Ася Паплаўская — пра кнігі Ніла Гілевіча

Ася Паплаўская

«Як адзін чалавек можа быць такім непадобным у розных кнігах і творах?..» — такая думка наведвала мяне, калі перачытвала тэксты народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.


Ніл Гілевіч. Родныя дзеці; Паэмы. Менск, Беларускае таварыства «Кніга», 2001

Калі я чытала раман у вершах «Родныя дзеці» першы раз, то літаральна зьнікла, распусьцілася сярод герояў Гілевіча. Калі перачытвала, здарылася тое самае: ад буйных паэтычных твораў Ніла Сымонавіча цяжка адарвацца, не дачытаўшы да канца, ягонае жыцьцёвае мудрасьці немагчыма не паверыць, а герояў — не палюбіць. Гэты раман — на ўсе часы. У ім сканцэнтравана любоў да роднае зямлі і выбар творцы: жыць і тварыць дома ці на чужыне, пісаць «як жыць», альбо дзеля грошаў, праблемы каханьня і здрады, даверу і падазронасьці, павагі да сваякоў і памяці продкаў, праблема бацькоў і дзяцей…

Ці ты музыка з ласкі божай
І для цябе твой дар — твой крыж,
Ці — дзеля сытасьці і грошай
Людзей забаўкамі чмурыш.

Для чаго мы жывем? Каб «узяць ад жыцьця ўсё»? Каб застацца ў памяці людзей? Каб пакінуць сьлед у творах, рэчах, вынаходніцтвах? Альбо каб проста рабіць дабро людзям?

Рабі дабро! Хоць нават коштам
Апошніх сіл, апошніх мук.
І не пытай: каму? завошта?
Рабі — без просьбаў і прынук!

Цытаваць Ніла Гілевіча хочацца яшчэ і яшчэ. Мабыць, гэтую спакусу зьведалі ўсе, хто пісаў пра творы народнага паэта. Але нават шмат цытатаў не перададуць таго, што атрымлівае ўдзячны чытач Гілевіча. Яго трэба чытаць нясьпешна, удумліва. Яго трэба думаць.


Ніл Гілевіч. Кантора. Менск, «Мастацкая літаратура», 1989

«А хто вочы мае, той сябе пазнае». Гэты эпіграф да верша «Тры лірычныя маналёгі аднаго паэта» яскрава характарызуе разглядаемы зборнік сатыры і гумару. Кантору насяляюць прайдохі рознага кшталту: пустабрэхі і «шаманы слова», якія ўпараць табе ўсе што заўгодна, прыстасаванцы ды падхалімы рознае ступені, кар’ерысты-«даяры», якім трава не расьці, а давай званьні і пасады, ды іншыя сьмярдзюкі, зь якіх Ніл Гілевіч і распачаў кнігу:

Вось гэтак, дзеткі, і ў жыцьці:
Пакуль мы церпім, людзі, —
Як ні круці і ні вярці —
Сьмярдзюк смуродзіць будзе.

Не засталіся незаўважанымі і «калегі» па літаратурным цэху. Ёмка і востра Ніл Сымонавіч высьмейвае ў эпіграмах графаманаў, рэдактараў, кансультантаў, крытыкаў ды іншых «літаратараў». Атрымалі па заслугах і маладзёны, якія «віхляюць» сьцёгнамі ды нормамі маралі, як ім захочацца, гоняцца за парожняй славай, не плююць на нялюбае месца працы, а выслужваюцца ды прагінаюцца пад «дзядзю».

Ланцужковая казка «Кантора», якая актуальная і зараз, мае хэппі-энд: зборышча Патапаў-Вялікіх хапаў ліквідавалася. Многія вершаваныя творы Ніла Гілевіча сканчваюцца пазытыўна і адначасова павучальна. Да прыкладу, байка «Жук-турыст» завяршаецца такім чынам:

На аршын уласны зьмерыць,
Скажа: гною яма.
Толькі хто яму паверыць? —
Хіба жук таксама?!


Ніл Гілевіч. Песьня ў дарогу. Менск, Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1957

Дачакаліся вясны! Травень — час для нястомных аматараў вандровак ды і для ўсіх, хто любіць прыроду. Зьбірайце заплечнік, бярыце добры настрой, верных сяброў, закідвайце «Песьню ў дарогу» Ніла Гілевіча. Падчас прагулак па палях ды прыгожых беларускіх дарогах так хораша чытаць вершы, зьмешчаныя ў гэтым зборнічку. Альбо нават сьпяваць іх на матывы, на якія вас натхніць прырода. Яны, як кажуць, будуць «у тэму».

