальда замежнагандлёвага балянсу. А МВФ кажа пра нейкія пагрозы, дысбалянсы. Ці сапраўды яны ёсьць?»

Аляксандар Чубрык: «Праблема ў тым, што экспэрты МВФ глядзяць не на кароткачасовую пэрспэктыву, а на сярэднетэрміновую. Цяперашняя стабільнасьць дасягнутая дзякуючы пазыкам і прыватызацыйным угодам, якія былі зробленыя напрыканцы мінулага году. Цяперашняя эканамічная палітыка ўладаў даволі збалянсаваная.

Але з гледзішча сярэднетэрміновай пэрспэктывы сытуацыя выглядае горш. Існуе некалькі праблемаў. Першая і адна з найгалаўнейшых палягае ў тым, што трэба абслугоўваць і вяртаць доўг. Гэта прыводзіць да вялікага адтоку сродкаў па бягучым рахунку плацёжнага балянсу. Раней дэфіцыт гэтага рахунку фармаваўся з-за дэфіцыту гандлю таварамі з замежжам. Цяпер гэта абслугоўваньне і вяртаньне пазыкаў, плюс бягучыя трансфэрты: мыта ў расейскі бюджэт за нафтапрадукты. Атрымліваецца, што сёлета ў нас магчымы дэфіцыт бягучага рахунку плацёжнага балянсу да 3%. А калі дадамо фінансавы рахунак, то паўстае больш сур’ёзная праблема з фінансаваньнем. І гэтая праблема паглыбляецца ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Другая праблема. Абменны курс стабільны, а інфляцыя істотная, хоць меншая ў параўнаньні зь мінулым годам. І гэта вядзе да страты той канкурэнтнай перавагі, якую мы атрымалі дзякуючы дэвальвацыі. Бо ў рэальным вымярэньні наша валюта ўзмацняецца, што ўяўляе пагрозу для экспарту і можа прывесьці да павелічэньня імпарту».
Ніякага выхаду, акрамя павышэньня прадукцыйнасьці працы праз структурныя рэформы, няма. Але такія рэформы палітычна непрымальныя.

Сяргей Чалы: «Я цалкам згодны з высновамі МВФ. Яны рэдка памыляліся ў дыягназах нашай эканоміцы. Цяпер сытуацыя такая, што пакуль захоўваецца плаваючы абменны курс рубля, то традыцыйныя практыкі нашай улады, то бок штучнае накачваньне валавога ўнутранага прадукту празь фінансаваньне дзяржпраграм, штучнае стымуляваньне ўнутранага попыту, ужо цяпер фізычна немагчымыя. Бо калі гэта будзе рабіцца, то акажа ціск на бягучы рахунак і, адпаведна, на валютны курс. Таму больш высокіх заробкаў, чым цяпер, эканоміка дазволіць сабе ня можа. А калі адмовіцца ад плаваючага абменнага курсу, то можна пасеяць зноў зерне будучага крызісу. І ніякага выхаду, акрамя павышэньня прадукцыйнасьці працы праз структурныя рэформы, няма. Але такія рэформы палітычна непрымальныя. Таму што тады немагчыма кіраваць эканомікай так, як дасюль прызвычаіліся. Незразумела, што ўлады будуць рабіць. Баюся, што яны вернуцца ў пэрыяд 2006–2010 гадоў, калі стваралі асновы для будучага крызісу».

Ці вынесеныя ўрокі?


Карбалевіч: «Вось беларускія афіцыйныя асобы заяўляюць, што ў эканоміцы ўсё нармальна, крызіс прайшоў. Лукашэнка ў сваім пасланьні назваў мінулагодні крызіс „неурядицами“. Ці зразумела, якую эканамічную палітыку праводзяць і зьбіраюцца праводзіць улады? Ці вынесеныя ўрокі зь мінулагодняга крызісу?»

Чубрык: «Усё ж такі нейкі ўрок, высновы зь мінулагодняга крызісу ўлады вынесьлі. Вось Лукашэнка кажа пра падвышэньне заробкаў да 500 даляраў, але толькі ў зьвязку з падвышэньнем прадукцыйнасьці працы.

Але ў нас ёсьць праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на пяцігодку, у якой запісана 62–68% эканамічнага росту. Мінулы год рост склаў 5,3%, гэты год афіцыйны прагноз вызначае рост у 5%. Гэта значыць, што каб выканаць пяцігадовы плян, тры апошнія гады пяцігодкі трэба, каб рост склаў 13–14% у год. Якім чынам?

Уладам патрэбная валюта для выплаты доўгу. МВФ можа даць крэдыты, але пры ўмове структурных рэформаў. Фонд занепакоены магчымым штучным стымуляваньнем росту заробкаў».

Чалы: «Урокі ўладамі вынесеныя. Да крызісу афіцыйныя асобы і экспэрты казалі, што дэвальвацыя — гэта дрэннае рашэньне. Што нельга пераходзіць да плаваючага абменнага курсу, бо нашы прадпрыемствы памруць. Цяпер улады прызналі, што плаваючы абменны курс, жорсткая грашова-крэдытная палітыка дапамагае разьвязваць праблемы, якія прычыніліся да крызісу.

