У Кітаі разгарэўся скандал з-за фальшывых сьвіных вушэй

Кітайская паліцыя расьсьледуе выпадкі продажу фальшывых сьвіных вушэй, насамрэч зробленых з жэлятыну.
Падробленыя вушы былі выяўленыя на рынку ў Гуанчжоу. Адзін з пакупнікоў паскардзіўся на дзіўны пах, які сталі выдаваць «вушы», калі ён пачаў рыхтаваць зь іх дэлікатэсныя стравы, паведамляе кітайскае выданьне China Daily.

Пасьля праверкі спэцыялісты высьветлілі, што «вушы» былі зробленыя з жэлятыну і алеату натрыю, які выкарыстоўваецца для вырабу мыла.

Кітайскі ўрад апошнім часам імкнецца надаваць пільную ўвагу харчовай бясьпецы ў краіне. Кітайцаў усё больш хвалюе якасьць прадуктаў, якія яны ўжываюць у ежу, аднак у краіне пэрыядычна ўспыхваюць «харчовыя» скандалы.