Ажубаліс: Трэба стварыць для Беларусі альтэрнатыўны цэнтар улады

Аўдронюс Ажубаліс

Міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс у інтэрвію няўрадавай арганізацыі Carnegie Europe --> http://carnegieeurope.eu/publications/?fa=48102 паведаміў пра ідэю «радыкальнага рашэньня» беларускага пытаньня.
У інтэрвію, прысьвечаным дачыненьням Літвы з краінамі «Ўсходняга партнэрства» і ў прыватнасьці стаўленьню да байкоту Эўра-2012 ва Ўкраіне, літоўскі міністар выказаўся і на беларускую тэму:

Carnegie Europe: Напэўна, самая непрыемная краіна [з шасьці ўдзельніц «Усходняга партнэрства», «заціснутых» паміж ЭЗ і Расеяй] – гэта Беларусь. Што там можна зрабіць?

Ажубаліс: Я ўжо сапраўды стаміўся ад усіх плянаў падтрымкі апазыцыі ў Беларусі. Апазыцыя падзеленая. У яе няма яснай пазыцыі ў справе падрыхтоўкі да наступных выбараў.

Carnegie Europe: Два апазыцыйныя лідэры, якія былі канкурэнтамі Лукашэнкі на выбарах і адразу пасьля выбараў былі зьняволеныя, нядаўна выйшлі на свабоду.

Ажубаліс: Гэта нічога ня значыць. Гэта старая гульня ў такіх краінах. Мы ня можам проста сядзець і глядзець на тыя наступныя выбары. Што яны дадуць? Нічога, або зноў нейкія гвалтоўныя дзеяньні, нейкія заявы.

Carnegie Europe: Дык што ж рабіць?

Ажубаліс: Я бачу адзін, даволі радыкальны спосаб. Разам з нашымі амэрыканскімі сябрамі нам трэба пачаць думаць пра нейкую пераходную раду. Трэба стварыць альтэрнатыўны цэнтар улады. Гэткая паралельная структура магла б мець розгалас у самой Беларусі. Вось такая ідэя. Але пакуль што з Брусэлю няма ніякай рэакцыі.

***

У камэнтары, накіраваным агенцтву BNS у аўторак, міністар сьцьвярджае, што ягоныя крытычныя словы ў інтэрвію ня трэба ацэньваць як выказваньне супраць падтрымкі апазыцыі.

«Я выказаў крытычны погляд на багацьце плянаў беларускай апазыцыі, якія часта супярэчаць адзін аднаму і ўзаемна дублююцца. Я выказаўся ня супраць іх падтрымкі, а толькі супраць багацьця плянаў, якія пакуль не даюць адчувальных вынікаў », - сьцьвярджае Ажубаліс.

«Як я асабіста, так і Міністэрства замежных справаў пад маім кіраўніцтвам, заўсёды працавалі і працуем, прыкладаючы максымальныя намаганьні для таго, каб дэмакратычныя працэсы ў Беларусі сталі незваротнымі – ці гэта тычыцца супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю, апазыцыі або нашай працы зь міжнароднымі партнэрамі ў гэтым пытаньні », - сказаў міністар.