Ватыканскі герарх наведаў Слонім і Івацэвічы

Падчас візыту ў Беларусь сакратар Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў архібіскуп Кірыл Васіль наведаў Слонім і Івацэвічы.
Там ён узначаліў службы ў памяць закатаванага гестапа грэка-каталіцкага экзарха Антона Неманцэвіча і спаленых у 1942 годзе грэка-каталіцкіх вёсак у Івацэвіцкім раёне.

Пра наведваньне сакратаром Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў Слоніму і Івацэвічаў распавядае грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Крот:

«У першую чаргу ягоны візыт зьвязаны з ушанаваньнем памяці экзарха Антона Неманцэвіча, зьверхніка грэка-каталіцкай царквы, які кіраваў ёю з 1939 па 1942 год. У 1942 годзе ён быў арыштаваны гестапа і памёр у 1943 годзе. Івацэвічы таксама выбраныя нездарма, таму што ў Бабровічах, якія цяпер знаходзяцца ў Івацэвіцкім раёне, існавала ўніяцкая парафія ў міжваенны час, якая была спаленая разам з жыхарамі. Візыт у Слонім і Івацэвічы зьвязаныя з ушанаваньнем памяці нашых пакутнікаў Другой усясьветнай вайны».

Падчас гэтага візыту архібіскуп Кірыл Васіль прыняў удзел у акафісьце перад іконай Жыровіцкай Маці Божай у касьцёле ў Слоніме, а ўвечары ўзначаліць літургію ў касьцёле ў Івацэвічах. Разам з высокім госьцем з Ватыкану ў службе прымуць удзел апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Кляўдыё Гуджэроці і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Вялікаселец.

Вернікі івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай кажуць, што такі высокі герарх наносіць сюды візыт упершыню за стагодзьдзі. Распавядае старшыня івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Вячаслаў Гарчакоў:

«Нашыя малітвы пачутыя, і такі вялікі дастойнік ватыканскі едзе да нас. Будзем сустракаць, рыхтуемся. Для нас гэта была вялікая нечаканасьць, канечне, але і радасьць таксама. Гэта першы такі візыт, увогуле, можна сказаць, у гісторыі апошніх вякоў».

Спадар Гарчакоў кажа, што вернікі грэка-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах ушаноўваюць памяць аб зьнішчанай у вайну парафіі ў Бабровічах:

«Наш сьвяты абавязак іх ушаноўваць, бо мы таксама прадаўжальнікі гэтай традыцыі на нашых землях. Традыцыі еднасьці з апостальскім пасадам».

Напярэдадні у Менску высокі ватыканскі герарх ад імя папы рымскага Бэнэдыкта XVI уручыў дзяржаўныя ўзнагароды Ватыкану двум вэтэранам менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў. Павал Абламейка і Іван Антанюк сталі кавалерамі Залатога крыжа "За царкву і папу". Сёньня ў Слоніме такую самую ўзнагароду атрымала мясцовая грэка-каталіцкая верніца Яўгенія Лазар.

9 траўня візыт архібіскупа працягнецца наведваньнем спаленай фашыстамі вёскі Хатынь у Лагойскім раёне на Меншчыне. Там ён узначаліць паніхіду за ахвяраў вайны.

Таксама 9 траўня заплянаваны даклад архібіскупа Васіля на канфэрэнцыі "Значэньне традыцыі Хрысьціянскага Ўсходу для Сусьветнай Царквы", якая адбудзецца ў Чырвоным касьцёле ў Менску (16.00) і прэсавая канфэрэнцыя там жа а 17.15.

Візыт архібіскупа Кірыла Васіля ў Беларусь працягнецца да 10 траўня.

***

Архібіскуп Кірыл Васіль нарадзіўся ў Кошыцах (Славаччына) 10 красавіка 1965 году. У 1982-1987 гг. навучаўся ў Браціслаўскім унівэрсытэце на тэалягічным факультэце імя Кірылы і Мятода. Быў рукапакладзены на сьвятара 14 чэрвеня 1987 г. біскупам Славамірам Міклаўшам зь Югаславіі. У 1990 годзе айцец Кірыл Васіль уступіў у Ордэн езуітаў.

У 1989 годзе атрымаў ліцэнзіят усходняга кананічнага права ў Папскім усходнім інстытуце ў Рыме, там жа ў 1994 годзе абараніў доктарскую працу па ўсходнім кананічным праве.

7 траўня 2009 году папа Бенэдыкт XVI прызначыў а. Кірыла
Васіля, які дагэтуль працаваў рэктарам Папскага ўсходняга інстытуту, сакратаром Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў. 14 чэрвеня 2009 году ў рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore адбылася яго архірэйская хіратонія. Папа надаў яму годнасьць тытулярнага архібіскупа Пталемаіды ў Лібіі.

Акрамя роднай славацкай мовы, валодае лацінскай, італьянскай, ангельскай, францускай, нямецкай, гішпанскай, грэцкай, царкоўнаславянскай, расейскай і ўкраінскай мовамі. Свабодна чытае па-беларуску.