Франак Вячорка: Ад каго залежыць, будзе чэмпіянат у Менску ці не?
Хрысьціян Хольм: Міжнародная фэдэрацыя хакею будзе вырашаць, ці пераносіць чэмпіянат сьвету па хакеі зь Менску. З боку Эўропы і Швэцыі ёсьць вельмі моцная падтрымка дэмакратычных сілаў ў Беларусі. Мы ўзмацняем палітычны ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, каб дабіцца дэмакратычных пераўтварэньняў. Для мяне ўвогуле дзіўнае рашэньне праводзіць чэмпіянат сьвету па хакеі ў краіне, дзе ёсьць палітычныя вязьні, дзе апазыцыю перасьледуюць і караюць за меркаваньні і погляды.
Франак Вячорка: У чым палягае вашая пазыцыя?
Крысьціян Хольм: Мы з шэрагам іншых палітычных дзеячаў з усяго сьвету пасылаем сыгнал, што перанос чэмпіянату сьвету па хакеі быў бы моцным сыгналам салідарнасьці для тых, хто змагаецца за свабоду ў Беларусі. Акрамя таго, гэта будзе моцным псыхалягічным ударам па прэзыдэнце, для якога хакей мае важнае асабістае значэньне. Я не люблю байкатаваньне спорту. Бо людзі павінны мець магчымасьць спаборнічаць у спорце. Але мы ня можам дапусьціць, каб спорт і спартоўцаў выкарысталі як прамоўтараў недэмакратычнага рэжыму. Перанос чэмпіянату па хакеі ў іншую краіну было б найлепшым рашэньнем. Пакуль Беларусь ня зробіць адпаведных крокаў, яна ня можа лічыцца добрым партнэрам для любых міжнародных арганізацыяў.
Франак Вячорка: Хто падтрымлівае вашую ініцыятыву?
Крысьціян Хольм: Наш пратэст падтрымалі шматлікія сябры швэдзкага і Эўрапейскага парлямэнту. Вядома, звычайна мы не мяшаем палітыку і спорт, але ў Беларусі спорт і палітыка — гэта адно і тое ж, спорт кантралюецца прэзыдэнтам і людзьмі зь яго атачэньня. Гэта для нас непрымальна. Эўрапейскі парлямэнт прыняў адпаведную рэзалюцыю. Народная партыя — найбуйнейшая партыя — абазначыла ясную пазыцыю. Шматлікія палітычныя лідэры і недзяржаўныя арганізацыі запатрабавалі ад фэдэрацыі хакею праявіць ясную пазыцыю. Я ў асабістым кантакце з кіраўніком швэдзкай фэдэрацыі хакею, мы з многімі дэпутатамі далі яму зразумець, што падтрымліваем, каб ён заняў пазыцыю на карысьць пераносу чэмпіянату зь Менску.
Your browser doesn’t support HTML5
Франак Вячорка: Чаму Швэцыя і вы асабіста так моцна заангажаваныя ў справы Беларусі?
Крысьціян Хольм: Мяне ўвогуле вельмі моцна хвалюе ўсё, што тычыцца свабоды. Мяне цікавяць рэжымы, якія рэпрэсуюць, караюць людзей за іх меркаваньне, мяне гэта злуе. Тое, што адбываецца ў Беларусі — гэта жахліва. Гэта апошняя дыктатура на эўрапейскім кантынэнце. Становіцца толькі горш і горш. Па-другое, Беларусь — для Швэцыі блізкі сусед. Паехаць у Менск для мяне — бліжэй, чым у родны горад на поўначы Швэцыі. У нас супольная гісторыя, культурныя сувязі. І ў нас вялікая салідарнасьць зь людзьмі зь Беларусі. Я буду займацца кожнай краінай, дзе прыгнятаюць людзей, але Беларусь мяне хвалюе найбольш, гэтаксама як Швэдзкі ўрад ці парлямэнт. Мы адчуваем шчыльную сувязь паміж людзьмі ў Беларусі і ў Швэцыі.
Франак Вячорка: Якія Вашыя чаканьні ў дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі?
Крысьціян Хольм: Я вельмі заклапочаны тым, што адбываецца. Лукашэнка паводзіць сябе ўсё больш і больш нэрвова. Мы ўвялі эканамічныя санкцыі, пашырылі сьпіс неўязных для людзей зь яго атачэньня, якія падтрымліваюць рэпрэсіі. Мы робім столькі, колькі можам, у сэнсе ціску. Але яшчэ ёсьць людзі за кратамі, якія знаходзяцца там ад выбараў 2010 году. Для мяне гэта жахліва. Мы ніколі ня будзем маўчаць, калі людзей кідаюць за краты за погляды і меркаваньні.
Франак Вячорка: Вы падтрымалі намінацыю Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію?
Крысьціян Хольм: Я думаю, Нобэлеўская прэмія міру павінна давацца тым, хто зрабіў шмат для бясьпекі і свабоды іншых. Алесь Бяляцкі — выдатны кандыдат. Ён вядучая асоба ў беларускім (і ня толькі беларускім) асяродзьдзі праваабаронцаў. Ён сусьветна вядомы паважаны змагар за свабоду і правы чалавека. Прэмія Бяляцкаму будзе сыгналам для праваабаронцаў, што іх праца нешта значыць, што шмат людзей цэняць іх працу. Гэта таксама будзе сыгнал лідэрам недэмакратычных краінаў, такіх, як Беларусь. Мы бачым, што яны робяць. Сочым за імі. І мы не пакінем без увагі рэпрэсаваных.
Франак Вячорка: А якія Бяляцкі мае шанцы?
Крысьціян Хольм: Бяляцкі мае шанцы, не мая справа — ацэньваць іх. Асабіста я буду вельмі шчасьлівы, калі беларускі апазыцыянэр атрымае гэтую ўзнагароду, якую ён, натуральна, заслугоўвае.