Законы аб аднаполых шлюбах у сьвеце

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама на гэтым тыдні зьдзівіў многіх у ЗША і за мяжой, калі публічна падтрымаў аднаполыя шлюбы. «У нейкі момант я прыйшоў да высновы, што для мяне асабіста важна выступіць і пацьвердзіць: так, я думаю, што аднаполыя пары павінны мець магчымасьць ўступаць у шлюб», — заявіў Абама 9 траўня ABC News.
Аднак у ЗША няма плянаў па прыняцьці агульнанацыянальных законаў аб аднаполых шлюбах, хоць многія краіны сьвету ўжо прызналі такія шлюбы і права людзей на стварэньне грамадзянскіх шлюбных саюзаў. Сайт ІноСМІ.ру цытуе амэрыканскую газэту Christian Science Monitor«, якая прыводзіць разьбіўку па рэгіёнах.

1. Эўропа


Аксэль і Эйгіл Аксгіл сталі першай у сьвеце афіцыйна зарэгістраванай аднаполага парай, якая ўступіла ў грамадзянскі саюз 1 кастрычніка 1989 году ў дацкай сталіцы Капэнгагене. Гэтая эўрапейская краіна першай прыняла закон, які дазваляе аднаполыя саюзы, якія ў Даніі носяць назву грамадзянскіх партнэрстваў.

У 2001 годзе Галяндыя стала першай краінай, якая надала роўныя правы для ўступленьня ў шлюб гэтэрасэксуальным і гомасэксуальным парам. Першы аднаполы шлюб быў заключаны там 1 красавіка 2001 году. Праз два гады за Галяндыяй рушыла Бэльгія. Аднаполыя шлюбы ў 2008 годзе ўзаконіла Нарвэгія, у 2009-м Швэцыя, у 2010-м Партугалія. У сакавіку гэтага году адпаведны закон прыняла Фінляндыя. У Фінляндыі грамадзянскія саюзы былі дазволеныя яшчэ ў 2002 годзе, аднак новы закон прадстаўляе гомасэксуальным парам новыя правы, уключаючы права на ўсынаўленьне дзяцей і на агульнае прозьвішча.

У Ісьляндыі легалізацыя аднаполых шлюбаў таксама адбылася ў 2010 годзе. Прэм’ер-міністар краіны Ёгана Сігурдардацір (Johanna Sigurdardottir) неўзабаве заключыла шлюб са сваёй партнэркай і стала першай у сьвеце лесьбіянкай-кіраўніком дзяржавы.

Францыя юрыдычна не прызнае аднаполыя шлюбы, аднак у 1999 годзе там зьявіліся грамадзянскія прававыя дагаворы для пар, якія жывуць супольна — незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі. Гэтыя дагаворы даюць сумесна пражываючым парам аднолькавыя правы са шлюбнымі парамі ў такіх пытаньнях, як ўсынаўленьне, спадчына і падаткі. У 2004 годзе аналягічны закон быў прыняты ў Люксэмбургу.

Нямеччына і Брытанія таксама прызнаюць грамадзянскія саюзы. З 2001 году Нямеччына прадстаўляе ўсім парам аднолькавыя правы на спадчыну, калі яны рэгіструюцца ў якасьці партнэраў. Брытанія прыняла закон аб аднаполых партнэрствах ў 2005 годзе. Ён дае зарэгістраваным аднаполым парам аднолькавыя з разнаполымі жанатымі парамі правы ў пляне пэнсій, сацыяльнага страхаваньня і ўласнасьці.

Гішпанія стала трэцяй эўрапейскай краінай, якая легалізавала аднаполыя шлюбы (2005 год), хоць каталіцкая царква выступала рэзка супраць такога закону. У адрозьненьне ад многіх краін з дазволенымі аднаполымі шлюбамі, у Гішпаніі пары аднаго полу могуць усынаўляць дзяцей.

2. Афрыка і Блізкі Ўсход


Гомасэксуалізм лічыцца выключна ганебнай зьявай у Афрыцы і на Блізкім Усходзе, дзе многія краіны абвясьцілі яго па-за законам.

Таму ПАР стала нейкай анамаліяй у гэтым рэгіёне, калі падала аднаполым парам права на ўступленьне ў шлюб. Краіна прызнала правы геяў у сваёй канстытуцыі, прынятай у 1996 годзе пасьля заканчэньня эпохі апартэіду. А з 2005 году Паўднёвая Афрыка лічыць неканстытуцыйным пазбаўленьне аднаполых пар магчымасьці заключаць шлюб і тых правоў, якімі суправаджаюцца такія шлюбныя саюзы. У Паўднёвай Афрыцы законным зьяўляецца і ўсынаўленьне дзяцей аднаполымі парамі.