Калі не жадаеце знацца ў жыцьці
З назойлівай скрухай-журбою, —
Куды ні прыйдзецца паехаць, пайсьці, —
Песьню бярыце з сабою!

Калі стомленыя ад доўгай дарогі, прысядзеце каля вогнішча, так хораша ўзгадаць дзяцінства, прыгоды, якімі поўніліся маладыя гады. Вершы «З гадоў маленства», «На парозе жыцьця» дададуць да настальгічнае размовы прыгожую паэтычную нотку. Дарэчным будзе і верш «На прывале».

А яшчэ здорава ляжаць у высокай зялёнай траве і разглядаць аблокі. Аб чым гамоніць, што сымбалізуе гэтае пухнатае воблака? А вунь тое?..

Яму ці сонцу з берага ракі
Сьмяюцца дзеці — рэха тоне ў далях?
Яго ці сонца ловяць хлапчукі
Рукамі загарэлымі на хвалях?

У паходах мы заўжды шмат гуляем. Складаем словы, прыдумляем цікавыя гісторыі, узгадваем любімыя дзіцячыя гульні… На кнізе «Песьня ў дарогу» можна варажыць! Адкрываеце зборнік на любой старонцы і чытаеце верш. Больш чым перакананая: ён будзе «у тэму».


Ніл Гілевіч. Калі рана ўстанеш. Менск, «Юнацтва», 1984

Не забыўся Ніл Сымонавіч і пра самых маленькіх. Гэтая яркая, багата ілюстраваная малюнкамі мастачкі Натальлі Паплаўскай кніга — выдатны падарунак і для дашкольнікаў, і для іх бацькоў. На мілагучнай роднай мове клясык распавядае дзеткам, хто такі беларус, што будзе, калі рана ўстанеш, які ён, наш Менск, чаму трэба разумець мову сьветлафора, чаму ня трэба крыўдзіць усё жывое, якія дары ў кожнае пары году…

Героямі вершаў сталі зёлкі, дрэвы, птушкі, жывёліны, родная мова, а таксама дзеці-гарэзы, такія, як і чытачы. Вершы пра герояў, кожны зь якіх мае пэўны характар, цікава чытаць ня толькі дзецям, але і дарослым. Занырваеш у паэтычны вір падзей-прыгодаў і робісься маленькай дзяўчынкай, якая сядзіць на каленках у мудрага і вельмі добрага дзядулі Ніла і слухае захапляльна-павучальныя гісторыі. Ня менш цікава адгадваць загадкі, якіх багата ў кнізе. Вельмі весела будзе, калі загадаеце іх сваім родным і сябрам. Якіх толькі варыянтаў не пачуеце!

Яно для ўсіх нас —
Добры друг,
Хоць дзіваком здаецца,
Што надзяе вясной кажух,
А ўвосень разьдзяецца.


Ніл Гілевіч. Замова ад страху: новая кніга паэзіі. Менск, «Медисонт», 2009

Вершы, што склалі зборнік, не ўваходзілі ў ранейшыя кнігі паэзіі Ніла Гілевіча. Гэтую кнігу вельмі добра чытаць акурат па вясьне, калі абуджаецца сьвежая кроў, а сэрца прагне пяшчоты і моцных пачуцьцяў, калі ўся чалавечая істота прагне актыўнае дзейнасьці, калі мы, як ніколі, гатовыя да подзьвігаў.

Я спраўджу ваш давер. Абавязкова!
Таму зарукай — гэтая вясна.
Хоць і не знаю і яшчэ ня скора
Дазнаюся, што недзе ёсьць Яна.

Гэта кніга-роздум, кніга-зварот. Лірычны герой Гілевіча шмат думае-разважае (напрыклад, аб тым, якім павінен быць начальнік у новым, XXI стагодзьдзі), зьвяртаецца да Бога, да жыхароў Клецка і да ўсіх беларусаў, да тых, хто «тужыцца зьнішчыць беларускую мову», асэнсоўвае месца роднае мовы ў сваім жыцьці, у жыцьці свайго народа.

З тысяч розных плямёнаў людзкіх
Бог для мовы, якую любіў
Наймацней, можа быць, ад усіх —
Выбраў нас. Збаўца знаў, што рабіў.

Большасьць вершаў зборніка напісаныя ў новым тысячагодзьдзі, яны зьяўляюцца водгукам паэта на тыя падзеі, што адбываліся на Беларусі зусім нядаўна. Ніл Гілевіч дае рэзкую і катэгарычную ацэнку ўсяму, што прымушае нас чырванець. Збольшага гэта чытаецца паміж радкоў. Зьвяртаючыся да цытаванага вышэй, нельга не зазначыць: «А хто вочы мае, той сябе пазнае».