AБСЭ: Чыноўнікі ў Беларусі павінны быць больш цярплівымі да крытыкі

Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі, Дуня Міятавіч, сёньня зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць перасьлед СМІ.

«Прэзыдэнт Лукашэнка павінен спыніць жорсткую палітыку ў дачыненьні да СМІ. Існуе настойлівая неабходнасьць свабоды прэсы ў Беларусі, і гэтая
свабода можа быць дасягнутая, у першую чаргу, калі будуць спыненыя ўсе справы і абвінавачаньні супраць журналістаў», — піша Міятавіч.

У сваім лісьце Міятавіч спасылаецца на справы журналістаў Ірыны Халіп з
Новай газэты і Анджэя Пачобута з Газэты выборчай, прысуджаных да ўмоўнага
турэмнага зьняволеньня за крытыку ўладаў, а таксама Натальлі Радзінай з сайту сharter97.org, якая была вымушана пакінуць Беларусь, каб пазьбегнуць судовага перасьледу і зьняволеньня.

«Гэтыя прысуды і пакараньні павінны быць неадкладна адмененыя, бо яны пасылаюць выразны сыгнал для ўсіх СМІ ў Беларусі, што ўлады не прымаюць крытыкі ў адносінах да сябе і дзяржаўнай палітыкі. Журналісты, якія выказваюць адрозныя ад афіцыйных погляды, жывуць у страху за сваю бясьпеку і бясьпеку сваіх сем’яў», — зазначае Дуня Міятавіч.

«Дзяржаўныя службовыя асобы павінны быць больш цярплівымі да крытыкі, чым шараговыя грамадзяне, і дазволіць свабодную дыскусію па пытаньнях, што ўяўляюць грамадзкі інтарэс у Беларусі і па-за яе межамі. У адваротным выпадку мы б толькі рухаліся назад да больш рэпрэсіўнага і закрытага грамадзтва», — мяркуе Міятавіч.