Андрэя Дзьмітрыева й Міхаіла Пашкевіча асудзілі на 10 сутак кожнага

У панядзелак, 7 траўня, судзьдзя Смалявіцкага раёну Алена Місьнік прыняла рашэньне арыштаваць на 10 сутак аднаго зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева. На 10 сутак арыштаваны таксама актывіст гэтай жа кампаніі Міхаіл Пашкевіч. Яны прызнаныя вінаватымі ў парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньняў (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

На 21:50 Дзьмітрыеў і Пашкевіч знаходзіліся ў смалявіцкім ізалятары часовага ўтрыманьня. Дзяжурны ў чыне маёра адмовіўся прыняць для іх перадачу, якую спрабавалі перадаць актывісты кампаніі «Гавары праўду».


Суд пачынаўся ў 17:00 і на той час падтрымаць Андрэя Дзьмітрыева і Міхаіла Пашкевіча прыехалі больш як 40 дачнікаў й жыхароў Смалявіцкага раёна, а таксама журналісты апазыцыйных выданьняў і кіраўнік інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» (ІПУ) Андрэй Бандарэнка.

Андрэй Дзьмітрыеў й Міхаіл Пашкевіч адмовіліся ад паслугаў адвакатаў, а на пытаньнем судзьдзі ці прызнаюць яны сваю вінаватасьць, адказалі адмоўна.

На паседжаньне былі выкліканы і апытаныя ў якасьці сьведак Валянціна Каляка (вёска Заямнае), а таксама Леанід Радкавец ( садовае таварыства «Рэчанька»); Сьвятлана Каралёва (вёска Быкачава); Уладзімер Цясьлюк (вёска Заямнае); Юры Кабзараў ( садаводчае таварыства «Сузор’е)»; Уладзімер Казлоўскі ( садаводчае таварыства «Рэчанька»).

Судзьдзя таксама агучыла рапарт маёра Смалявіцкага РАУС Андрэя Мартысюка і іншыя міліцэйскія дакумэнты.

У сваім заключным слове Міхаіл Пашкевіч заявіў: «Была прамая замова ад уладаў на гэту справу. Прашу спыніць гэту справу за адсутнасьцю складу правапарушэньня».

Андрэй Дзьмітрыеў таксама не пагадзіўся з абвінавачваньнямі. Ён заявіў, што сход, які адбыўся 10 сакавіка — «гэта ўнутраная справа сяброў садовых таварыстваў і, я, як грамадзянін Беларусі, маю поўнае права выказвацца па ўсіх надзённых і хвалюючых людзей пытаньнях. Мы маем права ведаць, што тут адбываецца на нашай зямлі!»

У 19:36 суд накіраваўся на нараду для вынясеньня пастановы па справе. У 21 гадзіну судзьдзя Алена Місьнік абвясьціла вырак.

У камэнтары для «Свабоды» старшыня ІПУ «Плятформа» Андрэй Бандарэнка заявіў, што судовае паседжаньне ў Смалявічах уяўляе сабою «чарговую спробу ўлады й падпарадкаванага ёй суду запалохаць удзельнікаў пратэсту супраць будаўніцтва кітайска-беларускага тэхнапарку і актывістаў грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“, якія падтрымалі дачнікаў і вяскоўцаў, аказваюць ім інфармацыйную і юрыдычную дапамогу».

17:00 Журналіст Юры Ганчар прысутнічае ў залі суду ад пачатку паседжаньня. Яго меркаваньні й зьвесткі — адмыслова для «Свабоды»:

«На дадзены момант тут сабраліся больш за 20 чалавек. Гэта прадстаўнікі садовых таварыстваў Смалявіцкага раёну, а таксама тутэйшых вёсак, што знаходзяцца на тэрыторыі плянаванага будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Сярод іх — Валянціна Каляка, Юры Кабзараў ды іншыя.

Старшынюе на паседжаньні судзьдзя Смалявіцкага раёну Алена Місьнік. Яна, адзначу, на палітычных працэсах яшчэ не была заўважаная.

На судовы працэс прыехала таксама здымачная група БТ-1.

На суд у Смалявічы прыехаў і кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня „Плятформа“ Андрэй Бандарэнка».