3. Лацінская Амэрыка


Буэнас-Айрэс стаў першым горадам у Лацінскай Амэрыцы, які ў 2002 годзе узаконіў грамадзянскія саюзы аднаполых пар. А праз восем гадоў Аргентына стала першай краінай рэгіёну, якая легалізавала аднаполыя шлюбы. Грамадзянскія саюзы зьяўляюцца законнымі ў агульнанацыянальным маштабе ў Бразыліі і Ўругваі. Іх таксама дазваляюць некаторыя гарады ў Мэксыцы.

У сьнежні 2009 году аднаполыя шлюбы узаконілі ў Мэхіка. А суды ў некаторых штатах Бразыліі палічылі, што грамадзянскія саюзы могуць быць пераўтвораны ў аднаполыя шлюбы.

Хоць аднаполыя шлюбы маюць законны статус у некаторых краінах Лацінскай Амэрыкі, узровень падтрымкі такіх шлюбаў у рэгіёне ніжэй, чым у ЗША. У 2010 годзе ў рамках Лацінаамэрыканскага праекту вывучэньня грамадзкай думкі пры Ўнівэрсытэце Вандэрбільта было праведзенае апытаньне, арганізатары якога высьветлілі, што ў Лацінскай Амэрыцы аднаполыя шлюбы падтрымліваюць 26,8% рэспандэнтаў, у той час як у ЗША такіх людзей 47,4%. Нізкі ўзровень падтрымкі тлумачыцца вялікай колькасьцю каталікоў і пратэстантаў, якія жывуць у розных частках Паўднёвай і Цэнтральнай Амэрыкі.

4. Канада і Злучаныя Штаты Амэрыкі


Канада была чацьвёртай краінай у сьвеце, якая легалізавала аднаполыя шлюбы. Калі ў 2005 годзе быў прыняты Закон аб грамадзянскім шлюбе, аднаполыя шлюбы былі ўзаконеныя ўжо ў васьмі канадзкіх правінцыях.

Некаторыя штаты ў ЗША даюць сваім жыхарам роўныя шлюбныя правы. Сярод іх Канэктыкут (адпаведны акт быў прыняты ў 2008 годзе), Аёва (2009 год), Масачусэтс (2003 год), Нью-Гэмпшыр (2010 год), Нью-Ёрк (2011 год), Вэрмонт (закон быў прыняты ў 2009-м, але грамадзянскія саюзы там атрымалі прызнаньне яшчэ ў 1999 годзе), фэдэральная акруга Калюмбія (2009 год) і самы апошні штат — Вашынгтон (2012).

5. Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён і Цэнтральная Азія


Правы гамасэксуалістаў знаходзяцца ў асноўным пад забаронай як у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, так і ў Цэнтральнай Азіі. Аднаполыя шлюбы і грамадзянскія саюзы ў гэтым рэгіёне не ўваходзяць у агульнанацыянальны палітычны парадак дня.

Новая Зэляндыя гэта адзіная краіна ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, якая легалізавала грамадзянскія саюзы аднаполых пар, хоць аднаполыя шлюбы і адпаведныя правы такіх пар знаходзяцца там пад забаронай. Закон аб грамадзянскіх саюзах быў прыняты ў сьнежні 2004 году, але пасьля заявы прэзыдэнта Абамы, якая прагучала 9 траўня, новазэляндзкі прэм’ер-міністар Джон Кей (John Key) адзначыў, што ён асабіста «ня супраць аднаполых шлюбаў», пра што паведамляе Associated Press.

Законапраект аб легалізацыі аднаполых шлюбаў будзе абмяркоўвацца сёлета ў парлямэнце Аўстраліі, хоць прэм’ер-міністар Джулія Гілард (Julia Gillard) заявіла, што не падтрымае яго, у сувязі з чым ён наўрад ці пройдзе.

У верасьні 2011 году прэзыдэнт Філіпін заявіў у Нью-Ёрку, што ён з павагай ставіцца да правоў аднаполых пар на ўступленьне ў шлюб, аднак пакуль ня робіць ніякіх канкрэтных крокаў па прыняцьці адпаведных законаў.