Але што цяпер? Прапановы МВФ аб структурных рэформах адпавядаюць доўгатэрміновым эканамічным інтарэсам Беларусі. Экспэрты МВФ ужо шмат разоў праходзілі такую сытуацыю ў іншых краінах. І па выніках візытаў місіяў МВФ асаблівых рознагалосьсяў з эканамічным блёкам беларускага кіраўніцтва няма. Праблема ўпіраецца ў пазыцыю палітычнага кіраўніцтва.

Таму і незразумела, што будуць рабіць улады. Калі цягам 2–3 гадоў мы не правядзем рэформаў, то можам надоўга апынуцца ў дрэннай сытуацыі. У сытуацыі „вялікай Малдовы“. Бо разрыў з бліжэйшымі суседзямі па заробках — ужо ў тры разы. Гэта вядзе да адтоку кваліфікаванай працоўнай сілы. І гэтыя людзі могуць не вярнуцца, асядуць у замежжы, завядуць сем’і. І мы можам апынуцца ў клясычнай сытуацыі „пасткі беднасьці“, у якой апынуліся афрыканскія краіны, якія самастойна ня маюць шанцаў для росту. І мы цяпер якраз на гэтай разьвілцы.

Здаецца, улады разумеюць гэтую праблему, але ня важацца ладзіць рэформы. І спрабуюць выбраць нейкі сярэдні шлях. Як яны кажуць, „узважаную палітыку“. Яны імкнуцца не пайсьці тым шляхам, які прывёў да крызісу. Бо ўсім будзе зразумела, хто вінаваты ў ім. Але і на рэформы ня важацца. І акно магчымасьцяў — а яно на пару гадоў — можа зачыніцца».

Пра структурныя рэформы


Карбалевіч: «Навошта праводзіць структурныя рэформы, калі, з гледзішча ўладаў, у эканоміцы ўсё ў парадку? Яны глядзяць на эканоміку з пункту гледжаньня палітыкі, яны найперш узважваюць палітычныя небясьпекі, а ўжо потым — эканамічныя. І на рашучыя крокі ідуць толькі тады, калі моцна прыцісьне. Вось сп. Чалы адзначыў, што толькі калі здарыўся глыбокі крызіс, улады пайшлі на дэвальвацыю і ўвялі плаваючы абменны курс. А цяпер сытуацыя стабільная, сацыяльных забурэньняў няма, насельніцтва здае валюту — навошта рэформы? Вось калі прыпячэ, тады і пачнуцца рэформы?»

Чубрык: «Гэта на паверхні так выглядае. Але ўлады бачаць пагрозы. Вось, зьвярніце ўвагу, высокая дэлегацыя зь сябраў ураду, старшыні праўленьня Нацбанку паехала на вясновую сэсію МВФ у Вашынгтон. Дасюль яны езьдзілі толькі ўвосень, бо на восеньскую сэсію фонд аплачвае паездкі нацыянальных дэлегацыяў. Гэта сьведчыць пра пільную патрэбу ў крэдытах.
Улады ня вызначылі ніякай эканамічнай палітыкі. А гэта небясьпечна.

Але адначасова ўлады ня вызначылі ніякай эканамічнай палітыкі. А гэта небясьпечна. У нас цяпер нядрэнныя золатавалютныя рэзэрвы ў памеры 9 млрд даляраў, калі вызначаць паводле нацыянальнай мэтодыкі. Напрыканцы гэтага году мы сплачваем больш як 1,5 млрд асноўнага доўгу і на сумы звыш 1 мільярда мусім абслугоўваць даўгі, то бок — плаціць працэнты.

Дзе ўзяць грошы? Калі не адбываецца прыватызацыя, то грошы можна ўзяць з гэтых золатавалютных рэзэрваў. Але цяпер большасьць абывацеляў уважліва сочыць за такімі парамэтрамі, як аб’ём золатавалютных рэзэрваў і стаўка рэфінансаваньня. І як толькі рэзэрвы пачнуць зьніжацца, то, па-першае, гэта стане сыгналам, што абменны курс ужо ня плаваючы, у яго фармаваньне ўмешваецца Нацбанк. І, па-другое, гэта рызыка новай дэвальвацыі. І людзі ня будуць класьці беларускія рублі на дэпазыты на сярэдні тэрмін. Будуць класьці на кароткатэрміновыя спэкулятыўныя дэпазыты. Усё гэта можа справакаваць паніку, вялікі адток укладаў з банкаўскай сыстэмы, крызіс.

Таму цяпер уладам крытычна патрэбная валюта. І пытаньне: хто дасьць крэдыт і забясьпечыць эканамічную і палітычную стабільнасьць цягам некалькіх бліжэйшых гадоў? Без рэформаў я ня бачу магчымасьцяў іх знайсьці».

Чалы: «Канфлікты ў працоўных калектывах рэгулярна ўзьнікаюць, але яны хутка тушацца. Дасюль, хоць заробкі былі невысокія, але існавалі іншыя бонусы. Напрыклад, людзі маглі хутка і адносна нядорага атрымаць уласную кватэру. І гэта забясьпечвала палітычную ляяльнасьць.

Цяпер такая магчымасьць для большасьці закрыта. І нашто доўгі час рабіць на прадпрыемстве за жабрацкі заробак? Людзі незадаволеныя, але маюць вялікую здольнасьць да адаптацыі. Можна зьехаць у замежжа, шырока разьвіты шэры сэктар.

І хоць у нас улада аўтаномная ад грамадзкай думкі, гэтая незадаволенасьць людзей адчуваецца ўладамі. Але ў атамана ўжо няма залатога запасу. І незразумела, што рабіць».