Міхаіл Пашкевіч у Смалявіцкім судзе, фота zapraudu.info
У залі суду прысутнічаюць дачнікі й жыхары Смалявіцкага раёну. Як кажа жыхарка вёскі Заямнае Валянціна Каляка, людзі прыйшлі падтрымаць Андрэя Дзьмітрыева і Міхаіла Пашкевіча, бо чыноўнікі не жадаюць абараняць інтарэсы мясцовых жыхароў, якія могуць пацярпець ад беларуска-ітайскага праекта. У прыватнасьці, Валянціна Каляка расказвае, як ухіляецца ад прапанаванай сустрэчы з тутэйшым насельніцтвам віце-прэм’ер Анатоль Тозік:
Мясцовыя жыхары, якім ужо па 80 гадоў, у адзін голас гаварылі, што возьмуць сякеры і вілы, але сюды кітайцаў ня пусьцяць.

«Наша вёска Заямнае зьвярнулася да Анатоля Тозіка з тым, што мы хацелі б зь ім сустрэцца. Пра гэты мы напісалі яму ліст. Аднак у адказ прыйшло паведамленьне, што наш ліст адпраўлены ў аблвыканкам, а адтуль — у Смалявічы, і ўжо адтуль паведамілі нам — чытайце, маўляў, газэты і глядзіце тэлевізар... Таму мы ня верым Тозіку, а таксама ўраду...

Мясцовыя жыхары, якім ужо па 80 гадоў, у адзін голас гаварылі, што возьмуць сякеры і вілы, але сюды кітайцаў ня пусьцяць. Сваю зямлю не аддадуць!»

Андрэй Дзьмітрыеў — адзін зь лідэраў грамадзкай кампаніі «Гавары праўду», якая паводле дамовы аказвае дачнікам і жыхарам Смалявіцкага раёну партнэрскую дапамогу ў юрыдычных й інфармацыйных справах, заяўляе:
Ня даць магчымасьці ўладам зрабіць выгляд, што паразмаўлялі аб праблеме і на гэтым хопіць.

«Мы цяпер якраз на стадыі плянаваньня наступных крокаў. І таму магу ўдакладніць, што асноўнае зараз — не спыняцца. Ня даць магчымасьці ўладам зрабіць выгляд, што паразмаўлялі аб праблеме і на гэтым хопіць. Не! Трэба, каб улада ўсё-ткі прыняла рашэньні, якія будуць падпісаныя й зразумелыя людзям. Гэта патрэбна, каб да канкрэтных дакумэнтаў можна было зьвяртацца пазьней. Таму што цяпер гучаць толькі абяцанкі чыноўнікаў. А гэта ў сучаснай Беларусі каштуе няшмат. У прававой дзяржаве няма такога вымярэньня, як „абяцаньне чыноўніка“, а ёсьць вымярэньне закону, альбо канкрэтнай пастановы. Таму абяцаньні Тозіка ці іншых чыноўнікаў — гэта добра, але толькі ў выпадку, да прыкладу, гутаркі за кубкам кавы. А для разьвязаньня справы патрэбен канкрэтны дакумэнт».


Кітайска-беларускі парк

…плянуецца пабудаваць у паўднёва-заходняй частцы Смалявіцкага раёну, на захад ад Нацыянальнага аэрапорту «Менск-2». Ён мае разьмясьціцца на плошчы прыкладна 80 квадратных кілямэтраў, якія, як запэўніваюць беларускія ўлады (у прыватнасьці, намесьнік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік), свабодныя ад жылой забудовы (населеных пунктаў, садовых таварыстваў, дачных каапэратываў).

Дзейнасьць кітайска-беларускага індустрыяльнага парку будзе накіраваная на разьвіцьцё такіх галін, як машынабудаваньне, тонкая хімія, біямэдыцына, бытавая тэхніка й электроніка. Плянуецца таксама сфармаваць інфраструктуру для арганізацыі вытворчасьці і разьмяшчэньня супрацоўнікаў парку.

«Свабода» паведамляла, што яшчэ ў лютым 2012 году дачнікі Смалявіцкага раёну накіравалі пісьмовы зварот у адміністрацыю прэзыдэнта супраць намеру ўладаў перадаць зямлю інвэстарам з Кітаю. Пад зваротам свае подпісы паставілі амаль 400 уладальнікаў лецішчаў. У акцыях пратэсту ўдзельнічаюць жыхары 15 вёсак і гаспадары 30 садовых таварыстваў.