На Магілёўшчыне вяртаецца гандаль напавер

На Магілёўшчыне ў Слаўгарадзкім раёне ўвялі продаж харчоў напавер.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, кожны жыхар раёну адзін раз на месяц можа набыць прадуктаў першай неабходнасьці на суму да трохсот тысяч рублёў. Тытунь і сьпіртное напавер не прадаюцца. Такую палёгку раённыя ўлады далі пэнсіянэрам.

Вестку аб продажы харчоў напавер распаўсюдзіла раённая газэта «Прысожскі край». Як вынікае з публікацыі, агучылі яе на плянэрцы ў райвыканкаме. З трохрадковага паведамленьня цяжка зразумець, чым выкліканая патрэба прадаваць тавары і прадукты напавер.

«У нас жа і раней такое было. Гэта ж усё для людзей робіцца. У нас людзі задаволеныя. Няма такога, што людзям невыносна. Наадварот, нармальна ў нас усё. Гэта ж усё для народу», — кажа супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму.

У мясцовым спажывецкім таварыстве, якому належыць бальшыня крамаў раёну, паведамілі наступнае:

Супрацоўніца райспажыўтаварыства: «Мы даем напавер толькі пэнсіянэрам на месяц. Дапусьцім, да 5 чысла наступнага месяца пэнсіянэр павінен разьлічыцца з намі цалкам. Даем на суму ня больш за трыста тысяч. Акрамя віна й гарэлкі. Толькі прадукты першай неабходнасьці».

Карэспандэнт: «Гэта толькі ў вашым раёне, відаць, такое раённае ноў-хаў?»

Супрацоўніца райспажыўтаварыства: «Не, чаму? Такое ёсьць паўсюль цяпер».

У прадавачкі адной з раённых крамаў пацікавіўся, якія харчы бяруць напавер пакупнікі:

Дазволена даваць напавер на краму да 520 тысяч рублёў ...

«Сала, каўбасу, хлеб. У асноўным я гэта даю пэнсіянэрам. На харчы яны грошай не шкадуюць. Абавязкова ім выдаю нешта накшталт чэка, каб яны ведалі сваю суму. А ў мяне сваё запісана. Дазволена даваць напавер на краму да 520 тысяч рублёў. Далей ужо калі верыш людзям, то на большую суму даеш».

У райцэнтры сытуацыя выглядае крыху іначай. Напавер бяруць у крамах харчы ня толькі пэнсіянэры, цьвердзіць жыхарка Слаўгараду Тацяна:

«Лепш, вядома, каб людзі зараблялі годна і ня бралі напавер. Можа, гэта й добра, што яны пойдуць і возьмуць, але аддаваць усё адно давядзецца. Пэнсіянэры — яны напавер рэдка бяруць. Ёсьць іншыя пласты насельніцтва, якія бяруць напавер. У асноўным тыя, хто то працуе, то не працуе».

Вядомы ў Беларусі літаратар, жыхар Слаўгараду Фелікс Шкірманкоў харчы ў крамах напавер не бярэ. Ён таксама лічыць, што ня толькі пэнсіянэры задаволеныя такой магчымасьцю. Улада вымушаная была пайсьці на такія захады, цьвердзіць спадар Шкірманкоў:

«Калі атрымліваецца пяцьсот тысяч рублёў на чалавека ў сям’і, то такія людзі ледзьве канцы з канцамі зводзяць. Але колькі такіх людзей? Хто ж яго ведае. А інфармацыя ва ўлады такая ёсьць. І яны вымушаныя былі пайсьці на такія меры».

Харчы напавер, як удалося высьветліць, прадаюць у бальшыні раёнаў вобласьці, пераважна ў сельскіх крамах. Дзе-нідзе продаж напавер камуфлююць «продажам пад замову». Колькі год таму падаткоўцы былі прыпынілі такі гандаль, бо выявіліся злоўжываньні. Цяпер, калі платаздольнасьць насельніцтва пагоршылася, гандаль напавер зноўку легалізуецца.